Выбрать главу

Эл паказаў на доўгі тоўсты цвік, што тырчаў у сплюшчанай пакрышцы.

— Вунь які!

— Калі ва ўсім наваколлі ёсць хоць адзін-адзінюткі цвік, мы абавязкова напорамся на яго, — сказаў Том.

— Што-небудзь сур'ёзнае? — крыкнула ім маці.

— Не, не вельмі, а ўсё ж рамонт.

Усе саскочылі з паклажы на дарогу.

— Пракол? — запытаўся бацька, убачыў спушчаную шыну і замаўчаў.

Том папрасіў маці падняцца і дастаў з-пад сядзення бляшанку з гумай для латання камер. Ён разгарнуў палоску гумы, узяў цюбік з клеем і лёгенька сціснуў яго пальцамі.

— Амаль зусім пусты, — сказаў ён. — Можа, і хопіць. Ну добра, Эл, падкладзі што-небудзь пад заднія колы. Будзем падымаць дамкратам.

Том і Эл працавалі дружна. Падклалі камяні пад заднія колы, падставілі дамкрат пад пярэднюю вось, паднялі правае кола і знялі з яго праколатую шыну. Потым знайшлі дзірку на камеры, намачылі ў бензабаку анучку і працёрлі камеру на месцы праколу. Эл туга расцягнуў камеру на каленях, Том разарваў цюбік напалам, сцізорыкам наклаў на гуму тонкі слой клею і старанна размазаў яго вакол дзіркі.

— Цяпер няхай падсохне, а я пакуль што латку выражу. — Том падраўняў краі і скасіў кант сіняй латкі. Эл зноў расцягнуў камеру, і Том асцярожна паставіў латку. — Вось так. Цяпер пакладзі яе на падножку, а я прыпляскаю. — Ён нямоцна ўдарыў некалькі разоў малатком, потым расправіў камеру і ўважліва агледзеў краі латкі. — Ну вось! Па-мойму, вытрымае. Надзявай на вобад, мы яе напампуем. Твой даляр, ма, здаецца, уцалее.

Эл сказаў:

— Вось каб была ў нас запаска! Трэба мець запасную камеру, Том, і каб яна была ўжо на вобадзе і надзьмутая. Тады ніякі пракол і ноччу не страшны.

— Калі ў нас будзе столькі грошай, што хопіць на запасны скат, мы купім на іх кавы і мяса, — сказаў Том.

Рэдкія ў гэты ранні час машыны шпарка праносіліся па шашы, сонца ярчэла і пачынала мацней прыграваць. З паўднёвага захаду лёгкімі, як дыханне, павевамі дзьмуў пяшчотны ветрык, і горы абапал шырокай даліны ледзь праступалі праз перламутравы туман.

Том пампаваў камеру, калі на другім баку дарогі раптам спынілася легкавая машына, што ішла з поўначы. З яе вылез чалавек у светла-шэрым касцюме і пайшоў цераз шашу да грузавіка. Капелюша на ім не было. Загарэлы твар яго расплыўся ў белазубай усмешцы. На безыменным пальцы левай рукі блішчаў масіўны залаты пярсцёнак. На тонкім ланцужку, прычэпленым да камізэлькі, матляўся маленькі залаты шарык у выглядзе футбольнага мяча.

— Добрай раніцы, — ветліва павітаўся чалавек.

Том адарваў вочы ад ручной помпы, падняў галаву.

— Добрай раніцы, — адказаў ён.

Чалавек правёў пальцамі па падстрыжаных «пад вожык» крыху ўжо пасівелых валасах.

— Вы, можа, работу шукаеце?

— Канешне, шукаем, містэр. Пад усе масніцы зазіраем.

— Персікі збіраць умееце?

— Ніколі яшчэ не збіралі, — адказаў бацька.

— Мы ўсё ўмеем, — паспешліва прагаварыў Том. — Усё, што толькі ёсць, умеем збіраць.

Чалавек пакратаў пальцам залаты мячык на ланцужку.

— Дык вось, міль за сорак адсюль на поўнач колькі хочаце работы.

— Мы б з ахвотай папрацавалі, — сказаў Том. — Растлумачце, як туды дабрацца, і мы наўскач панясёмся.

— Кіруйце да Пікслі — гэта трыццаць пяць ці трыццаць шэсць міль адсюль, там павернеце на ўсход. Праедзеце міль шэсць і спытаеце ферму Гупера. Працы там хоць адбаўляй.

— Так і зробім.

— Можа, вы ведаеце, дзе яшчэ ёсць людзі, што шукаюць працу?

— Канешне, ведаем, — адказаў Том. — У лагеры каля Ўідпэтча такіх шмат знойдзецца.

— Пад'еду туды. Набраць многа можам. Дык не забудзьцеся — ад Пікслі на ўсход і так трымаць да самай фермы Гупера.

— Так і зробім, — паўтарыў Том. — Вялікі вам дзякуй, містэр. Нам праца да зарэзу патрэбна.

— Добра. Едзьце і не марудзьце. — Чалавек перайшоў дарогу, сеў у сваю машыну і пакіраваў на поўдзень. Том налёг на ручку помпы.

— Па дваццаць разоў будзем, — сказаў ён. — Раз, два, тры, чатыры… — Пасля дваццаці за помпу ўзяўся Эл, за ім бацька, потым дзядзька Джон. Пакрышка разадзьмулася, стала пухлай і гладкай. Кожны браўся за помпу па тры разы. — Цяпер давайце апусцім, глянем.

Эл аслабіў дамкрат, пярэдняя вось апусцілася.

— Добра надзьмулі, — сказаў ён. — Можа, нават і залішне.

Яны пакідалі інструмент у кабіну.

— Ну, усе па месцах, паехалі, — крыкнуў Том. — Нарэшце работа ў нас будзе.

Маці зноў села пасярэдзіне. За руль цяпер узяўся Эл.

— Лягчэй, Эл. Не перагрэй матора.

Яны ехалі ўсцяж залітых ранішнім сонцам палёў. Туман падняўся ўжо над вяршынямі ўзгоркаў, і яны віднеліся цяпер выразна — бурыя, з цёмна-ліловымі складкамі. Дзікія галубы ўзляталі з агароджаў пры набліжэнні грузавіка. Эл мімаволі павялічыў скорасць.