Выбрать главу

— Тут не ў тым справа, добры ён ці дрэнны, а прынясе ўдачу ці няшчасце, — сказаў ён. — Трэба ўсё добра разлічыць. Радасці мала. Зараз паглядзім. Дзед з бабкай — двое. Я, Джон і маці — пяцёра. Ной, Том і Эл — восем. Разашарна з Коні — дзесяць. Руці з Уінфілдам — дванаццаць. А яшчэ сабак трэба ўзяць, як іх тут пакінеш? Сабакі добрыя, прыстрэліць рука не паднімецца, а аддаць няма каму. Усяго чатырнаццаць.

— Гэта не лічачы курэй, якія яшчэ засталіся, і дзвюх свіней, — уставіў Ной.

— Свіней засолім на дарогу, — сказаў бацька. — Без мяса не паедзеш. Павязём саланіну ў бачурках. Вось і не ведаю, куды ж мы ўсіх пасадзім, а тут яшчэ прапаведнік. І ці зможам мы пракарміць лішні рот. — Не павярнуўшы галавы, ён запытаўся: — Як ты думаеш, маці?

Тая адкашлялася і цвёрда сказала:

— Хіба справа ў тым — ці зможам? Вось ці захочам? Змагчы мы нічога не зможам — да Каліфорніі нават не даедзем ці куды. А калі добра захочам, дык так і зробім. І калі ўжо на тое пайшло, дык нашы сем'і даўно ўжо жывуць у гэтых краях, але я не чула яшчэ, каб хто-небудзь з Джоўдаў або Хэзлітаў адмаўляўся накарміць, прытуліць ці падвезці чалавека, калі ён просіць. Сярод Джоўдаў пападаліся жмінды, але такіх яшчэ ніколі не было.

Бацька перабіў:

— А калі месца няма? — Выкруціўшы шыю, ён глянуў на яе, і яму зрабілася сорамна. Яму стала сорамна ад яе слоў. — Ну праўда ж, а калі месца не хопіць у грузавіку, што тады?

— Месца і так не хапае, — адрэзала маці. — Месца ёсць толькі шасцярым, а нас дванаццаць. Адным больш ці менш — невялікая розніца. Моцны, здаровы мужчына ніколі не будзе абузай. І другі раз, калі так здарыцца, што ў нас будуць дзве свінні і больш за сто даляраў грошай і мы задумаемся, ці зможам пракарміць чалавека… — Яна не дагаварыла, і бацька адвярнуўся ад яе, пакрыўджаны такой праборкай.

Умяшалася бабка:

— З прапаведнікам нам будзе лепш. Сёння раніцай ён добрую малітву прачытаў.

Бацька пераводзіў позірк з аднаго твару на другі, шукаючы прыкмет расколу, і нарэшце сказаў:

— Можа, пойдзеш, Томі, паклічаш яго. Калі ўжо ён едзе з намі, яго месца тут.

Том падняўся з кукішак і пайшоў да дома, на хаду клічучы:

— Кейсі! Гэй, Кейсі!

З-за дома пачуўся прыглушаны голас. Том завярнуў за вугал і ўбачыў прапаведніка, які сядзеў на зямлі, прыхінуўшыся спінай да сцяны, і глядзеў на вячэрнюю зорку, што мігцела на бязважкім небе.

— Ты клікаў мяне? — запытаўся Кейсі.

— Цябе. Мы вырашылі: раз ты едзеш з намі, дык мусіш з намі і быць — паможаш усё абдумаць.

Кейсі падняўся на ногі. Ён ведаў, што такое сямейная рада, і зразумеў, што яго прынялі ў сям'ю. Становішча, якое ён цяпер заняў, было высокае, бо, калі ён падышоў, дзядзька Джон адсунуўся ўбок, аслабаніўшы яму месца паміж сабой і братам. Кейсі па прыкладу астатніх мужчын таксама сеў на кукішкі тварам да дзеда, які засядаў, як на троне, на падножцы грузавіка.

Маці зноў пайшла ў дом. Пачуўся ляск металічнай крышкі ліхтара, і ў цёмнай кухні ўспыхнула жаўтаватае святло. Калі яна падняла накрыўку вялікага рондаля, з дзвярэй патыхнула вараным мясам і бацвіннем. Усе чакалі, калі маці выйдзе на цёмны двор, бо сярод гэтай купкі людзей яе голас многа што значыў.

— Трэба абдумаць, калі нам ехаць, — сказаў бацька. — Чым хутчэй, тым лепш. Засталося забіць свіней, засаліць мяса і ўпакавацца. Чым хутчэй усё зробім, тым лепш.

— Калі энергічна ўзяцца за справу, дык заўтра ўсё будзе гатова і паслязаўтра, як развіднее, можна выпраўляцца, — падтрымаў бацьку Ной.

Дзядзька Джон запярэчыў:

— Днём, у гарачыню, мяса не астыне. Што з цёплай свежанінай рабіць будзем?

— Тады зоймемся гэтым сёння. За ноч астыне. Крышачку ж астыне. Павячэраем і зарэжам. Соль у нас ёсць?

Маці адказала:

— Ёсць. Солі многа. Дзве добрыя бочачкі.

— Тады так і зробім, — сказаў Том.

Дзед заёрзаў на падножцы, намагаючыся падняцца.

— Зусім сцямнела, — сказаў ён. — Есці хочацца. Вось прыеду ў Каліфорнію, увесь час буду хадзіць з вялізнай гронкай вінаграду ў руцэ і — у рот, і — у рот, далібог! — Нарэшце ён падняўся; паўставалі і ўсе астатнія мужчыны.

Руці і Ўінфілд, як апантаныя, скакалі ў пыле. Руці сіпла прашаптала брату:

— Заб'ём свіней і ў Каліфорнію! Заб'ём і паедзем — усе адразу.

А Ўінфілд зусім ашалеў — прыставіў палец да горла, страшна скрывіў твар і завіхляўся, ціха ўскрыкваючы:

— Я старая свіння. Глянь! Я свіння. Бачыш, колькі крыві, Руці! — Ён пахіснуўся, грымнуўся на зямлю і слаба задрыгаў рукамі і нагамі. Але Руці была крыху старэйшая за яго і адчувала незвычайнасць таго, што адбываецца.

— І ў Каліфорнію! — паўтарыла яна. Яна ведала: такіх вялікіх падзей у яе жыцці яшчэ не было.