Выбрать главу

— Вось гэта па-сяброўску, мэм.

— І нам і вам выгада, — сказала маці.

Бацька сказаў:

— У містэра Ўэйнрайта праблема — прыйшоў да нас на раду. Мы тут сядзелі, разважалі.

— А што такое?

Уэйнрайт апусціў вочы.

— Ды вось Эгі, — сказаў ён. — Падрасла дзяўчына… шаснаццаты год канчаецца, зусім дарослая стала.

— Эгі ў вас прыгожанькая, — сказала маці.

— А ты перш паслухай, — абарваў яе бацька.

— Эгі і ваш Эл кожны вечар гуляюць. Эгі дзяўчына здаровая, нармальная, ёй мужа трэба, а то бяды чакаць нядоўга. У нас у сям'і ніколі нічога такога не было. А цяпер мы жывём у нястачы. Вось мы з місіс Уэйнрайт і непакоімся. Што, калі бяда з ёю здарыцца?

Маці расклала матрац і села на яго.

— Яны разам гуляць пайшлі? — запыталася яна.

— Заўсёды разам, — адказаў Уэйнрайт. — І так кожны вечар.

— Гм… Што ж, Эл хлопец добры. Пеўнік — гэта ў ім трохі ёсць, але хлопец ён добры, стойкі. Я лепшага сына і не хацела б.

— На Эла мы і не скардзімся! Як чалавек ён нам падабаецца. Але чаго мы з жонкай баімся… разумееце, Эгі ўжо дарослая дзяўчына. Вось мы куды-небудзь адлучымся ці вы, а вернемся і… Што тады? У нас у сям'і такой ганьбы ніколі не было.

Маці мякка прамовіла:

— Мы падумаем, параімся… Ганьбіць вас не будзем.

Госць паспешліва падняўся на ногі.

— Дзякую вам, мэм. Эгі ўжо дарослая. Яна дзяўчына добрая… добрая і сціплая. Калі ўберажаце яе ад ганьбы, мы будзем вам вельмі ўдзячныя. Эгі не вінаватая — вырасла дзяўчына.

— Бацька наш пагаворыць з Элам, — сказала маці. — Калі не захоча, дык я пагавару з ім.

Уэйнрайт сказаў:

— Дык добрай вам ночы, і вялікі дзякуй. — Ён пайшоў за брызентавы полаг. Чутно было, як ён на сваёй палове паведамляў жонцы пра вынікі перамоваў.

Маці з хвіліну прыслухоўвалася, потым сказала мужчынам:

— Перасядзьце сюды, бліжэй.

Бацька і дзядзька Джон цяжка падняліся з кукішак. Яны селі на матрац побач з маці.

— А малыя дзе?

Бацька паказаў на кут:

— Руці накінулася на Ўінфілда і ўрэзала яму. Я загадаў ім легчы спаць. Пэўна, заснулі. Разашарна пайшла да нейкай знаёмай жанчыны.

Маці ўздыхнула і ціха прамовіла:

— Я знайшла Тома. І… сказала, каб ён ішоў адгэтуль. Куды-небудзь далёка.

Бацька паволі паківаў галавой. Дзядзька Джон уткнуўся падбародкам у грудзі.

— Нічога больш яму не застаецца, — сказаў бацька. — Як ты думаеш, Джон?

Дзядзька Джон падняў галаву.

— Нічога разумнага я вам не скажу, — адказаў ён. — Апошнім часам жыву як у сне.

— Том у нас добры, — сказала маці. Потым дадала, нібы просячы прабачэння: — Гэта я не ў крыўду табе сказала, што сама пагавару з Элам.

— Я ведаю, — спакойна сказаў бацька. — Ад мяне цяпер карысці мала. Увесь час толькі і думаю пра тое, як было раней. Толькі і думаю пра наш дом там, у Аклахоме. Я яго больш ніколі ўжо не ўбачу.

— Тут мясціны лепшыя… прыгажэйшыя, — сказала маці.

— Яно так. Але я тут нічога нават не заўважаю — у думках бачу, як з нашай вярбы лісце асыпаецца. Бывае, раптам успомню: трэба дзірку забіць у плоце, што з паўднёвага боку. Дзіўна: жанчына кіруе сям'ёй! Жанчына камандуе: тое зробім, туды паедзем… А мне хоць бы што.

— Жанчыне лягчэй перамяніцца, — заспакойліва сказала маці. — У жанчыны ўсё яе жыццё ў яе на руках. А ў мужчыны — у галаве. Ты не тужы. Можа… можа, у наступным годзе ў нас будзе свой кут.

— У нас нічога няма, — сказаў бацька. — Цяпер ужо доўга не знойдзем работы, ураджаі сабраныя… Што далей будзем рабіць? Што есці будзем? Разашарне ўжо час падыходзіць. Так ужо нас прыціснула, што і падумаць страшна. Вось я і капаюся ў мінулым, каб думкі неяк адцягнуць. Відаць, скончана наша жыццё.

— Не, не скончана. — Маці ўсміхнулася. — Не скончана, бацька. Гэта жанчыне таксама дадзена ведаць. І вось што я заўважыла. Мужчына, ён жыве рыўкамі: дзіця народзіцца, памрэ хто — рывок; ферму купіць, страціць сваю ферму — рывок. А ў жанчыны жыццё цячэ роўна, як рэчка — дзе крыху завіецца на вірах, закіпіць на вадаскатах, але рэчка бяжыць усё далей і далей. Вось як жанчына разважае. Усе мы не памрэм. Народ, ён будзе жыць — можа, і пераменіцца трохі, але жыць будзе заўсёды.

— Адкуль ты ведаеш? — папытаўся дзядзька Джон. — Што можа перашкодзіць жыццю спыніцца? Людзі стаміліся, ім толькі каб легчы і забыцца.

Маці задумалася. Яна пацерла тыльны блішчасты бок адной рукі далонню другой і перапляла пальцы.

— На гэта адразу не адкажаш, — сказала яна. — Мне здаецца: усё, што мы робім, усё вядзе нас далей і далей. Так мне здаецца. Нават калі ты галадаеш, калі хварэеш; некаторыя памруць, але астатнія толькі мацнейшымі робяцца. Трэба дзень за днём трымацца, сённяшнім жыць.