Выбрать главу

— О, Езус! — нарэшце вымавіў ён. — Чорт ведае што тут было! Нідзе ні жывой душы.

Ён паспешліва спусціўся па схіле, следам за ім — Кейсі. Зазірнуў у свіран — пуста, на падлозе рассыпана сечка. Глянуў у кут на стойла мула; калі зазірнуў туды, нешта зашаргацела па падлозе — гэта мышыны вывадак шмыгнуў, хаваючыся ад яго, пад салому. Джоўд спыніўся каля ўвахода ў паветку для гаспадарчых прылад — нічога, акрамя зламанага лемяша, клубка зблытанага вязальнага дроту ў кутку, жалезнага кола ад сенавалакушы, згрызенага мышамі хамута для мула, пляскатай бляшанкі з-пад машыннага масла, пакрытай засохлай сумессю масла і гразі, і падранага камбінезона на цвіку.

— Нічога не засталося, — сказаў Джоўд. — А ў нас было добрае гаспадарчае начынне. Не засталося нічога.

Кейсі сказаў:

— Калі б я быў яшчэ прапаведнікам, я вось бы як разважыў: гэта рука божая вас пакарала. А цяпер проста не ведаю, што і казаць. Даўно я тут не быў. І нічога такога не чуў.

Яны пайшлі да бетоннага века калодзежа — проста праз бавоўнік, на якім завязаліся ўжо каробачкі, усё дварышча было ўзарана і засеяна ім.

— Мы тут ніколі нічога не садзілі і не сеялі, — сказаў Джоўд. — Двор быў як двор. А цяпер тут з канём і не павернешся, адразу ўсё патопча.

Яны спыніліся каля сухога вадапойнага карыта; травы, што звычайна расце ў такіх месцах, ужо не было, і тоўстая старая калода рассохлася і патрэскалася. На веку калодзежа тырчалі балты, да якіх раней мацавалася помпа, разьба заржавела, гаек не было. Джоўд зазірнуў у калодзеж, плюнуў і прыслухаўся.

— Добры быў калодзеж, — прамовіў ён. — А цяпер без вады. — Яму, відаць, не хацелася падыходзіць да дома. Стоячы ля калодзежа, ён кідаў у яго камяк зямлі за камяком. — Можа, усе памерлі? Дык я пачуў бы пра гэта. Хто-небудзь сказаў бы мне.

— А можа, яны пакінулі ў доме пісьмо ці што-небудзь такое. Ці маглі яны дазнацца, што цябе выпускаюць?

— Не ведаю, — адказаў Джоўд. — Малаверагодна. Мне самому толькі тыдзень назад сказалі.

— Давай глянем у дом. Вунь як ён скасабочыўся. Здорава яго дзеўбанулі!

Яны паволі пайшлі да пахіленага дамка. Два слупы, што падпіралі стрэшку над ганкам, былі вывернуты, і стрэшка ўткнулася адным краем у зямлю. Вугал дома быў праламаны, праз расшчэпленыя дошкі віднеўся кутні пакой. Уваходныя дзверы адвіслі ўсярэдзіну, а нізкая моцная загарадка перад імі адкінулася на скураных завесах у другі бок.

Джоўд ступіў на ніжнюю прыступку ганка — тоўсты брус дванаццаць на дванаццаць цаляў.

— Ганак на месцы, — сказаў Джоўд. — Але ў доме нікога… ці, можа, маці памерла. — Ён паказаў на загарадку. — Калі б маці была недзе тут, загарадка была б на засаўцы, — позірк яго пацяплеў. — Усё з таго дня, як у Джэйкабсаў свіння з'ела дзіцянё. Мілі Джэйкабс пайшла па нешта ў свіран. Вяртаецца, а свіння дзіця ўжо даядае. Мілі была цяжарная і так зайшлася ад крыку і енку, што з розуму кранулася. Так і засталася ненармальная. А маці нашай гэта паслужыла перасцярогай. Ніколі загарадку зачыніць не забывалася. Значыць, так… з'ехалі або памерлі. — Ён падняўся на развернуты ганак і глянуў у кухню. Шыбы ўсе паразбіваныя, на падлозе каменне, масніцы і сцены перакошаныя, на ўсім тонкі пласт пылу. Джоўд паказаў рукой на асколкі шкла і каменне. — Дзеці, — сказаў ён. — Яны дваццаць міль прабягуць, абы акно дзе выбіць. Я сам такі быў. Яны нюхам чуюць, дзе пустуе дом. Ледзь толькі хто выедзе, яны — раз! — і там. — На кухні было пуста — ні стала, ні табурэткі, ад пліты толькі след, праз круглую адтуліну коміна свіціцца неба. На палічцы над зліўной ракавінай — штопар і відэлец без тронкаў. Асцярожна ступаючы, Джоўд прабраўся ў пакой, і пад ім застагналі дошкі. Каля самай сцяны на падлозе валяўся стары нумар штотыднёвіка «Леджэр» з пажаўцелымі, загнутымі ў ражках старонкамі. Джоўд зазірнуў у спальню — ні ложка, ні крэслаў. На сцяне каляровая ілюстрацыя — дзяўчына-індыянка, подпіс: «Чырвонае Крыло». Каля сцяны жалезная перакладзіна ад ложка, у куце — высокі жаночы чаравік на гузіках з задраным угору наском і дзіркай у пад'ёме. Джоўд падняў яго, з усіх бакоў агледзеў.