Выбрать главу

Ён занёс руку з малатком, збіраючыся ўвагнаць у дрэва яшчэ адзін цвік, і глянуў цераз борт грузавіка на Тома, глянуў зласліва, нездаволена, што яму перашкаджаюць працаваць. І раптам падбародак яго выпнуўся яшчэ больш, вочы ўтаропіліся на твар Тома, і мала-памалу мозг старога Тома Джоўда ўсвядоміў тое, што ўспрынялі яго вочы. Рука з малатком паволі апусцілася, другая выняла з рота цвікі, і ён здзіўлена прамовіў, нібы паведамляючы сабе жыццёвы факт:

— Гэта Томі… — І зноў паведаміў сам сабе: — Наш Томі вярнуўся дамоў. — Рот яго зноў раскрыўся, у вачах мільгануў спалох. — Томі, — ледзь не шэптам сказаў ён, — уцёк? Ты хаваешся? — Ён напружана чакаў адказу.

— Не, — адказаў Том. — Я даў падпіску. Мяне выпусцілі. Дакументы пры мне. — Ён схапіўся за ніжнія планкі борта.

Стары Том акуратна паклаў малаток на дно кузава і ўсунуў цвікі ў кішэню. Перакінуў нагу цераз борт і спрытна саскочыў з машыны, але, апынуўшыся побач з сынам, нерашуча замяўся.

— Томі, — сказаў ён, — мы едзем у Каліфорнію. Збіраліся напісаць табе пісьмо. — І дадаў, быццам не верачы вачам сваім: — Але ты вярнуўся. Можаш ехаць з намі. Паедзеш з намі! — У доме бразнулі накрыўкай кафейніка. Стары Том азірнуўся цераз плячо. — Зробім ім сюрпрыз, — сказаў ён, і вочы яго заблішчалі ад захаплення. — Маці ўсё мучыцца прадчуваннем, што больш цябе не ўбачыць. Вочы ў яе сталі сумныя, быццам у доме нябожчык. І ў Каліфорнію не вельмі хоча ехаць, бо тады, кажа, я ўжо яго ніколі больш не ўбачу. — На кухні зноў грукнулі нейкай накрыўкай. — Зробім ім сюрпрыз, — паўтарыў стары Том. — Увойдзем так, быццам ты ніколі з дому не адлучаўся. Паглядзім, што маці скажа. — Нарэшце ён дакрануўся да Тома, але толькі да яго пляча, баязліва, і зараз жа адхапіў руку. Ён зірнуў на Джыма Кейсі.

— Та, ты памятаеш нашага прапаведніка? — запытаўся Том. — Ён са мной прыйшоў.

— Ён таксама з турмы?

— Не, мы з ім у дарозе стрэліся. Ён даўно ўжо тут не быў.

Бацька паважна падаў прапаведніку руку.

— З добрым прыбыццём, сэр.

Кейсі сказаў:

— Я рады, што прыйшоў да вас. Як цудоўна, калі сын вяртаецца дадому. Цудоўнае відовішча!

— Дадому… — ціха прамовіў бацька.

— Да сваіх родных, — паспешліва паправіўся Кейсі. — Мы пераначавалі на старым месцы.

Бацька выпнуў падбародак і якую хвіліну пазіраў на дарогу. Потым павярнуўся да сына.

— Ну дык як мы гэта зробім? — усхвалявана загаварыў ён. — Можа, я зайду і скажу: «Вось тут прыйшлі двое, хацелі б паснедаць у нас». А што, калі ты зойдзеш адзін і будзеш стаяць, пакуль яна цябе не ўбачыць? Можа, так і зробім? — Твар яго радасна ззяў.

— Гэтак можна і напужаць, — сказаў Том. — Пужаць яе не трэба.

Дзве даўганогія аўчаркі з лагодным выглядам прыбеглі ў двор, але, ледзь толькі пачулі чужы пах, яны прадбачліва адступілі, насцярожыліся і паволі, у нерашучым чаканні, памахвалі хвастамі, напружыўшы зрок і нюх, гатовыя да любых варожых выпадаў незнаёмцаў, да небяспекі. Адна аўчарка, выцягнуўшы шыю, асцярожна пасунулася да Тома, падкралася да яго ног і шумна абнюхала іх. Потым адышла ўбок і, пазіраючы на старога Тома, стала чакаць яго знаку. Другі сабака, яшчэ шчанюк, не меў такой смеласці. Ён агледзеўся навокал, шукаючы, на што пераключыць сваю ўвагу без шкоды сваёй годнасці, убачыў рыжае кураня, якое тэпала міма, і наляцеў на яго. Пачулася пранізлівае кудахтанне разгневанай квактухі, у паветра паляцела рыжае пер'е, і курыца кінулася наўцёкі, лопаючы куртатымі крыламі. Шчанюк з гордасцю паглядзеў на людзей і разлёгся ў пыле, задаволена паляпваючы хвастом па зямлі.

— Дык пайшлі, — сказаў бацька. — Пайшлі, чаго чакаць. Хай яна ўбачыць цябе. А я пагляджу, які ў яе зробіцца твар. Гайда. Праз якую хвіліну яна пакліча ўсіх снедаць. Я даўно ўжо чуў, як яна пляснула саланіну на патэльню.

Ён пайшоў да дома па мяккім пыле. Ганка не было — адна прыступка, і адразу дзверы; каля іх стаяла калода, пасечаная і рыхлая — многа гадоў праслужыла. Драўляная абшыўка сцен крышылася, праедзеная пылам. У паветры патыхала паленым вярбовым голлем, а падышоўшы да самых дзвярэй, трое мужчын пачулі пах смажанага мяса, жытніх праснакоў і востры пах кавы, што клекатала ў кафейніку. Стары Том стаяў на парозе, загарадзіўшы сваім каржакаватым целам уваход.

— Ма, — сказаў ён, — тут двое падарожнікаў пытаюцца, ці не знойдзецца ў цябе чаго перакусіць.

Том пачуў матчын голас, памятны яму, — спакойны, стрыманы, працяжны, які гучаў прыязна і ціхмяна:

— Няхай зойдуць. Ежы хопіць. Скажы, каб рукі памылі. Хлеб гатовы. Зараз я мяса зніму. — І на пліце пачулася сярдзітае сквірчэнне сала.