Выбрать главу

— Не бойся, не застанемся. У нас жа гэтыя чортавы Окі. За імі трэба сачыць і сачыць. А калі ўжо завельмі ціхія стануць, можна і разварушыць іх трохі.

— Будзе нам што рабіць, калі плату ім зрэжуць.

— Будзе, вядома, будзе. Не, ты не бойся — без работы не застанемся, пакуль Гупер пад корань рэжа.

У доміку Джоўдаў гучна гуў агонь у печцы. На патэльні пырскалі салам і шыпелі катлеты, у кацялку з бульбай булькатала вада. У пакоі было поўна дыму, і жоўтае святло ліхтара кідала на сцены густыя чорныя цені. Маці завіхалася каля печкі, а Ружа Сарона сядзела на пустой скрынцы, падпіраючы каленямі свой цяжкі жывот.

— Ну як, цяпер табе трошкі лепш? — запыталася ў яе маці.

— Ад гэтага паху з пліты мяне муціць. І есці хочацца.

— Пайдзі ў дзвярах пасядзі. Мне ўсё роўна скрыню трэба разламаць.

Гурмой уваліліся мужчыны.

— Далібог, мяса! — усклікнуў Том. — І кава! Як смачна пахне! Ну і згаладаўся я! Колькі персікаў з'еў, а наедку ніякага. Памыцца дзе, ма?

— Схадзіце да цыстэрны. Там памыецеся. Толькі што я Руці з Уінфілдам туды паслала.

Мужчыны выйшлі.

— Ну ўставай, Разашарна, — загадала маці. — У дзвярах пасядзі або на матрацы. Мне скрыню трэба разламаць на шчэпкі.

Ружа Сарона паднялася, абапіраючыся на скрыню рукамі, цяжка пайшла да матраца і села на яго. У пакой ціхенька ўвайшлі Руці і Ўінфілд і моўчкі прытуліліся да сцяны, стараючыся быць як мага больш непрыкметнымі.

Маці паглядзела на іх.

— Чуе маё сэрца, вы радыя, што ў нас тут цемнавата, — сказала яна і раптам ступіла да Ўінфілда і памацала яго валасы. — Ну ясна — мокрыя, а гразь як была, так і засталася.

— Мы ж без мыла, — паскардзіўся Ўінфілд.

— Ага, без мыла. Не змагла яго купіць. Сёння не магла. Заўтра, можа, купім. — Маці зноў падышла да печкі, паставіла талеркі на скрыню і пачала раскладаць на іх вячэру. Дзве катлеты і адна вялікая бульбіна на кожную талерку і яшчэ тры скібкі хлеба. Потым разліла па талерках гарачае сала з-пад катлет. Мужчыны вярнуліся з мокрымі тварамі, валасы ў іх блішчалі ад вады.

— А падаць мне вячэру! — выгукнуў Том.

Усе ўзялі свае порцыі. Елі моўчкі, прагна і дачыста выціралі хлебам падліўку з талерак. Дзеці панеслі свае талеркі ў кут пакоя, паставілі іх на падлогу і, апусціўшыся на калені, як звяркі, прыпалі да ежы. Том праглынуў апошні кавалак хлеба.

— Яшчэ ёсць, ма?

— Няма, — адказала маці. — Гэта ўсё. Вы зарабілі даляр, на даляр і было.

— Толькі ўсяго?

— У іх тут гандлююць з надбаўкай. Трэба будзе ў горад з'ездзіць, як надарыцца магчымасць.

— Я не пад'еў, — сказаў Том.

— Заўтра цэлы дзень будзеце працаваць. Я вас добра накармлю… вячэрай.

Эл выцер губы рукавом.

— Пайду пахаджу тут трохі, — сказаў ён.

— Пачакай, і я з табой. — Том пайшоў за Элам. У цемры ён блізка падышоў да брата. — Дык пойдзеш са мной?

— Не. Я ж сказаў — тут пахаджу.

— Як хочаш. — Том павярнуўся і не спяшаючыся пакрочыў па вулачцы. Дым ад комінаў над дамкамі слаўся нізка, ліхтары вымалёўвалі на зямлі светлыя плямы вокнаў і дзвярных праёмаў. На прыступках ганкаў сядзелі людзі і пазіралі ў цемру. Том бачыў, як яны паварочвалі галовы, праводзячы яго позіркам. Ад апошняга доміка дарога пайшла па скошанай сенажаці, на якой у зорным святле чарнелі копы сена. Тонкі сярпок месяца нізка вісеў на заходнім небасхіле, а над галавой доўгім светлым воблакам цягнуўся Млечны Шлях. Ногі Тома мякка ступалі па пыльнай дарозе — цёмнай стужцы на жоўтай пакошы. Том засунуў рукі ў кішэні і пайшоў да ўязных варот. Уздоўж дарогі цягнуўся насып. Чутно было, як шапоча вада сярод травы ў арашальнай канаве. Том падняўся на насып, глянуў на цёмную ваду і ўбачыў у ёй расцягнутыя адлюстраванні зорак. А там, наперадзе, пралягала галоўная шаша штата. Яе выдавала мільгаценне аўтамабільных агнёў. Том пайшоў далей. Пры святле зорак відны былі высокія драцяныя вароты.

Збоку ад дарогі варухнулася нечая цёмная постаць. Пачуўся воклік:

— Стой! Хто ідзе?

Том замёр на месцы.

— А ты хто?

З зямлі падняўся чалавек і падышоў да Тома. У яго ў руцэ Том убачыў рэвальвер. Святло кішэннага, ліхтарыка ўдарыла яму ў твар.

— Куды гэта ты выправіўся?

— А так, пагуляць выйшаў. А што, забаронена?

— Гуляй дзе-небудзь далей адсюль.

Том запытаўся:

— Што, з лагера выходзіць нельга?

— Гэтай ноччу нельга. Ну, пойдзеш назад сам ці мне свістком падмогу паклікаць? Цябе сілай назад адвядуць.

— Чорт з ім, мне ўсё роўна. Нельга дык нельга, мне што. Ну, назад пайду.