Выбрать главу

Зямлю гэтую ён любіў не болей, чым любіў яе банк. Ён мог захапляцца трактарам — яго адшліфаванымі паверхнямі, яго магутнай сілай, выццём яго цыліндраў, але трактар не належаў яму. Трактар цягнуў за сабой бліскучыя дыскі, якія рэзалі зямлю вострымі лёзамі — не ворыва, а хірургічная аперацыя; узняты пласт падаў направа, а другі рад дыскаў крышыў яго і валіў налева. Вострыя лёзы ззялі, адпаліраваныя зямлёй, у якую яны ўгрызаліся. А за дыскамі ішлі бароны, жалезнымі зубамі прачэсвалі зямлю — разбівалі дробныя камякі і пакідалі за сабой гладкую паверхню. Следам за бараной цягнулася сеялка — дванаццаць жалезных дзетародных членаў, выкаваных на заводзе, па волі механізмаў вывяргалі семя, метадычна і бясстрасна гвалтуючы зямлю. Трактарыст сядзеў на жалезным сядзенні і ганарыўся прамымі барознамі, пракладзенымі міма яго жадання, ганарыўся трактарам, да якога не адчуваў любові і які яму не належаў, ганарыўся сілай, над якой не меў улады. А калі ўраджай выспяваў і яго збіралі, ніхто не размінаў гарачых камякоў зямлі пальцамі, не прасейваў яе між імі. Нічые рукі не дакраналіся да насення, ніхто з заміраннем сэрца не чакаў новых усходаў. Людзі елі тое, што яны не вырошчвалі, паміж імі і хлебам знікла сувязное звяно. Зямля радзіла пад жалезам і пад жалезам паволі памірала; яе ні любілі, ні ненавідзелі, да яе не звярталіся ні з малітвай, ні з праклёнамі.

Апоўдні трактарыст спыняўся каля фермерскага дамка і даставаў сняданак — сандвічы, загорнутыя ў васкаваную паперу: белы хлеб з марынаваным агурком, з сырам, з каўбасой і торцік з кляймом, як на дэталі машыны. Ён еў без смаку. А яшчэ не выселеныя арандатары выходзілі да яго з дамоў, з цікавасцю пазіралі, як ён знімае акуляры і гумавую маску, пад якімі засталіся белыя кружкі вакол вачэй і вялікі белы круг вакол носа і рота. Выхлапная труба ціха пафырквала, бо гаручае каштавала танна і не было ніякага сэнсу выключаць дызель, каб потым зноў праграваць яго. Цікаўныя дзеці абступалі яго чародкай, абарваныя дзеці з аладкамі ў руках. Яны адкусвалі па кавалачку і прагнымі вачамі сачылі, як трактарыст раскручвае з паперы сандвічы, завостранымі ад голаду насамі ўдыхалі пах агуркоў, сыру, каўбасы. Яны не загаворвалі з трактарыстам, толькі ўважліва сачылі за рукой, што падносіла ежу да рота. Яны не глядзелі, як ён жуе, — іх вочы не адрываліся ад рукі, у якой ён трымаў сандвіч. А неўзабаве падыходзіў арандатар, які адмаўляўся пакідаць свой участак, прысаджваўся на кукішкі ў цяні трактара.

— Ці не сын ты Джона Дэвіса?

— Ён самы, — адказваў трактарыст.

— Навошта ж ты пайшоў на такую работу — супраць сваіх?

— Тры даляры ў дзень. Надакучыла поўзаць перад кожным з-за кавалка хлеба. У мяне жонка і дзеці. Трэба ж нешта есці. Тры даляры ў дзень і пастаянная праца.

— Усё так, — гаварыў арандатар. — Але праз твае тры даляры пятнаццаць ці дваццаць сем'яў сядзяць галодныя. Ледзь не сотні людзей давялося зняцца з месца, і цяпер усе яны блукаюць па дарогах. Усё праз твае тры даляры ў дзень. Ці ж гэта справядліва?

Трактарыст адказваў:

— Я пра ўсіх думаць не магу. Мая справа думаць пра сваіх дзяцей. Тры даляры ў дзень і пастаянна. Цяпер зусім іншы час, містэр, хіба не ведаеце? Калі ў цябе няма двух, пяці, дзесяці тысяч акраў зямлі і трактара, на жыццё не заробіш. Такой драбязе, як мы з вамі, няма чаго і думаць пра свой участак. Вы ж не станеце скандаліць з тае прычыны, што не можаце выпускаць «форды» альбо кіраваць тэлефоннай кампаніяй? Тое самае і з зямлёй. Нічога не зробіш. Пашукайце лепш дзе-небудзь работу за тры даляры ў дзень. Адзінае выйсце.