За дзедам кандыбала бабка; яна ўмудрылася дажыць да глыбокай старасці толькі таму, што была такая ж злосніца, як і яе стары. Яна ахоўвала сваю незалежнасць з лютасцю фанатычкі, не ўступаючы дзеду ў грахоўнасці і буйстве. Аднойчы, яшчэ не прыйшоўшы ў сябе пасля малення і галосячы ўрыўкі псалмаў, яна разрадзіла ў мужа абодва ствалы драбавіка і амаль ушчэнт разнесла яму адну ягадзіцу. Пасля гэтага стары прасякся такой павагай да жонкі, што больш ніколі ўжо не мучыў яе, як дзеці мучаюць казюлек. Яна ішла, падабраўшы да калень прасторную сукенку, і тонкім галаском, падобным на бляянне, выкрыквала свой баявы кліч: «Хвала богу, наша ўзяло!»
Дзед з бабкай кульгалі па шырокім двары навыперадкі. Яны вечна змагаліся адно з адным — ніхто не хацеў ні ў чым уступаць другому. Яны любілі гэтае змаганне, без яго не маглі існаваць.
За імі няспешнай хадой ішлі бацька і Ной, яго першынец — высокі, нейкі дзіўнаваты з выгляду, з неўразумелым выразам на твары, звычайна спакойным і задумлівым. Ной ніколі ні на кога не злаваў. Ён глядзеў на тых, хто злаваў, са здзіўленнем і пачуццём няёмкасці, як глядзіць здаровы чалавек на душэўнахворага. Рухі ў Ноя былі няспешныя, гаварыў ён рэдка, а калі гаварыў, дык так марудна, што людзі, якія яго ведалі, часам лічылі Ноя за дурня. Але Ной не быў дурны, толькі дзівакаваты. Ён мала думаў пра гордасць, не адчуваў цягі да жанчын. Праца і сон па чарзе змянялі адно другое надзіва пунктуальна, і гэта задавальняла яго. Ён любіў сваіх блізкіх, але ніколі не выказваў гэтай любові. Хоць старонняму цяжка было сказаць чаму, але Ной рабіў уражанне чалавека, у якім ёсць нешта ненармальнае — ці то ў форме галавы, ці то ў тулаве, ці ў нагах, а можа, нават і ў розуме; толькі прыдрацца да чаго-небудзь пэўнага было нельга. Бацька, той ведаў, чаму Ной быў не такі, як усе астатнія яго дзеці, але саромеўся расказваць. Бо той ноччу, калі яго першынец з'яўляўся на свет, бацька застаўся ў доме адзін з парадзіхай, з яго няшчаснай жонкай, якая заходзілася ад немага крыху, і ён ашалеў ад страху. Яго рукі, моцныя яго пальцы, як абцугі, выцягнулі, выкруцілі дзіця з чэрава маці і памялі яго. Павітуха, што крыху запазнілася, убачыла бясформенную галоўку нованароджанага, яго выцягнутую шыю, перакрыўленае цельца і ўправіла яму шыю і нібы нанава вылепіла сваімі рукамі яго цела. Бацька ўвесь час памятаў гэтае здарэнне, і яму было сорамна. З Ноем ён быў ласкавейшы, чым з іншымі дзецьмі. Па шырокім твары Ноя, па яго далекавата расстаўленых адно ад аднаго вачах, па доўгім вузкім падбародку бацька пазнаваў памятую, знявечаную галоўку дзіцяці. Ной рабіў усё, што ад яго патрабавалася, мог чытаць і пісаць, умеў працаваць і ацэньваць зробленае, але ўсё гэта ён, здавалася, рабіў без цікавасці; ён зусім абыякава ставіўся да ўсяго таго, чаго людзі дамагаліся, да чаго імкнуліся. Быццам жыў у нейкім дзіўным, маўклівым доме і спакойнымі вачамі паглядаў адтуль на свет. Ён быў чужы ў гэтым доме, але самоты не адчуваў.
Усе чацвёра ішлі праз двор, і дзед крычаў:
— Дзе ён? Дзе ён, чорт на вас? — Яго пальцы зноў пачалі перабіраць гузікі на штанах, потым у забыўлівасці палезлі ў кішэню. І тут у дзвярах ён убачыў Тома. Дзед раптам спыніўся і затрымаў астатніх. Вочкі яго злосна заблішчалі. — Вось, палюбуйцеся, — сказаў ён. — Арыштант! Джоўды чорт ведае колькі па турмах не сядзелі. — Яго розум пераскочыў на другую тэму: — Ніхто не меў права саджаць яго ў турму! Я на яго месцы тое самае зрабіў бы. Якое гэтыя сукіны дзеці мелі права? — І зноў пераскочыў на другое: — А гэты Тэрнбул, старая смярдзючка, яшчэ хваліўся: застрэлю яго, хай толькі з турмы выйдзе. Ува мне, кажа, цячэ кроў Хэтфарда. А я загадаў яму перадаць: «З Джоўдамі не звязвайся. У мяне, кажу, кроў, можа, самога Маккоя». І яшчэ кажу: «Ты толькі пакажыся дзе блізка ад Тома, і я смальну табе ў задніцу». Напужаў яго страх як.