Выбрать главу

Цёмная постаць адступіла. Ліхтарык пагас.

— Пра вас жа клапоцімся, разумееш? А то схопяць гэтыя вар'яты пікетчыкі.

— Якія пікетчыкі?

— Ну, гэтыя, халера на іх… чырвоныя.

— А-а… Я нічога пра іх не чуў.

— Ты ж бачыў іх, як сюды ехаў.

— Ну, бачыў нейкіх людзей, але там столькі было палісменаў, што не разабраў, хто дзе. Я падумаў — аварыя.

— Ну, давай, тупай назад.

— Што ж, назад дык назад. — Том павярнуўся і пайшоў. Ён няспешна прайшоў па дарозе ярдаў сто, потым спыніўся і прыслухаўся. Каля арашальнай канавы дзяўкаў янот, недзе далёка зласліва гыркаў на прывязі сабака. Том сеў на абочыне. Ён чуў ціхі клёкат начной птушкі-драпежніка і шолах сцяблінак ад падкрадлівых рухаў звяркоў у атаве. Ён абвёў позіркам няроўную лінію бачнага гарызонту перад сабой і ззаду — і там і тут цёмныя гарбы стажкоў, на іх фоне яго не ўбачаць. Ён падняўся з зямлі і асцярожна збочыў з дарогі направа, на скошаны луг, нахіліўшыся амаль упоравень са стажкамі. Том ішоў паволі, час ад часу спыняўся і прыслухоўваўся. Нарэшце дайшоў да агароджы — пяць радоў туга нацягнутага калючага дроту. Лёгшы на спіну, ён прасунуў галаву пад ніжні рад, крыху падняў дрот рукой і, адпіхваючыся нагамі, пралез на другі бок.

Том хацеў ужо ўстаць, але на краі шашы паказаліся людзі. Ён пачакаў, пакуль яны пройдуць далёка наперад, падняўся і пайшоў у тым самым кірунку. Ён уважліва прыглядаўся, ці няма дзе палатак. Па шашы зрэдку прабягалі машыны. Дайшоўшы да бетоннага мастка над рачулкай, што праразала луг, Том зазірнуў цераз парапет уніз. На дне глыбокага яра віднелася палатка, у якой гарэў ліхтар. З хвіліну ён узіраўся ў яе, убачыў чалавечыя цені на брызенце. Тады пералез цераз нейкую агароджу і пачаў спускацца ў яр, прадзіраючыся праз хмызняк і нізкае вербалоззе. Унізе, каля рэчкі, выйшаў на сцяжынку. Перад палаткай на скрыні сядзеў чалавек.

— Добры вечар, — павітаўся Том.

— А ты хто такі?

— Я… ну… так проста… міма ішоў.

— Каго-небудзь тут ведаеш?

— Не. Кажу ж, міма ішоў.

З палаткі высунулася нечая галава.

— Што там у цябе? — пачуўся голас.

— Кейсі! — усклікнуў Том. — Кейсі! Як ты тут апынуўся?

— А госпадзі! Ды гэта ж Том Джоўд! Ідзі сюды, Томі. Уваходзь.

— Ты яго ведаеш? — здзівіўся чалавек, што сядзеў на скрыні.

— Ці ведаю я яго? Пытанне! Колькі гадоў ужо знаемся. Мы з ім сюды, на Захад, разам прыехалі. Заходзь жа, Том. — Кейсі схапіў Тома за локаць і ўцягнуў у палатку.

У ёй вакол ліхтара сядзелі на зямлі чатыры чалавекі. Яны недаверліва паглядзелі на Тома. Адзін з іх, смуглы, суровы з выгляду мужчына, падаў яму руку.

— Вельмі рады, — сказаў ён. — Я чуў, як цёпла цябе Кейсі сустрэў. Дык гэта той хлопец, пра якога ты нам, Кейсі, гаварыў?

— Ён самы. Ах ты, госпадзі! Дзе ж усе твае? Што ты тут робіш?

— Ды вось, пачулі мы, што тут ёсць праца, — адказаў Том. — Пад'язджаем, а на шашы цэлая плойма палісменаў, ну і загналі нас на гэту ферму. Дацямна персікі збіралі. Перад варотамі нейкія людзі нам нешта крычалі ўслед. А ў чым справа, так мне ніхто і не сказаў. Вось я і пайшоў сюды, каб даведацца, што тут такое робіцца. Якім ветрам цябе занесла сюды, Кейсі?

Кейсі нахіліўся наперад, і жоўтае святло ліхтара асвятліла яго высокі бледны лоб.

— Дзіўнае месца — турма, — сказаў прапаведнік. — Вось адыходзіў я ў пустыню, як Хрыстос, каб там усё добра абдумаць і зразумець. І бывала, сёе-тое праяснялася. А па-сапраўднаму стала ўсё ясна толькі ў турме. — Вочы ў яго былі жывыя і вясёлыя. — Вялікая камера, увесь час поўная. Адны пакідаюць яе, другія прыходзяць. Я, канешне, з усімі гаварыў.

— Дзіва што! — сказаў Том. — Табе абы пагаварыць. Калі б цябе на шыбеніцы вешалі, і то ты паспеў бы з катам слоўцам перакінуцца. Такіх гаваркіх я ў жыцці не бачыў.

Усе пырхнулі ад смеху. Адзін — сухенькі стары з маршчыністым тварам — ляпнуў сябе па калене.

— Усё гаворыць і гаворыць, — сказаў ён. — А людзям гэта даспадобы — слухаюць.

— Ён жа ж прапаведнікам быў, — сказаў Том. — Ці гаварыў ён вам?

— А як жа — гаварыў.

Кейсі шырока ўсміхнуўся.

— Дык вось, — зноў загаварыў ён, — пачаў я ў сім-тым разбірацца. Розныя людзі ў турму трапляюць — хто за п'янства, хто за крадзеж, апошніх пераважная большасць. І крадуць галоўным чынам тое, без чаго нельга абысціся, а дастаць іншым спосабам яны не могуць. Разумееш?

— Не, — адказаў Том.

— Усе яны, па сутнасці, добрыя людзі. А што іх падбіла на злачынства? Нястача. І я пачаў разумець — усё зло ў нястачы. Але да канца яснасці ў мяне не было. І вось аднаго дня даюць нам перакіслыя бабы. Адзін падняў крык, а што толку? Крычыць-надрываецца. Дзяжурны зазірнуў у камеру і пайшоў. Тады другі пачынае крычаць. І тут мы ўжо ўсе падхапілі хорам, цягнем адну ноту, і, паверыш, сцены камеры, здавалася, раздаліся і вось-вось абваляцца ад нашага крыку. Бог ты мой, што тут усчалося! Наглядчыкі забегалі, замітусіліся і, як міленькія, прынеслі другую яду. Цяпер разумееш?