Выбрать главу

Том сказаў:

— Не заносся вышэй за арла, не будзеш поўзаць разам з чарвякамі.

— То праўда. Гэта са свяшчэннага Пісання?

— Здаецца, адтуль, — адказаў Том. — Як прачытаў кніжку «Перамога Барбары Ўорт», у мяне свяшчэннае Пісанне мігам з галавы выбіла.

Маці ціха засмяялася і зноў узялася церці і паласкаць бялізну ў начоўках. Пасля пачала выкручваць рабочыя камбінезоны і кашулі, і мускулы ў яе на руках напяліся, як вяроўкі.

— Дзед твой з бацькавага боку раней таксама ледзь што — выслоўі з Бібліі прыводзіў. Але блытаў страх як. Усё збіваўся на «Веснік доктара Майлса» — медыцынскі даведнік. Ён яго ад першага да апошняга слова чытаў нам уголас. Там было шмат пісьмаў ад бяссоннікаў і ад тых, у каго ламала паясніцу. Потым суседзям пераказваў ім на навуку і дадаваў: «Гэта прытча з Пісання». Твой бацька і дзядзька Джон на смех яго падымаюць, а ён з сябе выходзіць. — Яна кінула на стол выкручаную бялізну, як бярэмя дроў. — Кажуць, ехаць нам дзве тысячы міль. Гэта вельмі далёка, Том? Я бачыла карту — высокія горы, як на каляровых паштоўках, і прабірацца нам трэба проста праз іх. Як ты думаеш, Том, колькі часу датуль ехаць?

— Не ведаю. Тыдні два, а калі пашчасціць, дзён дзесяць. Паслухай, ма, кінь непакоіцца. Вось я раскажу табе, як людзі жывуць у турме. Пра тое, калі цябе выпусцяць на волю, думаць нельга. З розуму кранешся. Думаць трэба пра сённяшні дзень, пра заўтрашні, пра бейсбол які-небудзь у суботу. Так і трэба жыць. Так жывуць турэмныя старажылы. А навічкі — тыя лбом аб дзверы б'юцца. Усё лічаць, колькі ім яшчэ сядзець засталося. Навошта табе гэта? Жыві з дня на дзень.

— І праўда так лепш, — сказала маці, зняла з пліты і наліла ў начоўкі гарачай вады, кінула туды брудную бялізну і пачала мясіць яе ў мыльнай вадзе. — І праўда так лепш. А ўсё ж прыемна думаць, як добра, напэўна, будзе ў Каліфорніі. Халадоў там не бывае. Скрозь — фрукты, людзі жывуць у прыгожых мясцінах, у маленькіх беленькіх доміках сярод апельсінавых дрэў. Вось каб і нам так… я хачу сказаць: калі ўсім нам знойдзецца праца… можа, і мы зажывём у адным з гэтых беленькіх домікаў. Малыя выйдуць за парог і будуць рваць апельсіны проста з галін. Паспрабуй стрымай іх — зойдуцца ад плачу.

Том глядзеў, як яна важдаецца з бялізнай, і вочы яго смяяліся.

— Табе, я бачу, ад адных такіх думак лягчэй робіцца. Я ведаў аднаго з Каліфорніі. Ён гаварыў неяк інакш, чым мы. Па гаворцы адразу пазнаеш, што ён здалёку, не з нашых мясцін. Дык ён расказваў, што там дужа шмат народу набралася, усе працы шукаюць. І яшчэ казаў, што зборшчыкі фруктаў туляцца там у брудных старых халупах, жывуць надгаладзь. Плата малая, работу знайсці цяжка.

Па твары маці прабег цень.

— Не, гэта не так, — сказала яна. — У бацькі ёсць лісток з такой жоўтай паперы — і там надрукавана, што патрэбны работнікі. Ніхто ж не браў бы на сябе такі клопат, калі б работы не было. Лісткі гэтыя немалыя грошы каштуюць. Навошта ж маніць ды яшчэ плаціць за сваю ману?

Том пакруціў галавой:

— Што я магу сказаць, ма? Зразумець цяжка, чаму гэтак робяць. Можа… — ён глянуў на двор, на залітую гарачымі сонечнымі промнямі зямлю.

— Што — «можа»?

— Можа, усё добра будзе, як ты кажаш. А куды дзед знік? Дзе прапаведнік?

Маці пайшла з кухні, несучы ў абярэмку памытую бялізну. Том адсунуўся, даючы ёй прайсці.

— Прапаведнік сказаў, пахадзіць хоча. А дзед спіць у пакоі. Ён іншы раз сярод дня заходзіць у дом крышачку паляжаць. — Маці выйшла на двор і стала накідваць на дрот выцвілыя сінія камбінезоны і доўгія шэрыя споднікі і кашулі.

Том пачуў у сябе за спінай шаркатлівыя крокі і азірнуўся. Са спальні выходзіў дзед і, як і раніцай, вазіўся з гузікамі на штанах.

— Чую, тут гамоняць, — сказаў ён. — Сукіны дзеці, паспаць не дадуць. Калі ў вас, шчанюкоў, шэрсць абсохне, тады, можа, зразумееце, што старому чалавеку трэба даць паспаць. — Яго нецярплівыя пальцы ўхітрыліся расшпіліць два ўжо зашпіленыя гузікі, і ён забыўся, што хацеў зрабіць. Рука забралася ў прарэх і з задавальненнем паскрэбла пад пахвінай.

Маці вярнулася на кухню з мокрымі рукамі, далоні ў яе былі набрынялыя і зморшчаныя ад гарачай вады і мыла.

— Думала, ты спіш, — сказала яна. — Дай зашпілю. — І хоць дзед і адбіваўся, яна ўсё ж утрымала яго і зашпіліла яму ніжнюю сарочку, кашулю і штаны. — А то ходзіш — адна любата! — сказала яна і адпусціла старога.