Том паглядзеў на Кейсі. Вузкі пучок святла выхапіў з цемры масіўныя ногі Джорджа і новую белую ручку ад кіркі. Том скокнуў моўчкі. Ён выхапіў палку ў Джорджа з рук. Першы ўдар — ён зразумеў адразу — не трапіў у цэль, прыйшоўся па плячы, але другі раз цяжкая палка з усяе сілы апусцілася на галаву, і, калі чалавек паваліўся, на яе абрынуліся яшчэ тры ўдары. Пучкі святла загойсалі з боку ў бок. Пачуліся крыкі, тупат ног, трэск кустоўя. Том стаяў над распластаным на зямлі целам. І раптам — слізгатлівы ўдар па галаве. Тома нібы працяло токам. Ён пабег уздоўж ручая, нізка прыгнуўшыся. Ззаду заплёхалі па вадзе ногі. Том крута збочыў і, прадзіраючыся між кустоў, забраўся ў самы гушчар яданоснага сумаху. Там, прыпаўшы да зямлі, замёр. Крокі набліжаліся, святло электрычных ліхтароў прасвечвала ручай да самага дна. Том паўзком падняўся па адхоне і апынуўся ў фруктовым садзе. Крыкі даносіліся і сюды. Яго шукалі ўнізе, каля ручая. Том нізка прыгнуўся і пабег напрасткі па садовых градах, і камякі зямлі расціскаліся пад яго нагамі, ляцелі ў бакі. Наперадзе ён разгледзеў кустоўе, якое акаймоўвала арашальную канаву. Ён пралез праз жываплот, прадраўся праз вінаграднік і кусты ажыны. Там, хрыпла дыхаючы, лёг на зямлю. Твар і нос у яго анямелі. Нос быў разбіты, па падбародку тонкім струменьчыкам сцякала кроў. Ён ляжаў ніцма, пакуль не праяснілася ў галаве. І тады паволі папоўз да краю канавы. Абмыў твар халоднай вадой, адарваў шматок ад падола сваёй сіняй кашулі і прыклаў да параненай шчакі і да носа. Востры боль апёк яго твар.
Навальнічная хмара адплыла ўжо на край небасхілу — чорная пляма на зорным небе. Зноў запанавала начная цішыня.
Том ступіў у ваду і адразу страціў апору пад нагамі. Разы два ўзмахнуўшы рукамі, ён пераплыў канаву і з цяжкасцю вылез на другі бераг. Мокрая адзежа прыліпла да цела. Ён з плёскатам зрабіў некалькі крокаў, у чаравіках хлюпала вада. Том сеў, зняў чаравікі, выліў з іх ваду. Потым выціснуў ваду ўнізе з калашын, зняў пінжак і выкруціў яго.
Наперадзе, каля шашы, па зямлі скакалі агні электрычных ліхтарыкаў — яго шукалі ў прыдарожных канавах. Асцярожна ступаючы, Том пайшоў па скошаным лузе. У чаравіках ужо не хлюпала. Ён наўздагад пакіраваў на другі край пакошы і нарэшце выбраўся на грунтавую дарогу. Крадучыся, ён падышоў да прамавугольніка лагера.
Вартавы, пачуўшы шоргат, крыкнуў:
— Хто ідзе?
Том упаў на жывот і замёр, промень святла слізгануў над ім. Том бясшумна падпоўз да свайго доміка. Рыпнулі завесы дзвярэй. Пачуўся голас маці — спакойны, цвёрды, не заспаны:
— Хто тут?
— Я, Том.
— Ты б ужо спаць клаўся. Эла яшчэ няма.
— Пэўна, дзеўку знайшоў.
— Ідзі кладзіся, — ціха сказала маці. — Вунь там, каля акна.
Том знайшоў свой матрац і раздзеўся дагала. Ён ляжаў пад коўдрай і калаціўся ўсім целам. Анямеласць у разбітым твары праходзіла, і боль цяпер разліваўся па ўсёй галаве.
Толькі праз гадзіну вярнуўся Эл. Ён асцярожна падышоў да Тома і наступіў на яго мокрую адзежу.
— Тсс… — прашаптаў Том.
Эл шэптам запытаўся:
— Не спіш? Дзе ты так прамок?
— Тсс… Раніцай скажу.
Бацька перавярнуўся на спіну, гучна запыхкаў і захроп.
— Які ты халодны, — сказаў Эл.
— Тсс… Спі. — Маленькае акенца шэрым квадратам выступала з цемры.
Тома сон не браў. Нервы на твары ажылі і занылі, балела скула, разбіты нос распух, у ім затахкаў такі моцны боль, ад якога, здавалася, усё цела скаланаецца і падскоквае. Том глядзеў на маленькі квадрат акна, бачыў, як паволі праслізгваюць і знікаюць за аконнай рамай зоркі. Час ад часу да яго слыху даносіліся крокі вартавых.
Нарэшце недзе далёка заспявалі пеўні, акно крыху пасвятлела. Том дакрануўся кончыкамі пальцаў да апухлага твару, і Эл, патрывожаны гэтым рухам, застагнаў і замармытаў у сне.
І вось стала віднець. У прыціснутых адзін да аднаго доміках абудзілася жыццё — пачуўся трэск сушняку, бразганне патэльняў. Маці раптам прыўзнялася і села на матрацы, і ў пашарэлым змроку пакоя Том разгледзеў яе твар, ацёклы ад сну. Яна скіравала позірк на акно і доўга глядзела. Потым адкінула коўдру і знайшла рукой сукенку. Седзячы, яна накінула яе на галаву, падняла рукі, і сукенка ўпала да пояса. Маці паднялася, апусціла сукенку да шчыкалатак і, асцярожна ступаючы босымі нагамі, падышла да акна. Так, гледзячы, як паступова святлее за акном, яна спрытнымі пальцамі распляла валасы, разраўняла пасмы і зноў запляла іх. Склаўшы рукі на грудзях, яна яшчэ крыху пастаяла нерухома. Святло з акна падала на яе твар. Яна павярнулася, бязгучна прайшла між матрацаў і ўзяла ліхтар. Скрыгатнуўшы, падняўся шчыток, і яна паднесла запалку да кнота.