Выбрать главу

Раздзел дванаццаты

Шаша № 66 — аўтастрада, па якой ехалі перасяленцы. Шаша № 66 — гэта доўгая бетанаваная магістраль, што бяжыць па краіне, мякка віючыся на карце ад Місісіпі да Бейкерсфілда; яна ідзе праз чырвоныя і шэрыя землі, ушрубоўваючыся ў горы, перасякае Вялікі водападзел, збягае ўніз, у страшную сляпучую пустыню, цягнецца па ёй, зноў падымаецца ў горы і нарэшце выходзіць у раскошныя даліны Каліфорніі. Шаша № 66 — гэта дарога ўцекачоў, бежанцаў — тых, хто ратуецца ад пылу і высахлай, згалелай зямлі, ад грымотнага грукату трактароў і ўласнага згалення, ад паступовага наступу пустыні на поўнач, ад віхравых вятроў, што з выццём налятаюць з Тэхаса, ад разводдзяў, якія не робяць глебу багацейшай, а толькі крадуць апошнія рэшткі яе скарбу. Ад усяго гэтага людзі ўцякаюць, і на аўтастраду іх выносяць бакавыя шашэйныя прытокі, палявыя дарогі, прарэзаныя ў грунце коламі павозак і грузавікоў. Шаша № 66 — гэта галоўны шлях уцекачоў.

Кларксвіл і Озарк, Вэн-Б'юран і Форт-Сміт — гэта на шашы № 64, і тут канчаецца Арканзас. Дарогі сходзяцца да Аклахома-Сіці, № 66 з Талсы, № 270 з Макалестара, № 81з Уічыта-Фолс — з поўдня, і Інід — з поўначы, і яшчэ з Эдманда, Маклаўда і Парсела. Шаша № 66 выходзіць з Аклахома-Сіці; Эл-Рына і Клінтан застаюцца на захадзе. Гайдра, Элк-Сіці і Тэксала, і тут канчаецца штат Аклахома, і аўтастрада № 66 пераразае Тэхаскі выступ, так званую Ручку рондаля. Шэмрак і Маклін, Конуэй і жоўты Амарыльё, Уілдарада, Вега і Бойс — і тут канчаецца Тэхас. Тукумкары, Санта-Роса, потым з Санта-Фэ ўніз, праз ньюмексіканскія горы да Альбукерка. А там удоўж цяснін ракі Рыо-Грандэ да Лос-Лунаса і зноў на захад па шашы № 66 да Гэлапа, што на мяжы штата Нью-Мексіка.

Тут пачынаюцца высокія горы. Холбрук, і Ўінслаў, і Флагстаф у высакагор'і Арызоны. Потым шырокае плато з хвалістымі лініямі ўзгоркаў. Эфарк і Кінгмэн, і зноў камяністыя горы, куды ваду завозяць з іншых мясцін і гандлююць ёю. Пасля вызубленых, выпаленых сонцам гор Арызоны — да ракі Каларада з зялёнымі зараснікамі трыснягу па берагах. Тут канчаецца штат Арызона. Адразу за ракой — Каліфорнія, і пачынаецца яна з вельмі прыгожага гарадка — Нідлс, які стаіць на самым беразе. Але рака здаецца чужаніцай у гэтых краях: ад Нідлса ўверх і за абпаленым сонцам хрыбтом пачынаецца пустыня. Там шаша № 66 бяжыць па страшэннай пустыннай мясцовасці, паветра трымціць ад спёкі, а высокія чорныя горы, што маячаць наперадзе, нясцерпна томяць душу. І вось ужо Барстаў, але за ім усё тая ж пустыня, пакуль наперадзе зноў не паўстаюць горы, прыгожыя горы, і аўтастрада пятляе сярод іх. І раптам вузкі праход, і ўнізе разлягаецца цудоўная даліна, унізе сады, вінаграднікі і маленькія катэджы, а ўдалечыні — горад. О госпадзі, нарэшце ўсё скончылася!

Людзей, што кінуліся ўцякаць, выносіла на аўтастраду № 66; машыны ішлі то па адной, то цэлымі караванамі. Удзень яны паволі каціліся па дарозе, а ноччу спыняліся каля вады. З лядашчых, дзіравых радыятараў валіла пара, шатуны бразгаталі і ляскалі. І людзі, што сядзелі за рулём грузавікоў і перагружаных легкавушак, апасліва ўслухоўваліся. Колькі яшчэ да горада? Пакуль едзеш ад аднаго да другога, нацерпішся страху. Калі што-небудзь паламаецца… што ж, калі паламаецца, зробім прывал, а Джым збегае ў горад, раздабудзе патрэбную дэталь і вернецца… А колькі яшчэ харчу засталося?

Услухоўвайся ў матор. Прыслухоўвайся да колаў. І вухам, і рукой прыслухоўвайся да абаранка руля, далонню да рычага пераключэння скорасцей, нагамі — да дошак насцілу. Усімі пяццю пачуццямі прыслухоўвайся да тарахцення гэтага старога драндулета, бо змена тону, перамены рытму могуць азначаць… тыдзень вымушанай стаянкі. Во стукае! Гэта клапаны. Клапаны — не страшна. Няхай стукаюць сабе хоць да другога прышэсця — не бяда. А вось гэты глухі шум на хаду… яго амаль не чуеш, хутчэй адчуваеш. Можа, масла куды-небудзь не даходзіць? Можа, падшыпнік які-небудзь пачынае рассыпацца? Госпадзі, калі падшыпнік, што ж тады рабіць? Грошы цякуць, як вада.

І чаго гэта радыятар, чорт на яго, так разагрэўся? Не на пад'ёме ж. Дай гляну. А божачкі, рэмень радыятара паляцеў! Што ж, замест рэменя вяроўку паставім, вось гэту. Давай прымер, во-во, якраз. Канцы я звяжу. Цяпер паволі, зусім павольненька, пакуль да гарадка якога не даедзем. Вяроўка доўга не пакруціцца.