Выбрать главу

Прапаведнік ціха засмяяўся.

— Паверыш, — сказаў ён, — я вельмі рады, што больш ужо не прапаведнік: ніхто пры мне падобных гісторый не расказваў, а калі, здаралася, хто-небудзь і расказваў, дык я пасмяяцца не мог. І нават вылаяцца не мог. А цяпер магу аблаяць усё, што хачу і калі хачу, і ад сэрца ў мяне неяк адлягае.

Небакрай на ўсходзе азарыўся чырванню, на зямлі заскакалі і гучна зацвыркалі птушкі.

— Глянь, — сказаў Джоўд. — Вунь, наперадзе. Дзядзькава цыстэрна. Ветрака не відаць, а цыстэрна вунь стаіць. Бачыш на фоне неба? — Ён пайшоў шпарчэй. — Толькі б дома былі ўсе.

З-за ўзгорка выступілі абрысы вадзяной цыстэрны. Ад паспешлівых крокаў Джоўда клубы пылу ўзнімаліся яму да самых калень.

— Хоць бы мама…

Завіднеліся ўжо распоркі цыстэрны, дом — маленькі, падобны да скрыні, нейкі голы, нефарбаваны, і свіран — нізенькі, пахілы. З бляшанага коміна ішоў дым. Двор быў увесь беспарадкава застаўлены: зваленая ў кучу мэбля, крылы і механізм ветрака, ложкі, сталы, крэслы…

— Э! Яны ладзяцца ехаць! — выгукнуў Джоўд.

На двары стаяў грузавік з высокімі бартамі — нейкі дзіўны з выгляду грузавік: пярэдняя частка ў яго была, як у лімузіна, а ззаду верх быў зняты, і кузаў прыстасаваны для перавозкі грузаў. Падышоўшы бліжэй, падарожнікі пачулі стук, і, калі над гарызонтам выплыў асляпляльны абадок сонца і яго промні ўпалі на машыну, яны ўбачылі чалавека, у руках у якога, узлятаючы ўгору і апускаючыся, пабліскваў малаток. Сонца ярка гарэла на шыбінах вокнаў. Пацямнелыя ад часу сцены дома зрабіліся светлыя. Дзве рыжыя курыцы быццам запалалі пад адлюстраваным святлом.

— Не гавары моцна, — сказаў Джоўд. — Непрыкметна падкрадзёмся, — і так пашыбаваў, што клубы пылу падымаліся цяпер яму да пояса.

Яны апынуліся на краі баваўнянага поля. Увайшлі ў двор. Зямля тут была цвёрдая, утаптаная, як ток, і толькі дзе-нідзе на ёй прабівалася трава. Джоўд пайшоў цішэй, нібы баючыся чаго. Гледзячы на яго, і прапаведнік збавіў крок. Потым Том паволі пасунуўся наперад і нерашуча збочыў да машыны — шасціцыліндравага легкавога «гудзона», верх якога быў рассечаны на дзве паловы простым, відаць, зубілам. Стары Том Джоўд стаяў у кузаве і прыбіваў верхнія планкі бартоў. Твар яго з пасівелай шчэццю нізка схіліўся над дошкай, з рота тырчаў пучок цвікоў. Ён прыставіў цвік і з грукатам увагнаў яго малатком у дрэва. У доме бразнула канфорка пліты, пачуўся дзіцячы плач. Джоўд падышоў да машыны і прыхіліўся да борта. Бацька глянуў на яго невідушчымі вачыма. Тады паставіў другі цвік і ўбіў у дошку. Галубы чародкай узляцелі з цыстэрны, зрабілі вакол яе круг, вярнуліся на месца і, важна ступаючы, падышлі да самага краю, глянулі ўніз — белыя галубы, блакітнаватыя, шэрыя, з вясёлкавым адлівам на крылах.

Джоўд абхапіў пальцамі ніжнюю планку борта. Глянуў на пастарэлага, з сівізною, чалавека, што стаяў на грузавіку. Лізнуў губы і ціха прамовіў:

— Тата…

— Ну чаго там? — буркнуў стары Том, не вымаючы цвікоў з рота. На ім былі заплямлены капялюш з чорнага фетру з шырокімі абвіслымі палямі і сіняя кашуля пад камізэлькай без гузікаў; штаны падпярэзваў шырокі рэмень з вялікай меднай спражкай — і скура, і метал блішчэлі ад заўсёднай носкі; чаравікі былі патрэсканыя, падэшвы растаптаныя і загнутыя ўгору — шмат гадоў пахадзілі ў спёку, у слоту, па пыле. Пад рукавамі кашулі, якая шчыльна абцягвала яго плечы, напяліся мускулы. Жывот і сцёгны яго былі худыя, а ногі — кароткія, масіўныя і моцныя. Абрамлены шчаціннем твар звужаўся да вытырклага валявога падбародка, калючая шэрсць на якім яшчэ не паспела зусім пасівець, што надавала яму большую цвёрдасць і рашучасць. Скулы ў старога Тома былі цёмныя, як пяньковае валакно, скура разбягалася ад куточкаў вачэй праменьчыкамі маршчынак, бо ён жмурыў вочы, цёмна-карыя, як карычневая кававая гушча; прыглядаючыся да чаго-небудзь, ён выцягваў шыю, бо гэтыя некалі зоркія вочы пачыналі ўжо здаваць. Губы, што сціскалі доўгія цвікі, былі тонкія і чырвоныя.