Выбрать главу

Бацька павярнуўся на бок і, жмурачыся, глянуў на маці.

— Ты яшчэ што-небудзь атрымаў, та? — запыталася яна.

— Квіток на шэсцьдзесят цэнтаў.

— Тады падымайся, схадзі купі мукі і топленага сала. Не марудзь.

Бацька пазяхнуў.

— Крама, можа, яшчэ не адчынена.

— Дык няхай адчыняць. Трэба вас снеданнем накарміць. Ужо хутка на працу ісці.

Бацька нацягнуў камбінезон, надзеў парыжэлы пінжак і, пазяхаючы і пацягваючыся, ляніва выйшаў з доміка.

Малыя дзеці прачнуліся і, як мышаняты, вызіралі з-пад коўдры. Ад шэрага перадсвітальнага святла ў пакоі крыху парадзеў змрок. Маці паглядзела на матрацы. Дзядзька Джон ужо прачнуўся, а Эл яшчэ моцна спаў. Яе позірк спыніўся на Томе. З хвіліну яна прыглядалася да яго, потым паспешліва падышла. Твар у Тома быў апухлы, сіні, на губах і на падбародку чарнела запечаная кроў. Рваная рана на шчацэ туга сцягнулася па краях.

— Том, — прашаптала маці, — што з табой такое?

— Тсс… — сказаў Том. — Гавары цішэй. Я ўвязаўся ў бойку.

— Том!

— Так атрымалася, ма.

Яна апусцілася каля яго на калені.

— Ты трапіў у бяду?

Том доўга не адказваў ёй.

— Ага, — нарэшце вымавіў ён, — у бяду. На працу сёння мне нельга ісці. Трэба хавацца.

Дзеці падпаўзлі да іх на карачках, з прагнай цікаўнасцю пазіраючы на Тома.

— Што з ім, ма?

— Ціха! — загадала маці. — Ідзіце памыйцеся.

— У нас мыла няма.

— Ну проста вадой.

— А што з Томам?

— Зараз жа замаўчыце. І нікому ні слова.

Дзеці задам адпаўзлі да процілеглай сцяны і там прыселі на кукішках, упэўненыя, што на іх ніхто больш увагі не зверне.

Маці запыталася ў Тома:

— Што-небудзь сур'ёзнае?

— Нос разбіты.

— Я пра іншае пытаюся.

— Ага, вельмі.

Эл расплюшчыў вочы і глянуў на Тома.

— Госпадзі! Дзе гэта цябе так?

— А што такое? — пачуўся голас дзядзькі Джона.

Прытупаў бацька з крамы.

— Было адчынена. — Ён паклаў на падлогу каля печкі маленькі мяшэчак мукі і пакецік з топленым салам. — Што здарылася? — запытаўся ён у Тома.

Том прыўзняўся на локці і амаль адразу лёг.

— Эх і аслабеў я. Зараз раскажу. Так, каб усім адразу. А дзеці?

Маці глянула на малых, якія прыціснуліся да сцяны.

— Ідзіце хоць твары памыйце, — сказала яна ім.

— Не, — сказаў Том. — Няхай паслухаюць. Няхай таксама ведаюць. А то прагаварыцца могуць.

— Што ж усё-такі здарылася? — дапытваўся бацька.

— Зараз раскажу. Учора вечарам я пайшоў разведаць, чаго яны там за варотамі так крычалі. І сустрэўся з Кейсі.

— З прапаведнікам?

— З ім, та. З прапаведнікам. Ён забастоўкай кіраваў, і па яго прыйшлі.

— Хто прыйшоў?

— Не ведаю. Нейкія людзі — накшталт тых, што завярнулі нас назад, калі мы ехалі па шашы той ноччу. З ручкамі ад кірак. — Том памаўчаў. — Яго забілі. Размазджэрылі галаву. Я там блізка стаяў. Я быццам розум страціў. Я вырваў палку. — Перад вачамі ў Тома зноў паўстала ноч — цемра, агні ліхтароў. — Я… я біў яго палкай.

У маці перахапіла дыханне. Бацька быццам скамянеў.

— Ты забіў чалавека? — нарэшце прашаптаў ён.

— Я… не ведаю. У мяне ў галаве ўсё перакруцілася. Хацеў забіць.

Маці запыталася:

— Цябе бачылі?

— Не ведаю. Не ведаю. Напэўна, бачылі. Яны нас ліхтарамі асвятлялі.

Маці з хвіліну пільна глядзела яму ў вочы.

— Разламай скрынкі, та, — сказала яна. — Трэба снеданне прыгатаваць. Вам на працу хутка ісці. Руці, Уінфілд! Калі хто спытаецца — Том захварэў, чуеце? А балбатаць будзеце… яго… у турму пасадзяць. Зразумелі?

— Так, мэм.

— Ты, Джон, вачэй з іх не спускай. Пасачы, каб яны ні з кім не гаварылі. — Калі бацька пачаў ламаць пустыя скрынкі, у якіх раней ляжаў іхні скарб, маці распаліла агонь у печцы, развяла рэдкае цеста, паставіла на пліту кафейнік. Тонкія дошкі добра гарэлі, агонь з гулам рваўся ў трубу.

Бацька разламаў апошнюю скрынку і падышоў да Тома.

Том хмурна сказаў:

— Яны ехалі сюды працаваць за пяць цэнтаў са скрыні.

— Нам столькі і плацяць.

— Плацяць… Ведаеш, мы хто? Мы штрэйкбрэхеры. Ім плацілі два з паловай.

— На ежу не хопіць.

— Пэўна ж, — стомлена прамовіў Том. — Таму яны і забаставалі. Але з забастоўкай, здаецца, учора скончылі. І сёння нам, відаць, таксама заплацяць два з паловай цэнты за скрыню.

— Дык як жа яны, сволачы…

— Вось, вось, та. Цяпер дайшло? Кейсі як быў, так і застаўся добрым чалавекам. А чорт! Усё стаіць перад вачамі гэтая карціна. Ляжыць на зямлі… галава амаль расплюшчаная, і кроў з яе сочыцца… Госпадзі божа мой! — Том закрыў вочы далонню.