М'юлі падышоў да Джоўда.
— Глянь, ці няма на зайцы гнайнікоў, — сказаў ён. — Не люблю есці зайцоў са скуламі. — Ён выняў з кішэні маленькі мяшэчак і паклаў на ганак.
Джоўд сказаў:
— Заяц чысценькі, як яблычак. Ох, М'юлі, ты і соллю запасся! У цябе ў кішэні, можа, і талеркі выпадкам знойдуцца і палатка? — Ён адсыпаў сабе на далонь солі і пасаліў кавалкі мяса, насаджаныя на дрот.
Затрапяталіся высокія языкі полымя, адкідваючы цені на сцены дома, сухое дрэва патрэсквала і страляла. Неба ўжо амаль зусім пачарнела, на ім выразна вылучаліся зоркі. Шэрая кошка выйшла са свірна і, мяўкаючы, пабегла да агню, але каля самага вогнішча скіравала ў кусты бавоўніку, да кучкі вантробаў. Яна кусала і прагна глытала, і з яе рота звісалі доўгія кішкі.
Кейсі сеў каля вогнішча, кідаў у агонь трэскі і падсоўваў у яго доўгія дошкі, калі яны абгаралі на канцах. Кажаны гойсалі ўзад і ўперад у слупе святла над вогнішчам. Кошка, нізка прыпаўшы да зямлі, выйшла з кустоў, села і пачала аблізвацца, мыць пыску, чысціць вусы.
Джоўд узяў аберуч дрот з нанізанымі на яго кавалкамі мяса і падышоў да вогнішча.
— Ану, М'юлі, бярыся за адзін канец. Накруці вунь на гэты калок. Ага, вось так, добра. Цяпер давай тужэй нацягнем. Лепш было б пачакаць, пакуль касцёр не выгарыць, але ў мяне ніякага ўжо цярпення. — Ён напяў дрот, падняў з зямлі палачку і перасунуў кавалкі мяса так, каб яны апынуліся над самым агнём. Агонь пачаў лізаць мяса, яно зацвярдзела і пакрылася глянцавітай скарынкай. Джоўд сеў на зямлю і стаў палачкай паварочваць мяса, каб яно не прыпяклося да дроту. — Зараз пабалюем! — сказаў ён. — У М'юлі ўсё ёсць — і соль, і вада, і трусяціна. Вось каб яшчэ і гаршчэчак мамалыгі знайшоўся ў яго ў кішэні! Гэта верх майго жадання.
М'юлі сказаў цераз вогнішча:
— Вы, хлопцы, пэўна, думаеце, што я ненармальны і што гэтак жыць нельга.
— Яшчэ чаго — ненармальны! — сказаў Джоўд. — Калі ты ненармальны, дык хай бы ўсе былі такія.
М'юлі гаварыў далей:
— Вось што дзіўна, панове. Калі мне загадалі з месца знімацца, са мной сам не ведаю што такое зрабілася. Спачатку вырашыў: пайду і пераб'ю ўсіх без разбору. Потым мае ўсе паехалі на Захад. Пачаў я бадзяцца па наваколлі. Усё недзе тут. Далёка не адыходзіў. Спаў дзе папала. Сёння надумаў у вас заначаваць. З гэтым і прыйшоў сюды. Бадзяюся з месца на месца, а сам сабе кажу: «Трэба і наглядаць за чужым дабром, каб усё было ў парадку, калі людзі вернуцца». Але я ведаў, што гэта няпраўда. Няма за чым тут наглядаць. І ніхто сюды ўжо не вернецца. А я блукаю тут, як здань на могілках.
— Чалавек прывыкае да месца, яму з ім цяжка расстацца, — сказаў Кейсі. — І да думак сваіх таксама прывыкаеш, ніяк ад іх не пазбавішся. Я ўжо больш не прапаведнік, але бясконца лаўлю сябе раптам на тым, што, сам таго не ведаючы, малітвы кажу.
Джоўд перавярнуў кавалкі мяса на дроце. З іх ужо капаў сок, і ў тым месцы, куды падалі кроплі, успыхваў язычок полымя. Гладкая паверхня мяса пачала маршчыніцца і рабіцца бледна-карычняватай.
— Панюхайце, — сказаў Джоўд. — Вы толькі гляньце і панюхайце!
М'юлі не замаўкаў:
— Як здань на могілках. Абышоў усе памятныя мне месцы. Вось ёсць за нашым надзелам кустоўе ў лагчынцы. Я там першы раз з дзяўчынай лёг. Было мне тады чатырнаццаць, і я тупаў, тузаўся і соп, як рагач, і быў настырны, як казёл. Прыйшоў я туды, лёг на зямлю, і быццам зноў са мной усё гэта адбылося. А яшчэ ёсць месца каля павеці, дзе бацьку бык насмерць забадаў. Там яго кроў на зямлі, і цяпер яна там засталася. Ніхто ніколі не змываў. І я паклаў руку на зямлю, што насыцілася крывёю майго таты. — Ён памаўчаў. — Вы думаеце, я ненармальны?
Джоўд паварочваў мяса, позірк у яго быў задумлівы. Кейсі падцягнуў калені да падбародка і ўтаропіўся на агонь. Крокаў за пятнаццаць ад людзей сядзела сытая ўжо кошка, акуратна абвіўшы хвастом пярэднія лапкі. Вялікая сава з крыкам праляцела над вогнішчам, і агонь асвятліў знізу яе белае пер'е і распасцёртыя крылы.
— Не, — сказаў Кейсі. — Проста ты нудзішся ад адзіноты, але ты нармальны.
Маленькі, туга абцягнуты скурай твар М'юлі быццам скамянеў.
— Я паклаў руку на тое самае месца на зямлі, дзе яшчэ і цяпер яго кроў. Убачыў бацьку з дзіркай у грудзях і адчуў, як ён дрыжыць, прыціснуўшыся да мяне. Потым ён паваліўся на спіну і выцягнуў рукі і ногі. Вочы памутнелі ад болю, пасля ён заціх, вочы зноў сталі ясныя… і ў неба глядзяць. Я быў яшчэ зусім малы, сяджу, не плачу, не крычу, проста сяджу і маўчу. — М'юлі таргануў галавой. Джоўд усё важдаўся з мясам на дроце. — А яшчэ я зайшоў у пакой, дзе нарадзіўся наш Джо. Ложка няма, але пакой як быў, такі і застаўся. Усё, што было, не знікла — засталося там, дзе адбылося. Там з'явіўся на свет Джо. Шырока раскрыў рот, уцягнуў паветра і як закрычыць — за мілю чуваць было, а бабка стаіць побач і ўсё прыгаворвае: «Красачка ты мая, ах ты мая красачка!» Паўтарае і паўтарае. І так заганарылася ўнукам сваім, што за адзін вечар тры кубкі разбіла.