Выбрать главу

Бацька ступіў з парога на кухню, Том зазірнуў туды і ўбачыў маці. Яна знімала з патэльні выгінастыя скваркі. Духоўка была адкрытая, і там відаць была шырокая патэльня з ужо гатовымі жытнімі праснакамі. Маці глянула праз дзверы на двор, але сонца свяціла Тому ў спіну, і маці ўбачыла толькі цёмны сілуэт, выразна акрэслены на яркім сонечным святле. Гаспадыня гасцінна кіўнула галавой і сказала:

— Заходзьце. Добра, што я сёння спякла многа хлеба.

Том стаяў, зазіраючы ў кухню. Маці была грузная, але не тлустая — проста пацяжэла ад родаў і працы. На ёй была свабодная сукенка — некалі ў рознакаляровыя кветачкі на шэрым полі, але цяпер кветачкі злінялі, і ад іх засталіся толькі светлыя плямкі. Сукенка спадала ёй да шчыкалатак, і яе моцныя, шырокія голыя ступні лёгка і жвава ступалі па падлозе. Рэдкія сівыя валасы з блакітнаватым адлівам былі сабраныя на патыліцы ў кволы жмуток. Моцныя, спярэшчаныя рабаціннем рукі былі адкрытыя да локцяў, кісці — поўныя і далікатныя, як у пухлявенькай дзяўчынкі. Яна глядзела на заліты сонцам двор, і на яе шырокім твары адбівалася не ласкавасць, а спакойная добразычлівасць. Цёмныя карыя вочы быццам зведалі ўсе чалавечыя бядоты і трагедыі, і, адолеўшы боль і пакуты, яна паднялася па іх, як па прыступках, да найвышэйшага спакою і разумення. Яна ўсведамляла, прызнавала і з радасцю прымала сваё становішча ў сям'і: яна была яе апорай, цвярдыняй, якой ніхто не мог авалодаць. І паколькі стары Том і дзеці не пранікаліся болем і страхам, пакуль боль і страх не апаноўвалі яе саму, яна не давала пачуццям гэтым авалодаць яе сэрцам. А калі здаралася што-небудзь радаснае, яны чакалі яе радасці, бо ў яе ўвайшло ў звычку выклікаць вясёлы смех, нават калі асаблівых прычын для весялосці не было. Але стрыманасць лепш за весялосць. Вытрымка — рэч больш надзейная. І высокае і сціплае становішча маці ў сям'і надало ёй годнасць і чыстую, ціхмяную душэўную прыгажосць. Яе роля сямейнай лекаркі надала яе рукам упэўненасць, цвёрдасць і размеранасць; яе роля сямейнага трацейскага суддзі зрабіла яе бесстаронняй і бездакорнай у сваіх прысудах, як багіня. Яна, відаць, ведала: калі яна пахіснецца, сямейныя ўстоі таксама пахіснуцца, а калі яна завагаецца або ўпадзе ў роспач, сям'я разваліцца, страціць волю да жыцця.

Яна глядзела на заліты сонечным святлом двор, на цёмны сілуэт мужчыны. Бацька стаяў побач і ўвесь калаціўся ад нецярплівасці.

— Заходзьце ж! — крыкнуў ён. — Чаго стаіце, заходзьце, містэр.

Том збянтэжана пераступіў парог.

Маці ветліва паглядзела на яго, падняўшы галаву ад патэльні, над якой яна зноў схілілася. І тут рука яе паволі апусцілася, відэлец грукнуўся на дашчаную падлогу. Вочы яе шырока расплюшчыліся, зрэнкі расшырыліся. Яна цяжка задыхала, раскрыўшы рот. Потым заплюшчыла вочы.

— Дзякуй богу, — прамовіла яна. — Ой, дзякуй богу! — Вочы яе раптам затуманіліся трывогай. — Томі, цябе не шукаюць? Ты не ўцёк?

— Не, ма. Я даў падпіску. Тут у мяне дакументы, — ён дакрануўся да грудзей.

Яна падышла да яго, лёгка і бясшумна ступаючы босымі нагамі, і на твары ў яе адбілася здзіўленне. Маленькая далонь кранулася яго рукі вышэй локця, адчула яго мускулы. Потым маці, як сляпая, прыклала пальцы да яго шчакі. Радасць яе межавала са смуткам. Том моцна прыкусіў ніжнюю губу. Яе здзіўленыя вочы глянулі на заціснутую між зубоў губу, убачылі нітачку крыві, што праступіла скрозь зубы і тоненькім струменьчыкам пабегла па падбародку. Яна зразумела ўсё, самавалоданне зноў вярнулася да яе, і яна адняла руку ад яго твару. Дыханне гучна вырвалася з яе грудзей.

— Ну вось! — усклікнула яна. — А мы ледзь без цябе не паехалі. Усё галаву ламалі, як ты нас знойдзеш. — Яна падняла з падлогі відэлец, памяшала гарачае сала, падхапіла з патэльні падгарэлую скварку. Потым адставіла на край пліты кафейнік з успененай кавай.

Стары Том рагатнуў:

— Абдурылі мы цябе, ма, га? Так і задумалі. Спецыяльна. А яна стаіць, як авечка, якую абухом агрэлі. Шкада, дзеда тут не было. Цябе быццам хто па лбе кувалдай гакнуў. Дзед надарваў бы жывот са смеху, зноў бядро сабе вывіхнуў бы, як тады, калі Эл пальнуў у той вялізны армейскі самалёт. Тут, ведаеш, Том, аднаго разу пралятаў такі вялікі — з паўмілі, можа, даўжынёй, дык Эл як схопіць сваю трыццаціміліметроўку ды як смальне! Дзед крычыць: «Не страляй на галапупках, Эл, пачакай, пакуль дарослыя птушкі прыляцяць!» — і так з рогату выкручваўся, што бядро сабе вывіхнуў.

Маці ціхенька хіхікнула і зняла з паліцы горку алавяных талерак.

Том запытаўся:

— А дзе ён, дзед? Я гэтага старога чорта яшчэ не бачыў.

Маці паставіла талеркі на кухонны стол і каля кожнай — кубак. Сказала, панізіўшы голас: