Выбрать главу

— Ды не.

— Пацярпі да канца збору. Тады хоць бочкамі пі.

— А мне не к спеху, — сказаў дзядзька Джон. — Працую старанна, сплю добра. Сны мяне не мучаюць.

— Я бачу, ты вачэй не можаш адвесці ад бутэлек.

— Я іх амаль не заўважаю. Дзіўная рэч — хочацца ўсё ўсялякае купіць. Нават такое, што мне і не трэба. Вось, напрыклад, бяспечную брытву. Ці вунь тыя пальчаткі. Усё вельмі таннае.

— Бавоўну ж у пальчатках не збіраюць.

— Ведаю. Бяспечная брытва мне таксама без патрэбы. Але тут усё так выстаўлена, што, трэба табе ці не трэба, а так і падмывае купіць.

Маці крыкнула ім:

— Пайшлі. Цяпер у нас усё ёсць. — У руках у яе была сумка. Дзядзька Джон і бацька ўзялі кожны па пакунку. За дзвярамі іх чакалі Руці і Ўінфілд — вочы выпучаныя, твары ўспухлі ад набітага за абедзве шчакі печыва.

— Ну вось, цяпер вячэраць не будуць, — сказала маці.

Да лагера сыходзіўся народ. У палатках загарэліся ліхтары. З пячных труб валіў дым. Джоўды падняліся па сходках у вагон і прайшлі ў сваю палову. Каля печкі, у якой ужо гарэў агонь, сядзела на скрынцы Ружа Сарона. Жалезныя сценкі печкі распаліліся дачырвана.

— Малака купілі? — патрабавальна запыталася Ружа Сарона.

— Купілі. Вось.

— Дай мне. З самага поўдня не піла.

— Яна думае, што гэта як лекі.

— Мне нянечка так гаварыла.

— Бульбы нарыхтавала?

— Ага, аблупіла.

— Дык падсмаж яе, — сказала маці. — Я свіных адбіўных купіла. Нарэж скрылікамі на новую патэльню. І цыбулі туды. А вы, мужчыны, ідзіце памыйцеся і вядро вады прынясіце. Дзе Руці з Уінфілдам? Няхай і яны памыюцца. Мы ім купілі печыва, — сказала маці Ружы Сарона. — Кожнаму цэлы пачак.

Мужчыны пайшлі да рэчкі мыцца. Ружа Сарона нарэзала на новую патэльню бульбы і перамяшала яе канцом нажа.

Раптам канец брызентавай занавескі задраўся, і ў палову Джоўдаў зазірнуў тоўсты спацелы твар.

— Ну, як сёння ў вас, місіс Джоўд?

Маці абярнулася.

— А, гэта вы! Добры вечар, місіс Уэйнрайт. Зарабілі добра. Тры даляры з паловай. Дакладней — тры пяцьдзесят сем.

— А мы — чатыры даляры.

— Правільна. У вас народу больш.

— Ага. Джанас на вачах падрастае. У вас, я бачу, сёння свіныя адбіўныя.

Уінфілд прашмыгнуў у дзверы.

— Ма!

— Памаўчы хвілінку. Так, мае мужчыны любяць адбіўныя.

— А я бекон падсмажваю, — сказала місіс Уэйнрайт. — Чуеце пах?

— Не. У мяне цыбуля ў бульбе — усё перабівае.

— Ой, падгарэла! — крыкнула місіс Уэйнрайт, і галава яе знікла.

— Ма, — зноў сказаў Уінфілд.

— Ну, што табе? Аб'еўся печыва?

— Ма, Руці расказала.

— Што расказала?

— Пра Тома.

Вочы ў маці зрабіліся вялікія.

— Расказала? — Маці апусцілася перад Уінфілдам на калені. — Уінфілд, каму?

Хлопчык сумеўся і адступіў назад.

— Яна толькі крышачку расказала.

— Уінфілд! Скажы, што яна гаварыла?

— Яна… Яна печыва сваё не адразу ўсё з'ела. У пачку яшчэ трохі засталося. Адкусвае кавалачак за кавалачкам і паволі жуе і кажа мне: «А ты ўжо шкадуеш, што з'еў усё дарэшты».

— Уінфілд! — павысіла голас маці. — Гавары адразу. — Яна трывожна азірнулася на занавеску. — Разашарна, ідзі, дачушка, пагавары пра што-небудзь з місіс Уэйнрайт, каб яна не падслухала.

— А бульба?

— Я сама пагляджу. Ідзі ж! А то яна падслухоўваць будзе.

Цяжка валочачы ногі, Ружа Сарона пайшла за брызент. Маці сказала:

— Ну, Уінфілд, гавары.

— Я ж гавару. Адкусвае кавалачак за кавалачкам, потым кожнае печыва стала напапалам ламаць, каб даўжэй хапіла.

— Не цягні, гавары!

— А тут дзеці падбеглі, ім таксама захацелася печыва, але Руці грызе яго і грызе і нікога не частуе. Тады яны ўзлаваліся, і адзін хлопчык выхапіў у яе з рук увесь пачак, і ўсе дзеці разбегліся.

— Ты не пра гэта, Уінфілд, ты пра іншае расказвай!

— Я і расказваю. Руці таксама ўзлавалася і пабегла за імі, аднаго ўдарыла, другога, і тады яе адна вялікая дзяўчынка набіла. Руці заплакала і кажа: «Я свайго старэйшага брата паклічу, і ён заб'е цябе». А дзяўчынка тая: «Заб'е? У мяне таксама ёсць старэйшы брат». — Уінфілд ледзь паспяваў пераводзіць дыханне. — Яны пачалі біцца, і бальшуха тая добра ёй усыпала, і Руці сказала, што наш брат заб'е яе брата. А дзяўчынка кажа: «А што, калі мой брат заб'е твайго?» І тады… тады Руці сказала, што наш брат дваіх ужо забіў. А… а тая бальшуха кажа: «Ого! Манюка ты, больш ніхто». А Руці сказала: «Ого? Наш брат цяпер хаваецца, бо забіў чалавека, і твайго брата таксама заб'е». І тады яны пачалі абзываць адна адну рознымі словамі, Руці кінула ў бальшуху камень, і тая пагналася за Руці, а я сюды пабег.