Вытры ногі. Не прыхінайся да гэтай машыны. Яна брудная. Якую выбраць? Колькі наогул яны каштуюць? Пасачы за дзецьмі. Цікава, колькі яны хочуць за гэтую. Зараз спытаем. За спрос грошай не плоцяць. Спытацца ж можна. Больш за семдзесят пяць ні на адзін пяціцэнтавік даць не магу, а то да Каліфорніі не дабяромся.
Госпадзі, ну каб хоць яшчэ з сотню гэтых дамавін на колах! На хаду ці не на хаду — мне няважна.
Пакрышкі, старыя сцёртыя пакрышкі, наваленыя высокімі штабелямі; камеры — чорныя, шэрыя — вісяць, як кілбасы.
Латкі на камеры? Парашок для чысткі радыятараў? Іскравы кандэнсатар? Укіньце вось гэту пілюльку ў бензабак і атрымаеце лішніх дзесяць міль з кожнага галона. Вось палітура — усяго пяцьдзесят цэнтаў, і кузаў будзе як новенькі. «Дворнікі», рэмень вентылятара, пракладкі? Ну што для вас значыць адзін пяціцэнтавік?
Выдатна, Джо. Ты іх яшчэ крыху апрацуй і вядзі да мяне. А я ўжо іх абламаю — уламлю або зламлю. Толькі балбатуноў не прыводзь. Хачу бізнес рабіць.
Калі ласка, сэр, заходзьце, заходзьце. Вам гэта проста знаходка. Так, сэр. Усяго восемдзесят даляраў, проста знаходка.
— Больш за пяцьдзесят я даць не магу. Мне ваш чалавек сказаў — пяцьдзесят.
Пяцьдзесят… Пяцьдзесят? Ён ачмурэў! Я сам заплаціў за гэту красуню семдзесят даляраў. Ты што, Джо, з глузду з'ехаў? Хочаш пусціць мяне з торбай? Давядзецца прагнаць гэтага ёлупа. Можа, сыдземся на шасцідзесяці? Вось што, містэр, дзень кароткі. Я чалавек дзелавы, а не махляр. Можа, у вас ёсць што-небудзь узамен грошай?
Ёсць пара мулаў, я даплаціў бы імі.
Пара мулаў? Гэй, Джо, ты чуеш? Ён прапануе расплаціцца муламі. А вы хіба не ведаеце, што мы жывём у век машын? Мулы цяпер ідуць толькі на сталярскі клей.
Добрыя, дарослыя мулы — аднаму пяць, другому сем гадоў. Што ж, пашукаю ў іншым месцы.
У іншым месцы? Прыходзіце да занятых людзей, час забіраеце і ідзяце з пустымі рукамі. Джо, хіба ты адразу не зразумеў, што маеш справу са жміндам?
Я не жмінда. Мне патрэбна машына. Мы ў Каліфорнію едзем. Мне машына патрэбна.
Ну добра, няхай я прасцячок. Джо лічыць мяне прасцячком. Калі будзеце, кажа, здымаць з сябе апошнюю кашулю, з голаду здохнеце. Вось мы як зробім: я вазьму вашых мулаў па пяць даляраў за галаву на корм сабакам.
Не, навошта ж на корм.
Ну, я мог бы раскашэліцца і даць па сем ці дзесяць. Дык я скажу вам, як мы зробім. Я бяру вашых мулаў за дваццаць і яшчэ павозку ў прыдачу, згодны? Пяцьдзесят вы заплоціце наяўнымі, а на астатнія дасце вэксаль і будзеце пагашаць па дзесяць даляраў у месяц.
Вы ж сказалі — восемдзесят.
А хіба вы ніколі не чулі пра накладныя выдаткі і пра страхоўку? Гэта крыху павышае цану. За якіх чатыры-пяць месяцаў вы ўсё выплаціце. Распішыцеся вось тут. Мы пра ўсё паклапоцімся.
Проста не ведаю…
Паслухайце. Я гатовы аддаць вам сваю апошнюю кашулю, а вы столькі часу ў мяне аднялі. Я ўжо трох пакупнікоў адпусціў бы за той час, што на вас патраціў. Проста прыкра. Ага, так, распісвайцеся вось тут. Цудоўна, сэр. Джо, схадзі залі бак гэтаму джэнтльмену. Дадзім яму яшчэ і бензіну.
Ну, Джо, дасталося ж нам з табой. Колькі я аддаў за гэту калымагу? Трыццаць зялёненькіх… а не трыццаць пяць? Не я буду, калі не заганю гэтую вупражку за семдзесят пяць, а то які ж я дзялок? Ды яшчэ пяцьдзесят наяўнымі і вэксаль на сорак. Ну так, я ведаю, не ўсе людзі сумленныя, але часам дзіву даешся, як яны ўхітраюцца заплаціць доўг. Адзін выплаціў сотню праз два гады пасля таго, як я спісаў гэтыя грошы ў расход. У заклад іду — гэты выплаціць усё да апошняга. Эх, мне каб толькі раздабыць соцень пяць такіх драндулетаў! Ну, закасвай рукавы, Джо, бярыся за справу. Пайдзі апрацуй яшчэ каго і да мяне прышлі. З гэтай апошняй здзелкі табе перападзе дваццаць зялёненькіх. Ты малайчына, Джо.
Сцяжкі млява паніклі пад дзённым сонцам. Сёння ўцэненая машына — «форд» выпуску 29-га года — «пікап», у поўнай спраўнасці.
А што вы хочаце за пяцьдзесят даляраў — «зефір»?
Конскі волас закручанымі космамі вытыркаецца з падушак, памятыя, аблупленыя крылы. Расхістаныя бамперы вісяць коса. Элегантны двухмесны «форд» з маленькімі каляровымі лямпачкамі — уверсе на радыятары, на крылах і ззаду. Шчыткі ад пырскаў. На рычагу пераключэння скорасцей вялікі штамп фірмы. На кажуху для запасной шыны — яркай фарбай прыгожая дзяўчына і надпіс: «Кора». Папаўднёвае сонца іскрыцца на ветравым шкле.
Госпадзі! Нават пад'есці няма калі. Джо, пашлі хлопчыка па булачку з катлетай.
Перарывісты роў лядашчых машын.
Вунь нейкі ёлупень вытрашчыў вочы на «крайслер». Схадзі дазнайся, ці ёсць манета ў яго ў штанах. Сярод гэтых фермераў трапляюцца і прайдохі такія, што ого! Абгаблюй яго і цягні да мяне. Ты малайчына, Джо.