Выбрать главу

Яны праехалі гарадок і павярнулі на ўсход па вузейшай дарозе. Фруктовыя сады абапал шашы ператварылі яе ў калідор.

— Думаю, ферму знойдзем лёгка, — сказаў Том.

Маці сказала:

— Ён гаварыў, што ферма належыць Гуперу і што кожны пакажа дарогу. Відаць, там і крама паблізу ёсць. Магчыма, у доўг дадуць — усё ж чацвёра працуюць. Я згатавала б добрую вячэру, толькі каб у доўг далі. Можа, нават і мяса ўволю стушу…

— І кавы вазьмі, — сказаў Том. — І, можа, нават пачак «Дэрэма». Свайго тытуню я ўжо век, здаецца, не паліў.

Далёка наперадзе дарога была блакіравана скопішчам машын, а ўздоўж абочын ланцугом стаялі белыя матацыклы.

— Няйначай, аварыя, — вырашыў Том.

Калі яны набліжаліся да хваставой машыны, з-за яе выйшаў палісмен у высокіх шнураваных чаравіках і з афіцэрскай партупеяй. Ён падняў руку, і Эл спыніў грузавік. Палісмен спакойна прынік да акенца кабіны:

— Куды едзеце?

— Нам казалі, што недзе тут блізка збіраюць персікі, — адказаў Эл.

— На працу хочаце ўладкавацца?

— Ага, хочам, — адказаў Том.

— Добра. Пачакайце хвілінку. — Палісмен падышоў да краю дарогі і крыкнуў камусьці наперадзе:— Яшчэ адна машына! Цяпер усяго шэсць. Прапусцім усю калону.

Том крыкнуў яму:

— Гэй! Што тут такое?

Патрульны, не спяшаючыся, вярнуўся.

— Там нейкая затрымка. Вы не хвалюйцеся — праедзеце. Толькі без абгону.

Застракаталі матацыклетныя маторы. Машыны рушылі наперад, грузавік Джоўдаў ішоў апошні. Двое матацыклістаў ехалі наперадзе, двое ззаду.

Том затрывожыўся:

— Не разумею, у чым справа.

— Можа, аб'езд, — выказаў здагадку Эл.

— Дык навошта тады гэтыя матацыклісты? Не падабаецца нешта мне гэта.

Пярэднія матацыклы прыбавілі скорасць. Калона старых машын таксама пайшла шпарчэй. Эл стараўся не адстаць.

— У гэтых машынах такія ж людзі, як мы, — сказаў Том. — Не па нутры мне гэта.

Раптам матацыклы ў галаве калоны збочылі з шашы на пасыпаную жвірам пад'язную дарогу. Машыны павярнулі за імі. Матацыклы імчаліся з аглушальным трэскам. Уздоўж дарогі, у кювеце, Том убачыў людзей — усе мужчыны, убачыў іх раскрытыя раты — відаць, яны нешта крычалі, убачыў іх сціснутыя кулакі і гнеўныя твары. Нейкая тоўстая жанчына кінулася да машын, але адзін з матацыклістаў перарэзаў ёй дарогу. Высокія сеткаватыя вароты расчыніліся, усе шэсць машын заехалі ў іх, і вароты зачыніліся. Матацыклы развярнуліся і на вялікай хуткасці панесліся назад. Цяпер, калі грукат матацыклетных матораў сціх, сталі чутны крыкі людзей, што тоўпіліся ў прыдарожнай канаве. За варотамі, на ўсыпанай жвірам дарозе, былі двое з драбавікамі. Адзін з іх закрычаў:

— Далей, далей, давайце далей! Чаго сталі?

Машыны паехалі наперад, потым усе шэсць павярнулі налева і апынуліся ў лагеры для зборшчыкаў фруктаў. У ім было пяцьдзесят маленькіх домікаў, падобных да скрынь — пляскаты дах, адно акенца і дзверы. Гэтыя домікі-скрыні стаялі правільным прамавугольнікам. У канцы лагера ўзвышалася цыстэрна з вадой. З другога боку была маленькая бакалейная крамка. Уздоўж кожнага рада домікаў па двое расхаджвалі людзі з драбавікамі; на кашулях у іх былі вялікія сярэбраныя зоркі.

Машыны спыніліся. Двое канторшчыкаў абышлі ўсе шэсць па чарзе.

— На працу хочаце наняцца?

— Вядома, хочам. Але што тут такое робіцца?

— Вас гэта не датычыцца. Праца вам патрэбна?

— Ну я ж сказаў.

— Прозвішча?

— Джоўд.

— Мужчын колькі?

— Чацвёра.

— Жанчын?

— Дзве.

— Дзяцей?

— Двое.

— Працаваць усе могуць?

— Думаю, усе.

— Добра. Знайдзіце домік нумар шэсцьдзесят тры. Плата — пяць цэнтаў за скрыню. Пабітыя фрукты не прымаем. Ну едзьце. Адразу ж выходзьце на працу.

Машыны паехалі далей. На дзвярах кожнага доміка, афарбаванага ў чырвоны колер, быў намаляваны нумар.

— Шэсцьдзесят. Тут шасцідзесяты, — сказаў Том. — Значыць, крыху далей. Шэсцьдзесят адзін, шэсцьдзесят два… Вось і наш.

Эл падвёў грузавік да самых дзвярэй доміка. Верхнія пасажыры саскочылі з машыны і пачалі разгублена азірацца па баках. Да доміка падышлі двое шэрыфавых памагатых. Яны пільна ўглядаліся кожнаму мужчыну ў твар.

— Прозвішча?

— Джоўд, — нецярпліва адказаў Том. — Скажыце, што тут у вас адбываецца?

Адзін палісмен выняў з кішэні доўгі спіс.

— У мяне такое не значыцца. Табе яно ніколі на вочы не траплялася? Правер па нумары машыны.

— Не, такога ў мяне няма. Як быццам усё ў парадку.

— Цяпер слухайце. Не рабіце нам ніякіх непрыемнасцей. Займайцеся сваёй справай, не лезьце, куды вас не просяць, і ўсё будзе добра. — Абодва палісмены крута павярнуліся і пайшлі. У канцы пясчанай вулачкі яны селі на скрыні, адкуль маглі назіраць за ўсім радам домікаў.