Выбрать главу

— Ама-ан, — прабляяла бабка. Шмат гадоў устаўляла яна свае рэплікі ў час паўз у малітвах. І шмат ужо гадоў не даводзілася ёй слухаць іх і дзіву давацца.

— Я не хачу сказаць, што я раўня Ісусу, — гаварыў далей Кейсі. — Але я стаміўся, як і Ён, і заблытаўся ў сваіх думах, як і ён, і пайшоў, як і Ён, у пустыню, не ўзяўшы з сабой нічога для прывалу. Ноччу ляжаў я на спіне і пазіраў на зоркі, раніцай сядзеў і сачыў, як узыходзіць сонца; удзень глядзеў з пагорка на ўзгорыстую зямлю; вечарам праводзіў вачмі сонца. Часам маліўся, як і раней. Толькі не мог зразумець, за што малюся, чаго. Навокал узгоркі, я сярод іх, і мы ўжо не існавалі асобна. Мы зліліся ў адно. І гэтае адзінства святое.

— Алілуя, — сказала бабка і заківалася ўзад і ўперад, стараючыся ўвесці сябе ў рэлігійны экстаз.

— І я задумаўся. Толькі разважаў ужо цяпер не так, як раней, цяпер думы мае былі глыбейшыя. Я думаў пра тое, што ва ўсіх у нас была святасць, калі мы жылі адной грамадой, і ўсё чалавецтва было святое, пакуль яно было адзінае. Але святасць пакінула нас, калі адзін нікчэмны чалавек ухапіў зубамі ладны кавалак і пабег з ім, адбіваючыся рукамі і нагамі. Вось такі чалавек і загубіў нашу святасць. А калі мы ўсе працавалі талакой, не адзін на аднаго, а гуртам, як бы ў адной вупражцы, тады было добра, у такой працы была святасць. Вось так я разважаў і раптам спахапіўся: а ці ведаю я наогул, што такое святасць? — Прапаведнік змоўк, але яго слухачы не паднялі галоў, бо, як выдрэсіраваныя сабакі, чакалі знаку: «аман». — Цяпер я не магу ўжо маліцца, як бывала. Мне прыемна быць на вашай ціхай трапезе. Я радуюся, што між вамі ёсць любоў. — Схіленыя галовы не падняліся. Прапаведнік агледзеўся навокал. — Праз мяне снеданне ваша стыне, — сказаў ён і раптам успомніў: — Аман, — сказаў ён, і ўсе разам паднялі галовы.

— Ама-ан, — сказала бабка і ўзялася за ежу, разгрызаючы прамочаныя падліўкай праснакі сваімі бяззубымі і цвёрдымі старэчымі дзяснамі. Том еў паспешліва, бацька паволі жаваў з поўным ротам. Пакуль снедалі, ніхто не вымавіў ні слова, чулася толькі, як хрумсцяць на зубах праснакі і як з хлюпатам сёрбаюць гарачую каву. Маці глядзела на прапаведніка, які таксама еў, і ў яе позірку была цікаўнасць, дапытлівасць і разуменне. Яна глядзела на яго, быццам гэта быў дух, голас якога данёсся да яе аднекуль з-пад зямлі.

Скончыўшы есці, мужчыны паставілі на стол талеркі, дапілі рэшткі кавы ў кубках і выйшлі на двор — бацька, прапаведнік, Ной, дзед і Том пакрочылі да грузавіка, абыходзячы зваленую ў кучу мэблю, драўляныя ложкі, механізм ветрака, стары плуг. Пакраталі рукамі новыя барты з сасновых дошак.

Том падняў капот і пачаў разглядаць вялікі, запэцканы маслам матор. Да яго падышоў бацька:

— Калі мы куплялі, брат твой Эл усё праверыў. Казаў, парадак.

— А што ён разумее, гэты сапляк? — сказаў Том.

— Летась ён працаваў у адной фірме. Грузавік вадзіў. У сім-тым разбіраецца. Бойкі хлопец. З галавой. Матор сам можа сабраць — яму гэта раз плюнуць.

Том запытаўся:

— А дзе ён цяпер?

— Швэндаецца недзе. Блудзіць, як кот памаўзлівы, сябе не шкадуе. Шалапуту гэтаму ўжо за шаснаццаць, ну, прырода яго і падганяе. У галаве толькі дзеўкі адны і машыны. Шалапут. Дома ўжо тыдзень не начаваў.

Дзед усё важдаўся з гузікамі на грудзях і нарэшце ўхітрыўся прасунуць гузікі сіняй кашулі ў прарэшкі нацельнай сарочкі. Пальцы адчувалі, што нешта не тое, але не сталі шукаць прычыны. Рука пацягнулася ўніз, зрабіўшы яшчэ адну спробу справіцца з мудрагелістым прарэхам на штанах.

— Я быў горшы, — сказаў ён радасна. — Нашмат горшы. Я быў, можна сказаць, сарвігалава. У Салісе, памятаю, сабраліся на маленне пад адкрытым небам, яшчэ малы я тады быў, крыху, праўда, старэйшы за Эла. А ён яшчэ сапляк, малакасос. Я быў старэйшы гадамі. Вось пайшлі мы на маленне. А там чалавек пяцьсот, а дзевак маладых — хоць гаць гаці!

— Ты, дзед, і цяпер яшчэ такі ж адчайны, — сказаў Том.

— Не без таго. Толькі не, да ранейшага далёка. Вось пачакайце, прыеду ў Каліфорнію, буду там апельсіны есці — захочацца, і сарву апельсінчык. Ці там вінаград. Нічога такога ніколі ў рот не браў. Сарву цэлую гронку з куста, ці там з чаго, раздушу на твары, і сок пацячэ па падбародку.

Том запытаўся:

— А дзядзька Джон дзе? Дзе Разашарна? А Рут, а Ўінфілд? Пра іх ніхто слова не сказаў.

— А ніхто і не пытаўся, — адказаў бацька. — Джон паехаў у Саліса распрадаць сёе-тое з нашага набытку: помпу, інструмент, курэй — усё, што мы прывезлі сюды з нашай фермы. Узяў з сабой Руці і Ўінфілда. Яшчэ на досвітку паехалі.

— Дзіўна, як гэта мы не стрэліся з імі на дарозе, — сказаў Том.