Выбрать главу

А бабка тым часам вішчала, не слухаючы дзеда:

— Хвала богу, наша ўзяло!

Дзед падышоў да дзвярэй і паляпаў Тома па грудзях, вочы яго заблішчалі любоўю і гордасцю.

— Ну як ты, Томі?

— Парадак, — адказаў той. — А ты як маешся?

— На двор яшчэ сам хаджу. — І зноў яго розум скочыў убок. — Казаў я — Джоўда ў турме не ўтрымаеш! Яшчэ тады сказаў: «Том уцячэ, праб'ецца, як бык праз загарадку». Вось і ўцёк. Прапусці, я згаладаўся. — Ён праціснуўся ў дзверы, сеў за стол, наваліў сабе ў талерку свініны, паклаў наверх два вялікія праснакі, заліў густой падліўкай, і не паспелі астатнія ўвайсці ў кухню, рот у яго ўжо быў поўны.

Том замілавана ўсміхнуўся яму.

— Во стары чорт! — сказаў ён. А ў дзеда быў такі набіты рот, што ён і гуку вымавіць не мог, але яго маленькія лютыя вочкі ўсміхаліся, галава ярасна заківалася.

Бабка з гордасцю сказала:

— Другога такога грахаводніка і шэльмы на свеце не знойдзеш. У пекла проста на качарзе ўедзе, ну і дзякуй богу! — І з'едліва дадала: — Захацелася яму, бач, грузавіком кіраваць. Дык вось, не выйдзе!

Дзед папярхнуўся, вываліў сабе на калені недажаваны кавалак праснака і квола закашляўся.

Бабка зларадна ўсміхнулася Тому:

— Во неахайнік, га?

Ной стаяў на прыступцы перад Томам, але яго шырока расплюшчаныя вочы нібы глядзелі міма. Твар у яго быў абыякавы. Том сказаў:

— Ну, як ты, Ной?

— Добра, — адказаў Ной. — А ты як? — І ўсё. Але Тому і гэтага было досыць.

Маці сагнала з падліўкі мух і сказала:

— За сталом усім месца не хопіць. Бярыце талеркі і ўладкоўвайцеся дзе папала. Ці на дварэ, ці дзе.

І тут Том спахапіўся:

— Гэ! А дзе ж прапаведнік? Толькі што быў тут. Куды ён дзеўся?

Бацька сказаў:

— Я бачыў, ён некуды пайшоў.

Пачуўся вісклівы голас бабкі:

— Прапаведнік? З табой прапаведнік? Вядзі яго сюды. Памолімся перад ядой. — Яна паказала пальцам на дзеда: — А гэты ўжо паспяшаўся есці. Схадзі прывядзі прапаведніка.

Том апусціўся на прыступку.

— Гэй! Кейсі! Джым Кейсі! — гукнуў ён і пайшоў па двары. — А, Кейсі, вось ты дзе!

Прапаведнік вылез з-пад цыстэрны, сеў на зямлі, пасля падняўся і пайшоў да дома.

Том запытаўся:

— Ты што, хаваўся?

— Ды не. Толькі навошта чужому совацца ў сямейныя справы. Я проста ляжаў і думаў.

— Пайшлі паямо, — сказаў Том. — Бабка хоча, каб ты малітву сказаў.

— Дык я ж ужо больш не прапаведнік, — запратэставаў Кейсі.

— Кінь, пойдзем. Скажы ёй малітву. Табе нічога не станецца, а ёй гэта люба. — Яны ўвайшлі ў кухню разам.

Маці спакойна сказала:

— Сардэчна запрашаем.

І бацька сказаў:

— Сардэчна запрашаем. Паснедайце з намі.

— Спярша малітву, — рашуча прамовіла бабка.

Дзед ушрубаваў свае лютыя вочкі ў Кейсі і нарэшце пазнаў яго.

— А-а, той самы прапаведнік, — сказаў ён. — Ну, ён нічога сабе. Я ўпадабаў яго, яшчэ як толькі першы раз вока на яго кінуў… — Дзед пахабна падміргнуў яму, а бабцы пачулася нейкая непрыстойнасць, і яна прыкрыкнула на яго:

— Змоўкні, стары юрлівы казёл!

Кейсі нервова правёў пальцамі па валасах.

— Павінен сказаць вам, што я ўжо больш не прапаведнік. Мне прыемна быць у вас і хацелася б чым-небудзь аддзячыць добрым гасцінным людзям, і, калі гэтага дастаткова… што ж, я скажу малітву. Але я даўно ўжо не прапаведнік.

— Гаварыце, — сказала бабка. — І не забудзьцеся ўзгадаць пра тое, што мы ў Каліфорнію едзем.

Кейсі схіліў галаву, і ўслед за ім усе астатнія. Маці апусціла галаву і склала рукі на каленях. Бабка нагнулася так нізка, што ледзь не ўткнулася носам у залітыя падліўкай праснакі. Том, які стаяў, прыхінуўшыся да сцяны з талеркай у руцэ, крышачку нагнуў галаву, а дзед выкруціў яе ўніз і ўбок, каб сваім калючым і вясёлым вокам сачыць за прапаведнікам. На твары ў прапаведніка была не набожнасць, а задуменнасць, і словы яго гучалі не як малітва, а як роздум.

— Я ўсё думаў і разважаў, — пачаў ён. — Блукаў сярод узгоркаў і думаў, амаль, сказалі б вы, як Ісус, калі ён адышоў у пустыню, каб разабрацца ва ўсіх сваіх турботах і нягодах.

— Хвала госпаду! — прабляяла бабка, і прапаведнік здзіўлена глянуў на яе.

— Ісуса так адолелі турботы і нягоды, што Ён не мог вырашыць, як яму быць далей, і Яго ўзяло сумненне: на чорта яму ўсё гэта наогул, якая карысць ламаць сабе галаву — усё думаць і думаць? Знямогся Ён дужа, знямогся і духам упаў. Яшчэ трохі, дык так і вырашыў бы: к чорту ўсё! І тады адышоў Ён у пустыню.