Выбрать главу

Грузавік пад'ехаў да галоўных варот лагера. Вартаўнік выйшаў з канторы і правёў промнем ліхтара па машыне.

— Хвілінку пачакайце, — сказаў ён.

— А што такое?

— Вы зусім адсюль едзеце?

— Зусім.

— Тады трэба вас выкрэсліць.

— Выкрэслівайце.

— Куды кіруеце?

— Хочам падацца крыху далей на поўнач.

— Ну, жадаю шчасця.

— І мы вам таксама. Бывайце.

Грузавік асцярожна абагнуў насып. Том вёў машыну па той самай дарозе, па якой яны прыехалі ў лагер, — міма гарадка Ўідпэтч і далей на захад, да шашы № 99, а там — на поўнач па шырокай шашэйнай дарозе, якая вяла да Бейкерсфілда. Ужо развіднела, калі яны пад'ехалі да гарадской ускраіны.

Том сказаў:

— Куды ні кінь вокам, усюды рэстараны. І ў кожным каву падаюць. А вунь, гляньце, начны рэстаран яшчэ працуе. Ручаюся, у іх хоць заліся гарачанькай!

— Заткніся ты! — сказаў Эл.

Том ашчэрыўся ўсмешкай:

— А ты, як я пагляджу, паспеў ужо падчапіць дзяўчыну ў лагеры.

— Ну і што?

— Сёння ён у нас нешта вельмі зласлівы. Дрэнная мне кампанія.

Эл раздражнёна буркнуў:

— Хутка я адаб'юся ад вас. Аднаму, без сям'і, нашмат лягчэй.

— Праз дзевяць месяцаў у цябе ў самога сям'я будзе, — сказаў Том. — Думаеш, не бачыў, як ты стараўся?

— Не дуры, — сказаў Эл. — Я ў гараж наймуся, буду ў рэстаранах есці.

— А праз дзевяць месяцаў абзавядзешся жонкай з дзіцем.

— Не, гэтага не будзе.

— Надта разумны ты стаў, Эл. Глядзі, каб па галаве табе добра не далі.

— Хто гэта?

— Заўсёды знойдзецца хто.

— Думаеш, калі ты сам…

— Ну хопіць, спыніся, — не дала Элу дагаварыць маці.

— Я першы пачаў, — сказаў Том. — Захацелася падражніць яго. Я гэта без злосці, Эл. Не ведаў, што ты так прывязаўся да гэтай дзяўчыны.

— Няма такой дзяўчыны, да якой я вельмі ўжо прывязаўся б.

— Ну не, дык не. Пасварыцца са мной табе не ўдасца.

Грузавік выязджаў з горада.

— Вунь колькі тут забягалавак з гарачымі сасіскамі — цэлая процьма, — сказаў Том.

Маці сказала:

— Я адзін даляр прыхавала, Том. Табе вельмі хочацца кавы? На, бяры.

— Не, ма. Я проста так, жартам.

— Бяры, калі табе ўжо так захацелася.

— Не, не вазьму.

Эл сказаў:

— Тады сціхні — кава, кава!

Том памаўчаў. Потым сказаў:

— Быццам толькі ўчора тут быў. Вось і дарога, па якой мы той ноччу ехалі.

— Спадзяюся, з намі нічога такога ўжо ніколі не здарыцца, — сказала маці. — Жахлівая была ноч.

— Ага, нядобрая.

Справа ад іх узыходзіла сонца, і вялікі цень ад грузавіка бег збоку па дарозе, скачучы па штыкетніку. Яны ехалі паўз адбудаваны нанава Гувервіль.

— Гляньце, — сказаў Том. — Тут зноў жывуць. Быццам нічога і не здарылася.

Кепскі настрой памалу пакінуў Эла.

— Мне адзін расказваў, што ў некаторых лагерах пятнаццаць ужо ці дваццаць разоў усё дашчэнту спальвалі. Людзі адседзяцца ў лазняку і зноў робяць сабе якую-небудзь буду з пустазелля. Як суслікі. Так ужо прывыклі да гэтага, быццам і гора ім мала. Ім гэта як непагадзь.

— Ага, мне тая ноч таксама як непагодлівая была, — сказаў Том. Яны ехалі ўсё далей і далей па шырокай шашы. Ад цеплаватых сонечных промняў па крыху астылым целе прабягалі дрыжыкі. — А раніцамі пачынае ўжо пашчыпваць. Хутка ўжо зіма. Хоць бы трохі грошай зарабіць да халадоў. Зімой у палатцы не пасядзіш.

Маці ўздыхнула, падняла галаву.

— Том, — сказала яна, — зімой трэба жыць у доме. Разумееш? Руці яшчэ нічога, а Ўінфілд зусім стаў слабенькі. Да прыходу дажджоў у нас павінен быць дом. У гэтых краях, кажуць, як з вядра лье.

— Знойдзем домік, ма. Ты не хвалюйся. Будзе табе дом.

— Абы дах над галавой быў і падлога пад нагамі, каб дзеткі не на голай зямлі спалі.

— Пастараемся, ма.

— Больш я даймаць цябе не буду.

— Зробім, ма.

— Мне проста іншы раз страшна робіцца. Усю храбрасць сваю губляю.

— Нешта не бачыў я, каб ты яе калі-небудзь згубіла.

— Начамі бывае.

Недзе наперадзе пачулася рэзкае шыпенне. Том моцна абхапіў рукамі абаранак руля і да канца націснуў на тормаз. Грузавік здрыгануўся і стаў.

— Ну вось і ўсё, — уздыхнуў Том і адкінуўся на спінку сядзення.

Эл выскачыў з кабіны і падбег да пярэдняга правага кола.

— Цвік! І які вялікі!

— Чым залатаць ёсць?

— Няма, — адказаў Эл. — Усё чыста ў ход пусцілі. Гума дык ёсць, а клею няма.

Том глянуў на маці і сумна ўсміхнуўся:

— Не трэба было табе пра свой даляр гаварыць. Мы як-небудзь і без яго адрамантавалі б. — Ён вылез з машыны і падышоў да спушчанага кола.