— Што тады, Том?
— Тады ўсё добра. Тады ты і ў цемры мяне адчуеш. Я буду паўсюль — куды ты ні глянеш. Калі галодныя падымуцца на змаганне за кавалак хлеба, я з імі буду. Дзе палісмен замахнецца дубінкай, там буду я. Калі Кейсі ведаў, што гаворыць, значыць, я буду і з тымі, хто не сцерпіць і закрычыць… Я буду разам з дзецьмі смяяцца і радавацца, калі, прагаладаўшыся, яны прыбягуць дамоў і ўбачаць на стале вячэру. І калі нашы людзі будуць есці тое, што яны самі вырасцілі, будуць жыць у дамах, якія самі пабудавалі, — там буду і я. Разумееш? Божа мой, я загаварыў зусім як Кейсі! Гэта таму, што многа пра яго думаю. Часам мне здаецца, што я бачу яго перад сабой.
— Не разумею, пра што ты гаворыш. Не разбяруся.
— Я таксама яшчэ не зусім разабраўся, — сказаў Том. — Такія ў мяне думкі. Калі сядзіш на адным месцы, столькі ўсяго ў галаву лезе. Табе час ужо вяртацца, ма.
— Дык ты грошы вазьмі.
Том памаўчаў.
— Добра, — сказаў ён.
— Том, а потым… калі ўсё ўляжацца, ты вернешся? Ты знойдзеш нас?
— Ну вядома, знайду. А цяпер ідзі. Дай руку. — Том памог маці знайсці выхад. Пальцы яе моцна ўчапіліся ў яго запясце. Ён адвёў убок вецце і вылез за ёю. — Дойдзеш да поля, ідзі краем да явара, а там пераходзь рэчку. Бывай.
— Бывай, — сказала маці і шпарка пайшла прэч. У вачах у яе стаялі слёзы, але яна не плакала. Яна ішла праз зараснік, не тоячыся, пад яе нагамі шумна шамацела лісце. З цёмнага неба пасыпаў дождж, рэдкія, буйныя кроплі цяжка пляскалі па сухім лісці. Маці спынілася, пастаяла ў мокрым гушчары і павярнула назад — зрабіла тры крокі да вялікай купы ажынніку і раптам рэзка павярнула і пайшла ў лагер. Перабраўшыся цераз рэчку, яна выйшла да маставой трубы і па насыпе паднялася на шашу. Дождж сціх, але хмары засцілалі неба. Раптам яна пачула за спінай крокі і апасліва абярнулася. На дарозе цьмяна памільгваў агеньчык кішэннага ліхтарыка. Маці пайшла далей, Неўзабаве яе дагнаў нейкі чалавек. З далікатнасці ён не пасвяціў ёй у твар, а скіраваў прамень ліхтарыка на зямлю.
— Добры вечар, — павітаўся чалавек.
— Добрага здароўя, — адказала маці.
— Відаць, дажджы пачынаюцца.
— Не хацелася б. Спыніцца збор бавоўны. А нам трэба збіраць.
— І мне таксама трэба. Вы з гэтага лагера?
— Так, сэр.
Яны ішлі ў нагу.
— У мяне дваццаць акраў пад бавоўнай. Я крыху запазніўся з сяўбой, але цяпер бавоўна паспела ўжо. Дай, думаю, схаджу ў лагер, можа, зборшчыкаў знайду.
— Знойдзеце, вядома. У нас збор ужо да канца падыходзіць.
— Вось і добра. Да мяне ўсяго адна міля адсюль.
— Нас шасцёра, — сказала маці. — Трое мужчын, я і двое дзяцей.
— Я павешу аб'яву. За дзве мілі ад лагера на гэтай шашы.
— Мы раніцай прыедзем.
— Толькі каб дажджу не было.
— Ага. Дваццаць акраў абабраць нядоўга.
— Чым хутчэй, тым лепш. Запазнілася мая бавоўна. Зацягнуў я з пасадкай.
— А колькі вы плаціце, містэр?
— Дзевяноста цэнтаў.
— Мы пойдзем на збор. Кажуць, у наступным годзе семдзесят пяць будуць плаціць, а то і шэсцьдзесят.
— Я таксама такое чуў.
— Дабром гэта не скончыцца, — сказала маці.
— Вядома. Я сам ведаю. У такой драбязы, як я, выбару няма. Плату ўстанаўлівае Асацыяцыя, а з ёю не лічыцца нельга. Не палічышся — прапала твая ферма. На дробных гаспадароў увесь час наступаюць.
Яны падышлі да лагера.
— Мы пойдзем да вас, — сказала маці. — У нас тут бавоўны зусім ужо мала засталося. — Яна збочыла да крайняга вагона і паднялася па сходках. Цьмянае святло ліхтара кідала змрочныя цені навокал. Бацька, дзядзька Джон і трэці — пажылы мужчына сядзелі на кукішках, прыхінуўшыся да сцяны.
— Хэло, — сказала маці. — Добры вечар, містэр Уэйнрайт.
Уэйнрайт падняў галаву. Рысы твару ў яго былі тонкія, быццам вытачаныя, вочы сядзелі глыбока пад густымі брывамі. Мяккія сівыя валасы адлівалі блакітам. Чэрненае срэбра барады закрывала яго скулы і падбародак.
— Вечар добры, мэм, — адказаў ён.
— Заўтра пойдзем на збор, — паведаміла маці. — Каля мілі на поўнач адсюль. Дваццаць акраў.
— Відаць, лепш паехаць на грузавіку, — сказаў бацька. — Раней прыедзем — больш збяром.
Уэйнрайт парывіста ўскінуў галаву:
— А што, калі і нам пайсці?
— Канешне. Мы з гаспадаром разам ішлі сюды. Яму патрэбны зборшчыкі.
— Тут ужо мала што засталося. Другі раз амаль няма чаго збіраць. Нічога не заробіш. З першага разу ўсё падчыстую бяруць.
— Вы з намі можаце паехаць, — прапанавала маці. — Бензін папалам.