Маці пачула асцярожлівыя крокі недзе злева ад сябе і ўся напялася. Яна расшчапіла рукі на каленях і падняла галаву, прыслухоўваючыся. Шоргат сціх і толькі праз доўгі час пачуўся зноў. Па сухім лісці рэзка скрабянула ніцая лаза, і маці ўбачыла, як цёмная чалавечая постаць выбралася з гушчару і падышла да маставой трубы. Круглая чорная адтуліна на момант знікла, потым чалавек павярнуў назад. Маці ціха клікнула яго:
— Том!
Чалавек застыў на месцы, ён так знерухомеў і так нізка прыгнуўся да зямлі, што яго можна было прыняць за пень. Яна зноў паклікала:
— Том! Том! — І толькі тады постаць варухнулася.
— Гэта ты, ма?
— Я. Я тут. — Маці паднялася з зямлі і пайшла насустрач сыну.
— Не трэба было чакаць мяне, — сказаў Том.
— Я мусіла, Том. Трэба пагаварыць.
— Сцежка зусім блізка. Хто-небудзь можа тут прайсці.
— А хіба ў цябе няма якога-небудзь месца, Том?
— Ёсць… але… раптам хто-небудзь убачыць цябе са мной… тады ўся сям'я трапіць у бяду.
— Я мусіла дачакацца цябе, Том.
— Ну дык ідзі за мной. Толькі цішэй. — Ён асцярожна перайшоў уброд нешырокую рэчку, маці ішла за ім. Ён павёў яе праз густы лазняк, і абое выйшлі да баваўнянага поля і пайшлі ўскрай яго. На градах выразна абазначаліся пачарнелыя сцяблы бавоўніку, да якіх дзе-нідзе прычапіліся пушыстыя касмылі бавоўны. Яны прайшлі краем поля яшчэ чвэрць мілі, а потым Том зноў павярнуў у зараснік. Там ён падышоў да вялікай купы ажынніку, нахіліўся і адвёў убок густа пераплеценае вецце.
— Давядзецца паўзком, — сказаў ён.
Маці стала на карачкі. Яна адчула пад рукамі пясок, папаўзла, кусты расступіліся і ўжо не дакраналіся да яе, потым рукі яе намацалі коўдру. Том зноў прыкрыў веццем уваход, і ў схованцы стала зусім цёмна.
— Ты дзе, ма?
— Я тут. Цішэй, Том.
— Нічога, не хвалюйся. Я ўжо прывык — жыву тут, як трус.
Яна пачула, як ён знімае паперу з алавянай талеркі.
— Свіныя адбіўныя, — сказала маці. — І смажаная бульба.
— А божачкі, яшчэ і цёпленькія!
Яна не магла разгледзець сына ў цемры, але чула, як ён адкусвае мяса, жуе і глытае.
— Тут у мяне добрая схованка, — сказаў Том.
Маці нерашуча пачала:
— Том… Руці ўсё выбалбатала. — Яна пачула, як Том папярхнуўся.
— Руці? А чаму?
— Яна невінаватая. Пабілася з нейкай дзяўчынкай і прыгразіла ёй: мой брат наб'е твайго брата. Ты ж ведаеш — дзеці. І яшчэ сказала, што яе брат забіў чалавека і цяпер хаваецца.
Том слухаў і пахіхікваў.
— А я калі быў хлапчуком, дык заўсёды страшыў усіх дзядзькам Джонам, толькі ён не хацеў заступацца. Тут нічога такога.
— Не, Том, — запярэчыла маці. — Дзеці раскажуць адно аднаму, дойдзе да дарослых, тыя таксама пачнуць усім расказваць, а там, глядзіш, людзі пойдуць шукаць. Том, табе нельга тут заставацца.
— Я з самага пачатку так думаў. Я ўвесь час баюся — убачаць, што ты ежу сюды носіш, і высачаць.
— Ведаю. Але мне хацелася, каб ты быў недзе паблізу. Баялася за цябе. Я там так і не разгледзела твой твар, не бачу яго і тут. Як у цябе з ім?
— Нічога, зажывае.
— Пасунься бліжэй, Том. Дай я памацаю. Давай бліжэй. — Том падпоўз да маці. Рука яе знайшла ў цемры яго галаву, пальцы апусціліся ніжэй, памацалі нос, потым левую шчаку. — Шрам вялікі, Том, на носе ўпадзіна.