Выбрать главу

Прапаведнік сказаў Тому:

— Відаць, выбілася з сілы.

— Жанчыны заўсёды з сілы выбіваюцца, — адказаў Том. — Такая ўжо ў іх доля, толькі калі-нікалі на маленнях расслабляюцца.

— Так, але ж яна зусім з ног падае. Быццам занядужала.

Маці яшчэ не пераступіла парога спальні і чула яго словы. Мускулы на яе расслабленым твары напружыліся, маршчыны зніклі, позірк зрабіўся цвярдзейшы, плечы расправіліся. Яна абвяла вачамі голыя сцены. Пуста, нічога не засталося, адзін толькі хлам. Матрацы, што яшчэ днём ляжалі на падлозе, вынесены. Камода і столік прададзены. На падлозе валяюцца зламаны грабянец і пушачка з-пад тальку, некалькі мёртвых мышэй. Яна паставіла ліхтар на падлогу. Прасунула руку за адну са скрынак, што служылі крэсламі, і дастала адтуль кардонную каробку, залапаную, з падранымі куткамі. Яна села на скрынку, адкрыла вечка кардонкі. Там ляжалі пісьмы ў канвертах, газетныя выразкі, фотакарткі, пара завушніц, залаты пярсцёнак з пячаткай і сплецены з валасоў ланцужок для гадзінніка з залатымі зачэпкамі на канцах. Яна дакранулася пальцамі да пісьмаў, ледзь дакранулася да іх, разгладзіла газетную выразку са справаздачай аб судзе над Томам. Доўга трымала кардонку на каленях, і пальцы яе перабіралі пісьмы і зноў ставілі на месца. Потым яна сядзела, закусіўшы ніжнюю губу, аддаўшыся роздуму і ўспамінам. І нарэшце наважылася — выняла з кардонкі пярсцёнак, ланцужок, завушніцы, засунула руку на самае дно і знайшла там залатую запінку. Зняла канверт з аднаго пісьма, ссыпала туды ўсе гэтыя дрындушкі, склала канверт удвая і паклала ў кішэню сукенкі. Потым беражліва, з любасцю закрыла каробку і пяшчотна правяла па ёй пальцамі. Губы ў яе крыху растуліліся. Тады раптам устала са скрынкі, падняла з падлогі ліхтар і вярнулася на кухню. Зняла канфорку з пліты і асцярожна паклала кардонку на вуголле. Кардон адразу пацямнеў. Затрапятаўся язычок полымя і лізнуў каробку. Маці апусціла канфорку на месца, і ў тое ж імгненне агонь нібы выдыхнуў і абдаў каробку жарам.

На цёмным двары бацька і Эл пры святле ліхтара грузілі рэчы на машыну. Інструмент на самы ніз, але так, каб лёгка можна было дастаць у выпадку паломкі. На яго — скрыні з адзежай і джутавы мяшок з кухонным начыннем; нажы, відэльцы і талеркі асобна ў скрынцы. Вядро прывязалі ззаду. Ніжні рад пастараліся ўкласці як мага раўней і ў прамежкі паміж скрынямі засунулі скачаныя коўдры. Зверху паклалі матрацы, запоўніўшы машыну да бартоў, і ўсю паклажу зацягнулі брызентам. Эл прарэзаў па яго краях дзіркі за два футы адна ад адной, прасунуў у іх вяроўкі і прывязаў брызент да сярэдніх планак борта.

— У дождж, — сказаў ён, — падвяжам яго да верхніх планак, няхай лезуць пад ніз, там не прамокнуць. А нам у кабіне дождж не страшны.

Бацька пляснуў у далоні:

— Во галава!

— Гэта яшчэ не ўсё, — сказаў Эл. — Вось знайду доўгую жэрдку, падапру ёю брызент. Будзе як палатка, не пячыся ж на сонцы.

Бацька зноў ухваліў:

— Во галава! Чаму раней не прыдумаў?

— Не было калі, — адказаў Эл.

— Не было калі? А валачыцца па ўсім наваколлі было калі? Адзін бог ведае, дзе ты прападаў апошнія два тыдні.

— Трэба ж было перад ад'ездам усё закругліць — без гэтага не бывае, — прамовіў Эл ганарыста. Потым неяк звяў і запытаўся: — А ты рады, та, што мы едзем?

— Га? Ну… рады, канешне. Ва ўсякім разе… так. Тут нам цяжка даводзілася. А там усё будзе інакш — работы хоць заваліся, усё такое прыгожае, зялёнае, і домікі беленькія, навокал — апельсінавыя дрэвы.

— Там што, усюды апельсіны растуць?

— Ну, можа, і не ўсюды, але ж шмат дзе.

Неба пашарэла ў перадсвітальным святле. Зборы скончыліся — бачуркі з саланінай стаялі напагатове, клетку з курамі заставалася толькі паставіць на самы верх грузавіка. Маці адкрыла духоўку і выняла адтуль засмажаныя косткі, на якіх было яшчэ даволі мяса, падрумяненага, хрусткага. У паўсне Руці спаўзла са скрынкі і зноў моцна заснула. Але старэйшыя стаялі каля дзвярэй, зябка пакурчваліся і грызлі хрусткія косткі.

— Бадай, час ужо бабку з дзедам будзіць, — сказаў Том. — Бярэцца на дзень.

Маці сказала:

— Не хочацца іх падымаць, пабудзім перад самым ад'ездам. Няхай яшчэ паспяць. Руці з Уінфілдам таксама як след не выспаліся.

— Адаспяцца ў дарозе, — сказаў бацька. — Там, наверсе, добра і ўтульна.

Сабакі раптам ускочылі з пыльнай зямлі і навастрылі вушы. Потым шалёна забрахалі і кінуліся ў цемру.