Выбрать главу

— Ды вось прыехаў да нас сюды адзін малойчык і пачаў угаворваць і мазгі нам круціць. «Вам, кажа, трэба ехаць адсюль. Толькі я тут не вінаваты». — «Дык хто ж, пытаюся, вінаваты? Скажыце хто, і я ведаю, што з ім зраблю». — «Гэта ўсё Зямельна-жывёлагадоўчая кампанія Шоўні. А я ўсяго толькі загад выконваю». — «А хто ён такі, гэты Шоўні?» — «Чалавека такога няма. Гэта кампанія». Проста да шаленства давёў. Выходзіць, і скардзіцца няма на каго. Шмат хто страціў надзею знайсці каго-небудзь, на кім можна было б гнеў свой спагнаць, а я стаю на сваім. У мяне ўся кроў кіпіць. Я нікуды адсюль не пайду.

Вялізная чырвоная кропля сонца памарудзіла над гарызонтам, потым упала ўніз і знікла, неба над тым месцам заззяла, і рванае воблачка акрываўленай анучкай павісла на небакраі. Усходнюю частку неба зацягнула празрыстай імглой, і на зямлю з усходу папоўз змрок. Скрозь сутонне трымцела, пабліскваючы, першая вячэрняя зорка. Шэрая кошка пракралася да свірна і ценем шмыгнула ў адчыненыя дзверы.

Джоўд сказаў:

— Ну, восем міль да дзядзькі Джона мы сёння ўжо не асілім. Капыты мае агнём гараць. Можа, пойдзем да цябе, М'юлі? Гэта ж усяго каля мілі.

— Ніякага толку. — Выгляд у Грэйуза зрабіўся збянтэжаны. — Мае ўсе ў Каліфорнію паехалі — і жонка, і дзеці, і швагер. Не было чаго есці. Яны не так азлобіліся, як я, сабраліся і паехалі. Нідзе тут няма ніякай ежы.

Прапаведнік нервова заёрзаў на месцы.

— Табе таксама трэба было ехаць, М'юлі, — сказаў ён. — Сям'ю нельга разбіваць.

— Не мог я. Ну вось быццам нешта ўчапілася ў мяне і не пускае.

— Божа, як я прагаладаўся, — сказаў Джоўд. — Цэлыя чатыры гады еў па гадзінах — хвіліна ў хвіліну. А цяпер кішкі марш іграюць. Ты што будзеш есці, М'юлі? Як ты цяпер кормішся?

М'юлі сарамліва адказаў:

— Спачатку еў жаб, вавёрак, зрэдку сабачак лугавых. А што было рабіць? Але цяпер я стаўлю драцяныя сілкі на праторынах у сухім хмызе каля ручая. Зайцы трапляюць, а то і цяцерка пападзецца. Здараецца — скунсы, яноты. — Ён нахіліўся, падняў свой мяшок і вываліў з яго ўсё на ганак. Два трусы і заяц глуха шмякнуліся на дошкі мяккімі пушыстымі камячкамі.

— Божа мілы! — усклікнуў Джоўд. — Я ўжо больш за чатыры гады ў рот не браў свежай дзічыны.

Кейсі падняў аднаго труса і спытаўся, трымаючы яго ў руцэ:

— Падзелішся з намі, М'юлі Грэйуз?

М'юлі неяк няёмка пакруціўся.

— Выбіраць не даводзіцца, — сказаў ён і змоўк, збянтэжаны недалікатнасцю сваіх слоў. — Не тое хацеў я сказаць. Не тое. Я меў на ўвазе… — ён запнуўся, — я вось што меў на ўвазе: калі ў аднаго чалавека ёсць харч, а другі стаіць побач галодны… дык тут выбіраць не даводзіцца. Ну дапусцім, я забяру сваіх трусоў, адыду ўбачок і сам іх праглыну, адзін… Разумееш?

— Разумею, — адказаў Кейсі. — Яшчэ як разумею. Бачыш, Том, М'юлі да нечага дадумаўся. За нешта такое ўхапіўся, толькі яно задужа цяжкое яго разуменню, і майму таксама.

Том радасна пацёр рукі:

— У каго ножык ёсць? Зараз мы возьмемся за гэтых небарак грызуноў. Ужо ж мы іх разбяром!

М'юлі ўсунуў руку ў кішэню штаноў і выняў вялікі складаны нож з рагавымі тронкамі. Том Джоўд узяў яго, адсланіў адно лязо і панюхаў. Потым некалькі разоў ткнуў лязом у зямлю, зноў паднёс да носа, выцер аб калашыну і паспрабаваў вастрыё вялікім пальцам.

З задняй кішэні штаноў М'юлі дастаў вялікую пляшку з вадой і паставіў на ганак.

— На ваду не вельмі налягайце, — сказаў ён. — Гэта ўсё, што ёсць, а калодзеж тут завалілі.

Том узяў труса.

— Схадзіце хто ў свіран, пашукайце там дроту пакавальнага. Агонь распалім з паламаных дошак абшыўкі. — Ён агледзеў труса. — Труса разабраць няма лягчэй. — Ён адцягнуў шкурку на спінцы, крыху падрэзаў яе, усунуў у дзірку пальцы і рвануў. Скура знялася, як панчоха, — саслізнула з цельца да самай шыі, да лапак. Тады паклаў шкурку на зямлю, успароў трусу жывот; вываліў на шкурку вантробы і кінуў усё ў бавоўнік. На ганку ляжала амаль гатовае да смажання маленькае цельца з аголенымі мышцамі. Джоўд адсек усе чатыры нагі і разрэзаў удоўж мясістую спінку. Калі ён ужо ўзяўся за другога труса, да ганка падышоў Кейсі са зблытаным скруткам дроту. — Цяпер раскладзіце агонь і ўваткніце ў зямлю калю, — сказаў Джоўд. — Божа, які ў мяне апетыт разыграўся на гэтых звяркоў! — Ён выпатрашыў другога труса і зайца, парэзаў іх і нанізаў кавалкі мяса на дрот. М'юлі з Кейсі адарвалі ад развернутага вугла некалькі дошак, распалілі вогнішча і з двух яго бакоў усадзілі ў зямлю па калку для дроту.