Выбрать главу

— Дзе ж яны цяпер?

— Дык я ж расказваю. Тры разы ганялі фургон дзядзькі твайго Джона. Пліту вывезлі, помпу і ўсе ложкі. Ты толькі паглядзеў бы, як ложкі везлі, — разам з малымі, бабка з дзедам прымасціліся ў галавах, а брат твой Ной сядзіць сабе, пакурвае цыгарэтку і сплёўвае цераз борт, быццам гэта яго не тычыцца. — Джоўд адкрыў рот, каб нешта сказаць, але М'юлі апярэдзіў яго: — Яны ўсе ў дзядзькі Джона.

— А-а!.. у Джона! А што яны там робяць? Пачакай жа хвілінку, М'юлі, не лапачы, спачатку адкажы мне, а потым гавары сабе што хочаш. Што ж яны там робяць?

— Бавоўну акучваюць — усе, нават малыя і дзед твой. Грошы збіраюць, машыну хочуць купіць і на Захад ехаць — там лягчэй жывецца. Тут зусім кепска. За акучванне пяцьдзесят цэнтаў з акра, ды яшчэ і такую работу трэба вымольваць.

— Яны яшчэ не паехалі?

— Не, — адказаў М'юлі. — Думаю, не. Апошні раз чуў пра іх дні чатыры назад: Ноя сустрэў — ён паляваў на трусоў, сказаў, што яны збіраюцца ехаць тыдні праз два. Джона таксама папярэдзілі, каб выязджаў. Ты да Джона ідзі — усяго восем міль. Усе яны там — набіліся ў хату, як на зіму суслікі ў нару.

— Ну добра, — сказаў Джоўд. — Цяпер садзіся на свайго канька і давай. Ты ні кропелькі не перамяніўся, М'юлі. Пачнеш расказваць пра адно, а цябе цягне на другое — тыцкаешся то туды, то сюды.

М'юлі агрызнуўся:

— І ты ж не перамяніўся. Малым як быў развязны нахаба, такі і застаўся. Ці не вучыць мяне, як жыць, сабраўся?

— Не, ані. Калі табе закарціць усунуцца галавой у кучу бітага шкла, ніхто ўжо цябе не адгаворыць — усё роўна палезеш. А прапаведніка нашага ты пазнаеш, М'юлі? Гэта ж яго прападобнасць Кейсі.

— А як жа, вядома, пазнаю. Я на яго адразу проста не паглядзеў. Добра яго памятаю.

Кейсі падняўся з ганка, і яны паціснулі адзін аднаму рукі.

— Рады бачыць цябе, — сказаў М'юлі. — Чорт ведае колькі часу ты ў нашых краях не паказваўся.

— Я пайшоў адсюль, каб разабрацца ў некаторых сумненнях, — адказаў Кейсі. — А што тут такое нарабілася? Чаму людзей з зямлі зганяюць?

У М'юлі так моцна сцяліся губы, што верхняя, як дзюбка папугая, навісла над ніжняй. Бровы насупіліся.

— Мярзотнікі! Сукіны дзеці! — сказаў ён. — Будзьце пэўныя, я з месца не скрануся. Ад мяне яны так проста не збавяцца. Як прагоняць, я зноў вярнуся, а калі яны думаюць уціхамірыць мяне, загнаўшы на той свет, дык добра, я прыхаплю з сабой дваіх-траіх гэтай сволачы за кампанію. — Ён паляпаў рукой па выпнутай кішэні пінжака. — Нікуды адсюль я не пайду. Бацька мой прыйшоў сюды пяцьдзесят гадоў таму назад. І я адсюль нікуды не пайду.

Джоўд запытаўся:

— А навошта спатрэбілася ім зганяць людзей з зямлі?

— О, яны тут шмат чаго нагаварылі! Ты ж памятаеш, як было апошнія гады. Пыл узнімаўся такі, што ўсё скрозь засыпаў і паганіў, і ўраджаю не хапала нават на тое, каб заткнуць зад аслу. Усе ў даўгі залезлі да бакалейшчыка. А ты ведаеш, што гэта такое. Тады тыя, каму належыць зямля, пачалі гаварыць: «Арандатары нам больш не па кішэні. Тая доля, якая ідзе ім, — гэта той мінімальны прыбытак, які мы не можам дазволіць сабе страціць». І яшчэ: «Калі мы збяром усю нашу зямлю ў адно, дык і тады яна ледзь-ледзь акупіцца». І трактарамі ўсіх здольнікаў з фермаў сагналі, усіх, акрамя мяне, і, далібог, праўда, я адсюль не пайду. Ты мяне ведаеш, Томі. Колькі жывеш, мяне ведаеш.

— Чыстая праўда, — сказаў Джоўд, — колькі жыву.

— Дык вось, разумееш, я не дурань. Канешне, зямля тут не вельмі добрая. І ніколі добрай не была, на ёй толькі скаціну пасвіць. Цаліну тут дарма разворвалі. А пад бавоўнай яна амаль зусім як мёртвая стала. Калі б мяне ніхто адсюль не гнаў, я, можа, даўно ўжо з'ехаў бы ў Каліфорнію — вінаград там еў бы і апельсінчыкамі, як захочацца, ласаваўся. Але калі сукіны гэтыя сыны загадваюць мне выбірацца… дык Хрыстом-богам клянуся, не падпарадкуюся я такому загаду!

— Правільна, — сказаў Джоўд. — Проста розуму не дабяру, чаму гэта бацька так лёгка скарыўся. І дзіўна, што дзед нікога не падстрэліў. Ён нікому не дазваляў над сабой верхаводзіць. І маці не цярпела ніякіх указчыкаў. Я раз бачыў, як яна вандроўнага гандляра рондалямі жывой курыцай біла за тое, што ён ёй слова насуперак сказаў. У адной руцэ курыца, у другой сякера — збіралася галаву ёй адсекчы. Пайшла на чалавека з сякерай, але забылася, што ў якой руцэ, і давай яго курыцай лупіць. Курыца гэтая нам так у талерку і не трапіла. Нічога ад яе не засталося — адны ногі ў руцэ. Дзед ледзьве са смеху не лопнуў. Дык чаму ж гэта мае так адразу з месца зняліся?