— Можа, гэта і на лепшае. Ніхто мяне, магчыма, не пазнае. Каб там у іх не было адбіткаў маіх пальцаў, зусім было б добра. — Том зноў узяўся за сваю вячэру.
— Ш-ш… — сказала маці. — Слухай!
— Гэта вецер. Усяго толькі вецер.
Парыў ветру пранёсся ўніз па рэчцы, і дрэвы на беразе зашумелі веццем.
Маці падсунулася яшчэ бліжэй на голас Тома.
— Дай мне, Том, яшчэ раз дакрануцца. Я як сляпая, так тут цёмна. Хачу запомніць, няхай хоць пальцы памятаюць. Выбірайся адсюль, Том.
— Я хацеў гэта зрабіць з самага пачатку.
— Мы добра зарабілі, —сказала маці. — Я крыху адклала. Бяры. Тут сем даляраў, Том.
— Я не вазьму. Не трэба, абыдуся і так.
— Падай руку, Том. Я начамі спаць не буду, калі ты не возьмеш. Раптам трэба будзе на аўтобусе праехаць ці што-небудзь такое. Я хачу, каб ты апынуўся далёка адсюль — за трыста, за чатырыста міль.
— Не вазьму.
— Том, — строга прамовіла маці. — Ты возьмеш грошы. Чуеш? Ты не маеш права прычыняць мне боль.
— Навошта ты так, ма?
— Я ўсё думала: можа, ты трапіш у вялікі горад. У Лос-Анжэлес, напрыклад. Там шукаць цябе не будуць.
— Гм… — хмыкнуў Том. — Паслухай, ма. Вось я хаваюся тут, сяджу дзень і ноч адзін. Ведаеш, пра каго я ўвесь час думаю? Пра Кейсі! Ён многа разглагольстваваў. І часта дакучаў мне гэтым. Але цяпер я думаю пра тое, што ён казаў, і прыгадваю кожнае яго слова. Ён расказваў, што аднойчы пайшоў ад людзей у пустыню, каб пазнаць сваю душу, а аказалася, што сваёй асобнай душы ў яго няма. Яму адкрылася, што ёсць адна вялікая душа, і толькі часцінка яе належыць яму. Пустыня, кажа, благое месца, бо часцінка гэтая павінна зліцца з усім астатнім у адно цэлае. Дзіўна, я ўсё памятаю. А тады, здаецца, нават і не слухаў яго. Але цяпер сам зразумеў: чалавеку аднаму жыць нядобра.
— Ён быў добры, — сказала маці.
Том гаварыў далей:
— Неяк раз ён пачаў шпарыць па Пісанні, але там зусім не было нічога пра пякельны агонь і ўсякія жахі. Ён двойчы паўтарыў, і я запомніў. З Эклезіяста, сказаў ён.
— А пра што там, Том?
— А вось: «Дваім лепш, чым аднаму, таму што ў іх ёсць добрая ўзнагарода за працу іхнюю. Бо калі ўпадзе адзін, другі падыме таварыша свайго. Але гора таму, хто будзе адзін, калі ўпадзе, бо другога няма, каб памагчы яму падняцца».
— Далей, Том, — сказала маці. — Гавары далей.
— Яшчэ толькі крышачку засталося. «І зноў-такі, калі ляжаць двое, цёпла ім, а аднаму як сагрэцца? І калі хто пачне адольваць аднаго, двое ўстаяць супраць яго. І ўтрая звітая нітка не хутка парвецца».
— Гэта з Пісання?
— Так Кейсі сказаў. Кажа — Эклезіяст.
— Ш-ш… Чуеш?
— Гэта вецер, ма. Вецер, я ведаю. І вось што я яшчэ думаў, ма: у пропаведзях часцей за ўсё пра бедных гаворыцца, пра тое, што яны будуць заўсёды, і што калі ў цябе нічога няма, дык ты проста сядзі склаўшы рукі і пашлі ўсё к чорту — калі памрэш, табе на тым свеце падносіць будуць марожанае на залатым сподачку. А ў Эклезіяста гэтага сказана іншае: дваім больш адплаціцца за працу іхнюю.
— Дык што ты вырашыў рабіць, Том?
Ён доўга маўчаў.
— З галавы не выходзіць урадавы лагер — як там усё было, як людзі там самі пра сябе клапаціліся. Калі раптам распачнецца бойка, самі ўсё ўладзяць, і ніякіх табе палісменаў, ніхто рэвальверам не тыцкае, а парадак лепшы, чым з палісменамі. Зразумець не магу, чаму паўсюль так не могуць зрабіць? Прагнаць палісменаў — яны нам чужыя. Будзем усе разам працаваць сабе на карысць — гаспадарыць на сваёй зямлі.
— Што ж ты вырашыў рабіць, Том? — паўтарыла сваё пытанне маці.
— Тое, што і Кейсі.
— Але ж яго забілі.
— Забілі. Ён не паспеў ухіліцца ад удару. Супраць закону ён не ішоў, ма. Я тут страшэнна многа думаў. Пра ўсіх нас думаў. Вось мы жывём, як свінні, а побач добрая, урадлівая зямля ляжыць неўзараная альбо ў яе адзін гаспадар на мільён акраў, а сотня тысяч працавітых земляробаў жыве ўпрогаладзь. А што, думаю, калі ўсім нам сабрацца і закрычаць, як тыя крычалі, каля садовай плантацыі Гупера, толькі іх там было мала…
Маці сказала:
— Цябе зацкуюць, Том, як дзікага звера. Як з Флойдам было.
— Цкаваць усё роўна будуць. Увесь наш народ зацкаваны.
— Больш ты нікога не заб'еш, Том?
— Ну што ты. Я вось пра што думаю: раз я ўжо на ўцёках, дык, можа, мне… Чорт, я яшчэ не ва ўсім разабраўся. Ты цяпер мяне не трывож. Не трывож мяне, ма.
Яны памаўчалі, седзячы ў чорнай, як вугаль, цемры пад кустамі. Потым маці сказала:
— Як жа я пра цябе даведаюся? Цябе могуць забіць, а я нічога ведаць не буду. Ці пакалечаць. Як я даведаюся?
Том нявесела засмяяўся:
— Можа, Кейсі праўду казаў: у чалавека сваёй душы няма, а ёсць толькі часцінка адной агульнай душы… Значыць, тады…