Выбрать главу

Вочы ў Ружы Сарона на момант пасвятлелі, але яна адразу адвяла іх убок.

— У мяне вушы не праколатыя.

— А мы іх зараз праколем. — Маці зноў паспешліва пайшла ў палатку і вярнулася з кардоннай скрыначкай у руках. Яна хуценька ўцягнула нітку ў іголку, здвоіла яе і завязала на ёй некалькі вузельчыкаў. Пасля прасунула нітку ў другую іголку, таксама завязала на ёй вузельчыкі і выняла са скрыначкі кавалак корка.

— Ой, забаліць, забаліць! — спужалася Ружа Сарона.

Маці падышла да дачкі, паклала корак ёй пад мочку вуха і пракалола яе, канец іголкі ўпёрся ў корак.

Ружа Сарона скурчылася:

— Ой, коле! Мне будзе балець.

— Мацней балець не будзе.

— Будзе, будзе!

— Ну добра. Давай спярша глянем з другога боку. — Маці падклала корак пад другое вуха і пракалола іголкай мочку.

— Балець будзе!

— Ціха! — сказала маці. — Гэта ўсё.

Ружа Сарона здзіўлена паглядзела на яе. Маці перарэзала ніткі, зняла іголкі і ўцягнула ў абедзве мочкі па вузельчыку.

— Ну вось, — сказала яна. — Цяпер будзем кожны дзень працягваць па вузельчыку, праз два тыдні загаіцца, і ты зможаш надзець завушніцы. Вазьмі, цяпер яны твае. Схавай пакуль дзе.

Ружа Сарона асцярожна памацала вушы і паглядзела на кропелькі крыві, што засталіся на пальцах.

— Зусім не баліць. Толькі крышачку ўкалола.

— Даўно трэба было гэта зрабіць. — Маці глянула дачцэ ў твар і пераможна ўсміхнулася. — Ну канчай з талеркамі. Дзіця будзе ў цябе добрае. Ледзь не забылася, што табе ўжо хутка, а вушы не праколатыя. Ну, цяпер не страшна.

— А хіба гэта мае якое-небудзь значэнне?

— А як жа. Вядома, мае значэнне.

Эл шпацырнай хадою ішоў між палатак у бок танцавальнай пляцоўкі. Каля адной палаткі ён ціхенька свіснуў і пакрочыў далей. За рысай лагера ён сеў на траву.

Чырвоная акаймоўка воблакаў, што сабраліся на захадзе, цяпер ужо пагасла, і асяродак у іх пачарнеў. Эл пачухваў ногі і пазіраў у вячэрняе неба.

Праз некалькі хвілін да яго падышла бялявая дзяўчына, мілавідная, з выразнымі рысамі твару. Яна моўчкі апусцілася на траву побач з Элам. Ён абняў яе за талію, і пальцы яго пачалі забірацца крыху вышэй.

— Кінь, — сказала дзяўчына. — Козытна.

— Заўтра мы едзем, — сказаў Эл.

— Заўтра? Куды? — Дзяўчына спалохана паглядзела на яго.

— Далей, на поўнач, — безуважна прамовіў Эл.

— Але ж мы збіраліся пажаніцца, ці ж не так?

— Ну і пажэнімся, калі-небудзь.

— Ты ж казаў, што зусім хутка! — занервавалася дзяўчына.

— Хутка бывае па-рознаму.

— Ты ж абяцаў! — Пальцы яго забраліся яшчэ вышэй. — Адчапіся, — крыкнула дзяўчына. — Ты казаў, што пажэнімся.

— Ну і пажэнімся.

— Але ж ты едзеш.

— Што ты захвалявалася так? Цябе на кісленькае пацягнула?

— Не.

Эл засмяяўся:

— Выходзіць, я марна час патраціў, га?

Дзяўчына задрала падбародак, ускочыла на ногі.

— Ідзі прэч, Эл Джоўд! І бачыць цябе больш не хачу.

— Ды кінь ты. Што з табой?

— Уявіў сябе ўдальцом залётным!

— Ды пачакай хвілінку.

— Думаеш, я пайду з табой? А як жа! Быццам у мяне іншых няма.

— Ну пачакай!

— Не, сэр! Ідзі прэч!

Раптам Эл ірвануўся наперад, злавіў яе за шчыкалатку і пацягнуў да сябе. Дзяўчына ўпала, ён схапіў яе, моцна абняў і заціснуў рукою яе скажоны злосцю рот. Яна спрабавала ўкусіць руку, але ён выгнуў далонь, а другой рукой прыціснуў яе да зямлі. І праз момант дзяўчына заціхла, а яшчэ праз момант яны ўжо хіхікалі, лежачы ў сухой траве.

— Мы хутка вернемся, — гаварыў Эл. — У мяне будуць поўныя кішэні грошай. Паедзем з табой у Галівуд, у кіно будзем хадзіць.

Яна ляжала на спіне. Эл нахіліўся над ёю. І ўбачыў у вачах у яе адбітак яркай вячэрняй зоркі, і ўбачыў у вачах у яе адбітак чорных воблакаў.

— Мы паедзем на цягніку, — сказаў ён.

— А калі, ты думаеш, гэта будзе? — запыталася яна.

— Ну, можа, праз месяц, — адказаў ён.

Апусціўся вячэрні змрок. Бацька і дзядзька Джон сядзелі на кукішках каля канторы разам з іншымі галовамі сем'яў. Перад вачамі ў іх была ноч і невядомая будучыня. Маленькі адміністратар у пацёртым бездакорна белым касцюме стаяў, абапёршыся локцямі на парэнчы ганка. Твар у яго быў зямлісты, асунуты.

Хастан глянуў на яго і сказаў:

— Вы пайшлі б трохі паспалі, містэр.

— Ага, не шкодзіла б. Мінулай ноччу ў трэцім аддзяленні былі роды. Яшчэ трохі, і я сапраўднай павітухай стану.