Выбрать главу

— Ну, што яшчэ?

— Выключы матор і лезь сюды, — сказаў Том.

Эл сеў за руль, з'ехаў у кювет, выключыў фары і заглушыў матор. Потым залез на грузавік цераз задні борт.

— Так спакайней, — сказаў ён.

Том перабраўся цераз кацялкі і патэльні да маці і стаў на калені.

— Слухайце, — сказаў ён. — Ім патрэбны зборшчыкі бавоўны. Я плакат бачыў. Я ўсё думаў, як так зрабіць, каб і з вамі мне застацца, і бяды на вас не наклікаць. Калі твар зажыве, тады, можа, усё добра будзе, а цяпер небяспечна. Бачылі вагоны? У іх зборшчыкі жывуць. Магчыма, і вам праца знойдзецца. Можа б, вы наняліся тут, а жылі б у вагонах?

— А з табой як? — строга запыталася маці.

— Ты бачыла каля рэчкі густое кустоўе? Там можна схавацца, ніхто мяне не ўбачыць. А пад ноч будзеце прыносіць мне есці. Непадалёк ёсць маставая труба. Я мог бы там спаць.

Бацька сказаў:

— Госпадзі, як мне ўжо хочацца хутчэй узяцца за гэту бавоўну! Праца знаёмая.

— У вагонах, напэўна, добра, — сказала маці. — Чыста, суха. А ты думаеш, Том, у кустах у тых можна схавацца?

— Канешне. Па дарозе сюды я да іх прыглядаўся. Выберу добрае месца і адседжуся там. А як толькі зажыве твар, выйду.

— Шрам застанецца, — сказала маці.

— Чорт з ім, у каго іх няма?

— Аднаго разу я сабраў чатырыста фунтаў, — сказаў бацька. — Тады, праўда, ураджай быў добры. Калі мы ўсе пойдзем на збор, можна крыху грошай зарабіць.

— І тады мяса купім, — сказаў Эл. — А цяпер што рабіць будзем?

— Вернемся крыху назад і пераспім ноч у грузавіку, — сказаў бацька. — А раніцай пойдзем на працу. Я каробачкі нават у цемры бачу.

— А з Томам як? — запыталася маці.

— Ты пра мяне не думай, ма. Я вазьму з сабой коўдру. Калі паедзеце назад, уважліва глядзіце. Там ёсць маставая труба. Будзеце мне туды прыносіць хлеба ці бульбы або кашы — прынесяце і пакінеце, а я буду прыходзіць і браць.

— Ай!

— Па-мойму, ён разумна гаворыць, — сказаў бацька.

— Вядома, разумна, — настойваў Том. — А калі твар крыху зажыве, я выйду і таксама збіраць бавоўну буду.

— Што ж, добра, — згадзілася маці. — Толькі будзь асцярожны. Не пападзіся каму-небудзь на вочы.

Том прабраўся ў задні канец грузавіка.

— Я вазьму вось гэтую коўдру. Як назад паедзеце, ма, шукайце тую трубу.

— Толькі глядзі, не рызыкуй, — сказала маці ўмольна. — Будзь асцярожны.

— Буду, — сказаў Том. — Абавязкова. — Ён пералез цераз задні борт і пайшоў берагам. — Добрай ночы! — гукнуў ён.

Маці бачыла, як яго постаць злілася з цемрай і знікла ў хмызняку каля рэчкі.

— Дай бог каб усё добра скончылася, — прамовіла маці.

Эл запытаўся:

— Цяпер назад паедзем?

— Давай, — сказаў бацька.

— Ты толькі едзь паволі, — папрасіла маці. — Хачу ўбачыць тую трубу, пра якую ён гаварыў. Абавязкова трэба ўбачыць.

Дарога была вузкая, і Элу давялося добра паманеўраваць, перш чым ён развярнуў машыну. Ён паволі павёў яе назад да таварных вагонаў. Святло фар выхапіла з цемры сходкі каля шырокіх дзвярэй. У вагонах было цёмна. Навокал нідзе ні душы. Эл выключыў фары.

— Вы з дзядзькам Джонам лезьце наверх, — сказаў ён Ружы Сарона. — А я буду спаць у кабіне.

Дзядзька Джон памог Ружы Сарона пералезці цераз борт. Маці ссунула ў кучу посуд. Усе ўлегліся ў задняй частцы машыны, цесна прыціснуўшыся адзін да аднаго.

У адным з вагонаў, захліпаючыся, зайшлося плачам дзіця. Аднекуль выбег сабака і, прынюхваючыся да слядоў і сапучы, памалу абышоў вакол грузавіка Джоўдаў. З рэчкі даносілася ціхае цурчанне вады.

Раздзел дваццаць сёмы

Патрабуюцца зборшчыкі бавоўны — плакаты ўздоўж дарогі, лісткі, аранжавыя лісткі: Патрабуюцца зборшчыкі бавоўны.

Сюды, па гэтай дарозе, напісана на іх.

Цёмна-зялёныя сцяблы ўжо задравянелі, ацяжэлыя каробачкі ўчэпіста трымаюць свой груз. Белае валакно выпірае з іх, як зерне з кукурузнага катаха.

Нам каб толькі рукамі дакрануцца да гэтых каробачак. Далікатна, кончыкамі пальцаў.

Я ўмелы зборшчык.

Вунь з кім трэба гаварыць, вунь з ім.

Хачу наняцца на збор бавоўны.

Мяшок ёсць?

Ды не, няма.

За мяшок — даляр. Вылічым з палучкі за першыя паўтараста фунтаў. Першы збор з поля — восемдзесят цэнтаў за сто фунтаў. Другі збор — дзевяноста. Вось табе мяшок. Адзін даляр. Калі цяпер грошай няма, вылічым з палучкі за першыя паўтараста фунтаў сабранай бавоўны. Цана правільная, сам разумееш.