Выбрать главу

Толькі каб дабрацца да Каліфорніі, дзе апельсіны растуць, перш чым рассыплецца гэтая старая калымага. Толькі каб дабрацца!

А пакрышкі — пратэктар зусім знасіўся, аж да драцяной аплёткі. Каб не наляцелі на той камень, мы, можа, яшчэ міль сто выціснулі б. Што лепш — лішняя сотня міль або спушчаная камера? Што лепш? Вядома, сотня міль. Ну, не ведаю, тут ёсць пра што падумаць. Латаць у нас ёсць чым. Можа, толькі крышачку спусціць? А што, калі манжэтку зрабіць? Міль пяцьсот яшчэ маглі б выціснуць. Паехалі. Калі лопне, тады і станем.

Трэба было б шыну купіць, ды вельмі ж дорага просяць, нават за старую. Позіркам наскрозь працінаюць. Разумеюць, што чалавеку пазарэз трэба. Ведаюць, што яму часу няма стаяць. І цану набіваюць.

Не хочаш — не трэба. Я не здароўе тут папраўляю, а шынамі гандлюю. Задарма не раздаю. Якая мне справа, што там у вас? Сваіх клопатаў хапае.

А далёка да бліжэйшага гарадка?

Учора я сорак дзве машыны налічыў з такімі самымі пасажырамі. Адкуль вы ўсе едзеце? Куды вас нясе?

О, Каліфорнія штат вялікі!

Не такі ўжо і вялікі. І ўсе Злучаныя Штаты разам — не такая ўжо вялікая краіна. Зусім не вялікая. Нам цесна ўсім разам — і табе, і мне, і такім, як ты, і такім, як я, багатым і бедным — усім месца не хапае, і жуллю, і сумленным людзям. Галодным і сытым. Можа, ты лепш назад павярнуў бы?

Мы жывём у свабоднай краіне. Чалавек вольны ехаць, куды захоча.

Гэта ты так думаеш. Калі-небудзь чуў пра патрулі на каліфарнійскай граніцы? Паліцэйскія з Лос-Анжэлеса спыняюць вось такіх, як ты, назад заварочваюць. Кажуць: хто не можа купіць нерухомасць, той нам не патрэбен. Пытаюцца: шафёрскія правы ёсць? Ты ім: парваліся. А яны: без шафёрскіх правоў уезд забаронены. Мы ў свабоднай краіне жывём. Што ж, пайдзі пашукай яе, свабоду. Мне адзін гаварыў: свабоды ў цябе столькі, колькі ты яе можаш купіць.

У Каліфорніі добра плацяць. Вось у мяне лісток, там пра гэта сказана.

Мана! Адтуль уцякаюць — я сам такіх бачыў. Вас абдурваюць: камусьці так трэба. Ну дык што, бярэш шыну ці не?

Давядзецца браць, але ж, далібог, містэр, гэта моцна б'е нас па кішэні! Грошай зусім мала засталося.

Дык я ж дабрачыннасцю не займаюся. Трэба, бяры.

Што зробіш, вазьму. Давай глянем. Раскрый яе. Глянь, якая камера! Ах ты шэльма, а казаў, камера добрая. Якая ж гэта камера, адны дзіркі.

Што вярзеш? Чорт… праўда! Як гэта я не ўбачыў?

Ты ўсё, сукін сын, бачыў. За рвань чатыры даляры захацеў. У зубы табе за гэта даць!

Ты не гарачыся, цішэй. Кажу, не бачыў. Ну добра, аддаю за тры пяцьдзесят.

Ага, падстаўляй кішэню! Як-небудзь да горада даедзем.

Думаеш, з такой камерай даедзем?

Трэба. На вобадзе паеду, а ні цэнта гэтай сволачы не дам.

А якім ты ўяўляеш сабе камерсанта? І праўда ж, не здароўе ён сюды прыйшоў папраўляць. Такая ўжо гэта справа — камерцыя. А ты думаў — што? Чалавек хоча… Бачыш — шчыт пры дарозе? «Клуб абслугоўвання. Па аўторках — урачыстае снеданне. Гатэль «Калмада». Шчыра вітаю, браток! Клуб абслугоўвання… Мне адзін неяк расказваў. Прыйшоў ён на сход розных там дзялкоў і паднёс ім такую гісторыю. Калі я, кажа, быў яшчэ хлапчуком, бацька аднойчы вывеў на вяроўцы цялушку і загадвае: завядзі яе да быка, яе трэба абслужыць. Я і завёў, кажа. І з таго дня, як пачую, што які-небудзь дзялок гаворыць пра абслугоўванне, не магу ўцяміць — хто ж тут каго?.. У гандляроў адзін клопат — ашукаць і абдурыць, але называецца гэта ў іх інакш. У тым вось і справа. Калі ўкрадзеш шыну, ты злодзей, а калі ён хоча ўкрасці ў цябе чатыры даляры — гэта нічога, гэта можна. У іх гэта называецца камерцыя.

Дэні там, ззаду, вады просіць.

Пацерпіць. Адкуль тут вада?

Чуеш — стукае?.. Ці не ў заднім мосце?

Цяжка сказаць.

Праз раму перадаюцца гукі, падобныя на марзянку.

Пракладка ляціць. Спыняцца нельга. Чуеш — свішча? Знойдзем добрае месца, зробім прывал, я падыму капот — праверу. Але харч канчаецца, грошы канчаюцца. А калі не будзе на што бензіну купіць, тады што?

Дэні там, ззаду, вады просіць. Малы піць хоча.

Во, чуеш, свішча? Пракладка.

Госпадзі! Лопнула! Камера, пакрышка — усё к чорту! Трэба рамантаваць. Гэтай не выкідай — зробім з яе манжэты: разрэжам і накладзем на слабыя месцы.

Машыны спыняюцца на абочыне дарогі — адкрываюцца капоты, рамантуюцца шыны. Аўтамабілі цягнуцца па аўтастрадзе № 66, як падраненыя жывёліны, выбіваючыся з сіл, і хрыпла дыхаюць. Маторы перагрэтыя, аслабленыя цягі, разбітыя падшыпнікі, усё ў машыне грукоча.

Дэні вады просіць.

Людзі ўцякалі па шашы № 66. А бетанаваная дарога блішчыць на сонцы, як люстра, паветра трымціць ад спёкі, і здаецца, што наперадзе шаша заліта вадой.