Людзі паглядзелі на яго, зноў апусцілі вочы долу і неспакойна заварушыліся на кукішках, пераносячы цяжар цела з адной нагі на другую.
Раздзел дваццаць пяты
Вясна ў Каліфорніі прыгожая. У далінах на фруктовых дрэвах духмяная, бела-ружовая квецень — як хвалі на марскім мелкаводдзі. Першыя вінаградныя вусікі на старых вузлаватых лозах каскадам спадаюць па ствалах. Шырокія зялёныя ўзгоркі робяцца акруглымі і пяшчотнымі, як жаночыя грудзі, а ў нізінах на агародных участках міля за міляй цягнуцца градкі бледна-зялёнай салаты, верацёнападобнай цвятной капусты і нейкіх вычварных, быццам незямных, шэра-зялёных артышокаў.
А потым на фруктовых дрэвах распускаецца лісце, пялёсткі ападаюць з кветак на зямлю і ўсцілаюць яе бела-ружовым дываном. Кветаножка набракае, расце, набывае колер: вішні і яблыкі, персікі і грушы, інжыр, які замыкае кветку ў сваім плодзе. Уся Каліфорнія наліваецца сокам, фрукты цяжэюць, галіны пакрысе згінаюцца пад іх грузам, і тады пад кожную падстаўляюць падпорку.
Пра ўрадлівасць клапоцяцца людзі ўдумлівыя, дасведчаныя і ўмелыя, яны праводзяць доследы з насеннем, безупынна ўдасканальваюць тэхніку атрымання высокіх ураджаяў раслін, карэнне якіх павінна адолець мільённую арду ворагаў зямлі: кратоў, насякомых, іржу і цвіль. Людзі гэтыя працуюць старанна і няспынна, паляпшаюць насенне і карані. А ёсць яшчэ хімікі — яны апырскваюць дрэвы, аберагаючы іх ад шкоднікаў, абкурваюць серай вінаградныя лозы, змагаюцца з грыбком, гніллю, з мучністай расой і з іншымі хваробамі раслін. Ёсць яшчэ і медыкі-прафілактыкі, пагранічныя інспектары, якія высочваюць пладовую муху і японскага жучка; каранцінныя наглядчыкі, якія вырываюць хворыя дрэвы з карэннем і паляць іх; усе яны спецыялісты ў сваёй справе. А тыя, хто прышчэплівае маладыя дрэўцы і тонкія вінаградныя лозы, — самыя ўмелыя, бо іх работа — гэта работа хірурга, такая ж далікатная і беражлівая: трэба мець рукі хірурга і сэрца хірурга, каб зрабіць надрэз на кары, укласці прышчэпак, перавязаць рану, ахаваць яе ад доступу паветра. Гэта выдатныя людзі.
Уздоўж радоў ідуць культыватары — падымаюць вясновы дзёран, пераварочваюць яго, каб зямля стала ўрадлівай, праразаюць арашальныя канаўкі, знішчаюць карэнне пустазелля, каб яно не высмактала вады, прызначанай дрэвам.
А плады набракаюць сокамі, і на вінаградных лозах паяўляюцца доўгія гронкі кветак. І па меры таго як вясна пераходзіць у лета, спёка мацнее, лісце робіцца цёмна-зялёным. Слівы становяцца падобныя на маленькія птушыныя яйкі зялёнага колеру, і галіны ўсім цяжарам асядаюць на падпоркі. Пачынаюць акругляцца маленькія цвёрдыя грушы, паяўляецца першы пушок на персіках. Вінаградны цвет губляе свае малюсенькія пялёсткі, і цвёрдыя пацеркі ператвараюцца ў маленькія зялёныя мячыкі, і мячыкі гэтыя цяжэюць. Людзі, што працуюць на палях, гаспадары невялікіх фруктовых садоў, прыглядаюцца да ўсяго гэтага і робяць разлікі. Год выдаўся ўраджайны. І людзі ганарацца сабой, бо іхнія веды дапамаглі ім дамагчыся добрага плёну. Веды іхнія ператварылі свет. Нізенькая, кволая пшаніца вырасла і налілася зернем. Маленькія кіслыя яблыкі сталі вялікімі і салодкімі, а вунь той дзікі вінаград, што віўся сярод дрэў, сваімі маленечкімі ягадкамі кормячы птушак, цяпер нарадзіў тысячу гатункаў — чырвоны і чорны, зялёны і бледна-ружовы, ліловы і жоўты, і ў кожнага гатунку свой смак. Людзі, што працуюць на доследных фермах, вывелі новыя фрукты — нектарыны, сорак сартоў сліў і грэцкія арэхі з тонкай, як папера, шкарлупінай. І людзі безупынна працуюць — селекцыяніруюць, робяць прышчэпкі, перайначваюць, не шкадуючы сябе, не шкадуючы зямлі.