Выбрать главу

— Ма!

— Што табе? Ты не спіш?

— Ма… а там… ну куды мы едзем, кракет будзе?

— Адкуль я ведаю. Спі. Заўтра рана ад'язджаем.

— Лепш застанемся, тут ёсць кракет, а там?

— Ш-шш!..

— Ма, Уінфілд вечарам набіў аднаго хлопчыка.

— Дрэнна зрабіў.

— Ага, дрэнна. Я яму так і сказала. Ён яго па носе ляснуў. Кроў так і хлынула, а божа мой!

— Не трэба так гаварыць. Так гаварыць нядобра.

Уінфілд павярнуўся тварам да іх.

— Ён абазваў нас Окі! — з абурэннем сказаў ён. — А пра сябе кажа: я не Окі, я з Арэгона, а вы паганыя Окі. Ну я яму і даў.

— Ш-шш… Дрэнна зрабіў. Ад яго мянушак табе шкоды ніякай.

— А я не хачу, каб ён абзываў нас, — са злосцю сказаў Уінфілд.

— Ш-ш… Спіце.

Руці сказала:

— Ты бачыла б — кроў як хлыне, усю кашулю яму заліла.

Маці высунула руку з-пад коўдры і лёгенька ўдарыла Руці пальцам па шчацэ. Дзяўчынка замерла на міг, потым зашмыгала носам і ціха заплакала.

У санітарным блоку, у дзвюх суседніх кабінках, сядзелі бацька і дзядзька Джон.

— Хоць напаследак добра пасядзім, — сказаў бацька. — Добрая прыбіральня. Памятаеш, як малыя напалохаліся, калі першы раз ваду спусцілі?

— Я і сам адчуваў сябе ніякавата, — сказаў дзядзька Джон. Ён акуратна падцягнуў штаны да каленяў. — Кепска мне. Адчуваю, што хутка зноў саграшу.

— Не саграшыш. Ты ж зусім без грошай. Мацуйся. Грэх абыдзецца даляры ў два, не менш, а ў нас такіх грошай няма.

— Няма. Але ў мяне думкі грэшныя.

— Ну што ж. Думаць можна і бясплатна.

— Усё роўна грэх.

— Затое куды танней.

— Ты з грэхам не жартуй.

— Я не жартую. Давай грашы. Ты заўсёды носішся са сваімі грахамі, якраз калі чорт ведае што робіцца.

— Гэта праўда, — сказаў дзядзька Джон. — Са мной заўсёды так. Але вы і паловы маіх грахоў не ведаеце.

— Ну і трымай іх пры сабе.

— Вось і з гэтымі ўнітазамі так — сяджу, а сам адчуваю — грэх.

— Тады ідзі ў кусты. Ну, падцягвай штаны, і пойдзем хоць трохі паспім. — Бацька надзеў на плечы шлейкі камбінезона і зашпіліў спражку. Потым спусціў ваду і доўга стаяў, задуменна пазіраючы, як яна бурліць у ракавіне.

Было яшчэ цёмна, калі маці разбудзіла сваю сям'ю. Праз расчыненыя дзверы санітарных блокаў сачылася кволае святло дзяжурных начных лямпачак. З суседніх палатак даносіліся разнастайныя гукі пахрапвання.

— Падымайцеся, вылазьце з палаткі, — сказала маці. — Час ужо ехаць. Хутка развіднее. — Яна падняла скрыпучы шчыток ліхтара і запаліла кнот. — Уставайце ўсе, уставайце!

На зямлі пад брызентавым навесам ляніва заварушыліся, скінулі з сябе байкавыя і ватовыя коўдры, сонныя вочы жмурыліся на святло. Маці нацягнула сукенку на кашулю, у якой спала.

— Кавы няма, — гаварыла яна. — Ёсць некалькі бліноў. Іх можна з'есці ў дарозе. Ну, падымайцеся, будзем грузіцца на машыну. Давайце, давайце! Толькі цішэй, а то суседзяў пабудзім.

Прайшло яшчэ некалькі хвілін, перш чым Джоўды канчаткова стрэслі з сябе сон.

— Нікуды не бегаць! — папярэдзіла маці Ўінфілда і Руці. Усе апрануліся. Мужчыны знялі брызент з распоркі і пачалі грузіць рэчы на машыну. — Раўней кладзіце, каб было зручна, — сказала маці. Яны паклалі зверху матрацы і перакінулі брызент цераз папярочную жэрдку.

— Ну вось, ма, — сказаў Том. — Можна ехаць.

У маці ў руцэ была талерка з халоднымі блінамі.

— Добра. Бярыце па адным. Больш у нас нічога няма.

Руці і Ўінфілд схапілі па бліну і залезлі на паклажу. Там яны ўкрыліся коўдрай і заснулі, не выпускаючы з рук халодных зачарсцвелых бліноў. Том сеў за руль, націснуў на стартэр. Ён хрыпла загуў і праз момант сціх.

— Каб цябе чорт, Эл! — вылаяўся Том. — У цябе ж акумулятар сеў.

Эл прыйшоў у лютасць:

— А як яго, халеру, перазарадзіш, калі бензіну ў абрэз?

Том крыва ўсміхнуўся:

— Ну не ведаю, але гэта твая віна. Цяпер давядзецца заводзіць уручную.

— Кажу ж табе, не мая.

Том вылез з кабіны і дастаў з-пад сядзення завадную ручку.

— Выходзіць, мая, — сказаў ён.

— Давай сюды. — Эл схапіў завадную ручку. — Пастаў на позняе, а то руку мне адарве.

— Добра. Ну, задай жару.

Эл круціў з усяе сілы — адзін абарот, другі, яшчэ і яшчэ. Нарэшце матор завёўся, зафыркаў, потым зароў. Том асцярожна прыглушыў яго — пераставіў запальванне на больш ранняе і паменшыў падачу газу.

Маці села побач з ім.

— Гэтак увесь лагер перабудзім, — сказала яна.

— Нічога, зноў заснуць.

Эл улез у кабіну з другога боку.

— Тата з дзядзькам Джонам селі наверх, — сказаў ён. — Хочуць даспаць.