Кошка зноў падкралася да людзей і села між імі, выцягнуўшы на дошках ганка хвост і паторгваючы вусамі. Сонца зусім нізка апусцілася да гарызонту, пыльнае паветра здавалася залаціста-чырвоным. Кошка асцярожна выцягнула лапку і кранула Джоўдаў пінжак. Джоўд азірнуўся.
— Чорт! Зусім забыўся пра чарапаху. Навошта яна мне цяпер?
Ён раскруціў чарапаху і засунуў яе пад дом. Але яна адразу вылезла адтуль і папаўзла, як і раней, на паўднёвы захад. Кошка скокнула і ўдарыла чарапаху лапай па выцягнутай галаве, драпанула кіпцюрамі па нагах. Старая насмешлівая лускаватая галава схавалася, тоўсты хвост шуснуў убок пад панцыр, і, калі кошка, знудзіўшыся ад чакання, адышла ад яе, чарапаха зноў пакіравала на паўднёвы захад.
Том Джоўд і прапаведнік Кейсі глядзелі, як чарапаха ідзе, — няспешна перабірае нагамі і штурхае свой цяжкі выпуклы панцыр дакладна ў адным кірунку. Кошка нейкі час кралася за ёю, потым тугім лукам выгнула спіну, пазяхнула і, тоячыся, вярнулася да людзей, што сядзелі на ганку.
— І куды яе панесла? — запытаўся Джоўд. — Колькі я ўжо гэтых чарапах пабачыў на сваім вяку! Заўсёды некуды паўзуць. Заўсёды ім кудысьці трэба.
Шэрая кошка зноў села між імі, крыху ззаду. Павекі яе раз-пораз зліпаліся. Шкурка на спіне торгнулася да шыі ад блышынага ўкусу і паволі адышла назад. Кошка падняла лапку, абнюхала яе, выпусціла кіпцюры, схавала іх і лізнула падушачкі бледна-ружовым языком. Чырвонае сонца кранулася гарызонту і распаўзлося, як медуза, небасхіл над ім пасвятлеў і нібы ажыў. Джоўд разгарнуў пінжак і ўзяў свае новыя жоўтыя чаравікі. Перш чым надзець іх на ногі, ён змахнуў далонню пыл з голых ступняў.
Раптам прапаведнік, які ўглядаўся праз палі ўдалячынь, сказаў:
— Сюды нехта ідзе. Глядзі! Вунь, проста праз бавоўнік.
Джоўд павярнуў галаву ў той бок, куды паказваў пальцам Кейсі.
— Ага, праўда нехта ідзе, — сказаў ён. — Такі пыл падняў, што і не разгледзіш. Каго гэта чорт нясе? — Яны сачылі за постаццю, што набліжалася да іх у вячэрнім святле, і пыл, які ўзнімаўся з-пад яе ног, заходняе сонца афарбавала ў чырвань. — Мужчына, — сказаў Джоўд. Чалавек падыходзіў усё бліжэй, і, калі ён параўняўся са свірнам, Джоўд сказаў: — Гэ, я яго ведаю. І ты яго ведаеш — гэта М'юлі Грэйуз. — І гукнуў: — Гэй, М'юлі! Здарова!
Чалавек раптам спыніўся — спалохаўся вокліку, а потым пайшоў шпарчэй. Ён быў худы, нізкаваты ростам. Рухі яго былі рэзкія і хуткія. У руцэ ён трымаў джутавы мех. Сінія джынсы на каленях і ззаду злінялі, стары чорны пінжак ад былога гарнітура быў увесь у плямах, рукавы на плячах выдраліся з проймаў, на локцях працерліся да дзірак. Чорны капялюш быў такі ж брудны, як і пінжак, і стужка трымалася толькі адным канцом — другі матляўся пры кожным кроку. Твар у М'юлі быў гладкі, без маршчын, але насуплены, як у капрызнага дзіцяці, губы сцяліся ў вузкую шчылінку, у маленькіх вочках ці то гнеў, ці то горыч.
— Ты памятаеш М'юлі? — запытаўся Джоўд у прапаведніка.
— Вы хто такія? — крыкнуў ім на хаду М'юлі Грэйуз. Джоўд не адказаў. М'юлі падышоў бліжэй, яшчэ бліжэй і нарэшце разгледзеў твар тых, хто сядзеў на ганку. — Тфу ты, чорт! — выгукнуў ён. — Гэта ж Томі Джоўд! Калі цябе выпусцілі, Томі?
— Два дні назад, — адказаў Джоўд. — Дабіраўся дамоў на спадарожных машынах. І глянь, што я ўбачыў. Дзе ўсе мае, М'юлі? Чаму дом развернуты, а двор бавоўнай засеяны?
— Дзякуй богу, што я міма ішоў, — сказаў М'юлі. — Стары Том вельмі непакоіўся за цябе. Калі твае сабраліся выязджаць, я тут у вас на кухні сядзеў. Сказаў Тому, што адсюль нікуды не пайду, так і сказаў, далібог, праўда, а Том мне кажа: «Баюся я дужа за Томі. Раптам ён вернецца, а нас нікога няма. Што ён падумае?» Я кажу: «Можа б, ты яму пісьмо напісаў?» А Том мне: «Можа, і напішу. Падумаю. А калі не, дык ты ўжо на ўсялякі выпадак паглядай, калі застанешся: Томі, можа, вернецца». «Я застануся тут, кажу, аж пакуль усе чэрці ў пекле не перамерзнуць. Яшчэ не нарадзіўся той чалавек, які згоніць М'юлі Грэйуза з гэтай зямлі». І так і не сагналі пакуль што.
Джоўд нецярпліва перабіў яго:
— Дзе ж мае ўсе? Як ты тут ваяваў, потым раскажаш. Куды мае падзеліся?
— Калі банк пачаў усё заворваць трактарамі, яны таксама вырашылі не здавацца. Дзед твой выйшаў са стрэльбай, пачаў страляць і пацэліў у фару, а трактар усё роўна ідзе. Хлопца, што сядзеў за штурвалам, стары забіваць і не думаў, а гэта быў Уілі Філі, і Ўілі ведаў, што баяцца яму няма чаго — папёр проста на дом і як дзеўбане яго, як трасяне, ну як сабака пацука. Тут старога Тома ўсяго і перакруціла. Нешта з ім сталася. З таго часу сам не свой зрабіўся.