Выбрать главу

— Добры вечар, — павіталася маці.

Прадавец з цікавасцю паглядзеў на яе. Дуга над яго вачамі паднялася яшчэ вышэй.

— Добры вечар, — адказаў ён.

— У мяне квіток на даляр.

— Можаце на даляр узяць, — сказаў прадавец і віскліва хіхікнуў. — Вось так. На адзін даляр. На цэлы даляр. — Ён павёў рукой, паказваючы на свой тавар. — Што хочаце бярыце. — Ён акуратна паправіў нарукаўнікі.

— Думаю мяса ўзяць.

— У нас мяса ёсць усякае. Вось, напрыклад, фарш. Возьмеце фаршу? Дваццаць цэнтаў фунт.

— Ці не завельмі дорага? Па-мойму, апошні раз я брала за пятнаццаць.

— Правільна, — зноў ціха хіхікнуў прадавец. — Але ў той жа час не так ужо і дорага. А паедзеце па фарш у горад, амаль галон бензіну спаліце. Выходзіць, не так у нас і дорага. І бензіну ў вас, відаць, няма.

Маці строга сказала:

— У вас жа не пайшоў галон бензіну, каб прывезці гэтае мяса сюды.

Прадавец весела засмяяўся:

— Вы ўсё дагары нагамі перавярнулі. Мы мяса не купляем, а прадаем. А каб куплялі, ну што ж, тады справа іншая.

Маці прыклала два пальцы да губ і засяроджана насупіла бровы.

— Тут адзін тлушч і храсткі.

— За гэтае мяса я не ручаюся, можа, яно і не зварыцца. І за тое, што сам еў бы яго, таксама не ручаюся. Ды мала чаго я не рабіў бы.

Маці гнеўна глянула на яго, але спакойным тонам запыталася:

— А таннейшае мяса ёсць?

— Булённыя косткі, — адказаў прадавец. — Дзесяць цэнтаў фунт.

— Тут жа адны косткі.

— Адны косткі, — пацвердзіў прадавец. — Смачны суп будзе. Наварысты.

— А супавае мяса ёсць?

— Безумоўна. Дваццаць пяць цэнтаў.

— Давядзецца, відаць, без мяса абысціся. Але і мяса хочацца. Прасілі мяса ўзяць.

— Мяса ўсім хочацца, яно ўсім патрэбна. Вось добры фарш. Сала вытапіце, пойдзе на падліўку. Добры фарш. Нічога ў глум не пойдзе. Костак выкідаць не давядзецца.

— А пачым… пачым бакавіна?

— Вунь куды махнулі! Гэта ядуць толькі на Каляды і ў Дзень дзякавання. Трыццаць пяць цэнтаў фунт. Каб у мяне была індзейка, я б вам яе танней прадаў.

Маці ўздыхнула:

— Дайце два фунты фаршу.

— Слухаю, мэм. — Прадавец лапаткай паклаў бледнага фаршу на навошчаную паперу. — Што вам яшчэ?

— Хлеба.

— Калі ласка. Вялікі бохан пятнаццаць цэнтаў.

— Цана яму дванаццаць.

— Зусім правільна. Едзьце проста ў горад і купляйце за дванаццаць. Галон бензіну. Што яшчэ возьмеце? Бульбу?

— Ага, бульбу.

— Чвэрць даляра пяць фунтаў. Маці пагрозліва пасунулася да яго:

— Наслухалася я ад вас тут — хопіць! Я ведаю, якія цэны ў горадзе.

Маленькі прадавец падціснуў губы:

— Тады едзьце ў горад.

Маці паглядзела на сваю сціснутую ў кулак руку.

— Што ж гэта такое? — ціха сказала яна. — Вы гаспадар крамы?

— Не. Я толькі прадавец.

Навошта ж вы падсмейваецеся? Вам лягчэй ад гэтага? — Маці глянула на свае сцёртыя да бляску маршчыністыя рукі. — Хто ж тут гаспадар?

— Акцыянернае таварыства «Ферма Гупера», мэм.

— Яна і цэны вызначае?

— Так, мэм.

Маці падняла на яго вочы і слаба ўсміхнулася.

— Усе, хто сюды прыходзіць, вось так злуюць на вас?

Прадавец памаўчаў крыху, перш чым адказаць.

— Так, мэм.

— І таму вы жарты строіце?

— Што вы маеце на ўвазе?

— Такім паганствам займаецеся. Вам і самому сорамна, га? Мусіце аджартоўвацца? — Голас у маці гучаў мякка. Прадавец, як зачараваны, пазіраў на яе і маўчаў. — Значыць, так, — сказала яна. — Сорак цэнтаў — мяса, пятнаццаць — хлеб, дваццаць пяць — бульба. Усяго восемдзесят цэнтаў. А кава колькі?

— Самая танная — дваццаць цэнтаў, мэм.

— Выходзіць даляр. Працавалі сямёра і вось на якую вячэру зарабілі. — Маці зноў глянула на свае рукі. — Запакуйце, — паспешліва прагаварыла яна.

— Слухаю, мэм. Дзякую вам. — Прадавец паклаў бульбу ў пакет і акуратна загнуў яго зверху. Потым пакасіўся на пакупніцу і хуценька перавёў вочы на прылавак. Маці сачыла, як ён пакуе, ледзь прыкметна ўсміхаючыся.

— Як жа вы пайшлі на такую работу? — запыталася яна.

— Чалавеку есці трэба, — адказаў прадавец і рашуча паўтарыў: — Чалавеку трэба есці.

— Якому чалавеку?

Прадавец паклаў на прылавак чатыры пакеты.

— Фарш, бульба, хлеб, кава. Роўна на даляр.

Маці падала яму квіток і пачакала, пакуль ён запіша прозвішча і суму ў журнал.

— Ну вось, — сказаў ён. — Цяпер мы ў разліку.

Маці ўзяла з прылаўка пакеты.