Выбрать главу

Бабка віскліва пазяхнула і расплюшчыла вочы. Здзіўлена азірнулася па баках.

— Мне злезці трэба, хвала богу, — сказала яна.

— Зараз да кустоў пад'едзем, — адказаў Эл. — Вунь наперадзе зараснік.

— Кусты-кусты, навошта мне ў кусты. Мне вылезці трэба, кажу, — заенчыла бабка. — Злезці мне трэба, злезці.

Эл газануў і каля нізкага кустоўя рэзка затармазіў. Маці шырока расчыніла дзверцы, выцягнула мітуслівую старую з кабіны і павяла ў зараснік.

На версе грузавіка таксама заварушыліся. Твары ва ўсіх ільсніліся і пачырванелі ад сонца, ад якога не было дзе схавацца. Том, Кейсі, Ной і дзядзька Джон стомлена саскочылі на зямлю. Руці і Ўінфілд пералезлі цераз барты і гайсанулі ў кусты. Коні асцярожна зняў з машыны Ружу Сарона. Дзед прачнуўся, высунуў галаву з-пад брызенту, але вочы ў яго былі п'яныя, слязлівыя і няўцямныя. Ён утаропіў іх на людзей, ды наўрад ці пазнаў каго.

Том крыкнуў яму:

— Хочаш, дзед, злезці?

Старэчыя вочы безуважна павярнуліся да Тома.

— Не, — адказаў дзед. На міг у вачах у яго ўспыхнула лютасць. — Казаў, не паеду. Застануся, як М'юлі. — І ён зноў страціў усякую цікавасць да навакольнага.

Маці памагла бабцы падняцца па насыпе на шашу.

— Том, — сказала яна, — вазьмі там, у самым задзе, пад брызентам, патэльню з косткамі. Трэба падсілкавацца.

Том дастаў патэльню і абнёс усіх па чарзе. І сям'я, стоячы на абочыне шашы, пачала згрызаць са свіных костак хрумсткае мяса.

— Шчасце, што хоць гэта з сабой узялі, — сказаў бацька. — У мяне ногі як драўляныя, ледзь ступаю. А вада дзе?

— Хіба не ў вас там? — устрывожылася маці. — Я цэлы галонавы збан наліла.

Бацька палез на борт грузавіка і зазірнуў пад брызент.

— Тут няма. Мусіць, забыліся.

Усіх імгненна апанавала прага. Уінфілд захныкаў:

— Піць хачу. Хачу піць.

Мужчыны аблізнулі губы — ім раптам страшэнна захацелася вады. Усчалася лёгкая паніка.

— Вады на першай заправачнай дастанем, — заспакойліва сказаў Эл. — Нам і гаручае трэба.

Тыя, што ехалі наверсе, зноў палезлі на свае месцы; маці пасадзіла бабку ў кабіну і сама села побач. Эл запусціў матор, і ўся грамада паехала далей.

Ад Касла да Падэна — дваццаць пяць міль, а сонца толькі-толькі прайшло зеніт і пачало хіліцца на захад. Каўпачок радыятара бразгацеў, пара з шыпеннем выбівалася з-пад яго. Непадалёк ад Падэна спыніліся каля заправачнай станцыі; перад хацінай дзве бензінавыя калонкі, ля агароджы — водаправодны кран з доўгім шлангам. Эл падвёў носам да яго свой «гудзон». З крэсла ззаду калонак падняўся таўстун з загарэлым да чырвані тварам і такімі ж рукамі і пайшоў насустрач. На ім былі карычневыя вельветавыя штаны на падцяжках і спартовая кашуля з кароткімі рукавамі, на галаве — серабрыстага колеру кардонны шлем ад сонца. Пот пацеркамі выступіў у яго на носе і пад вачамі і струменьчыкамі сцякаў па складках шыі. Ён перавальваючыся падышоў да грузавіка з непрыязным, суровым выразам на твары.

— Што-небудзь купляць будзеце? — запытаўся ён. — Бензін ці дэталі?

Эл ужо вылез на падножку і кончыкамі пальцаў пачаў адвінчваць каўпачок радыятара, раз-пораз адхопліваючы руку, каб не апячыся.

— Нам патрэбен бензін, містэр.

— Грошы ёсць?

— А то ж. Вы што думалі, мы пабіраемся?

Твар таўстуна адразу палагаднеў.

— Ну, тады парадак, хлопцы. Налівайце вады. — І таўстун паспяшаўся растлумачыць: — А то цяпер столькі рознага народу тут праязджае — нальюць вады, набрудзяць у прыбіральні, ды яшчэ сцягнуць што-небудзь, а купіць нічога не купляюць. Клянчаць, дай ім хоць галон бензіну, каб з месца зрушыць.

Том гнеўна саскочыў з машыны і падышоў да таўстуна.

— Мы на свае грошы едзем, — са злосцю сказаў ён. — Ты што гэта нас з галавы да ног азіраеш? Мы задарма ў цябе нічога не просім.

— Я ж нічога такога, — паспешліва адказаў таўстун. Праз кашулю ў яго праступіў пот. — Налівайце вады, а прыбіральня — вунь яна, каму трэба.

Уінфілд схапіў шланг, напіўся, потым падставіў пад струмень галаву і твар і адскочыў убок увесь мокры.

— Зусім не халодная, — сказаў ён.

— Што ў нас у краіне робіцца, проста розуму не дабяру, — загаварыў таўстун. Ён ужо знайшоў іншую тэму для скаргаў і пакінуў Джоўдаў у спакоі. — Кожны дзень па пяцьдзесят — шэсцьдзесят машын праязджае, народ падаўся на захад з малымі, з усім сваім скарбам. Куды ўсе яны едуць? Што там будуць рабіць?

— Туды ж, куды і мы, — адказаў Том. — Едуць на новыя месцы. Трэба ж неяк жыць. Толькі і ўсяго.

— Ну, не ведаю, што ў нас у краіне творыцца. Проста не магу зразумець. Вось і я таксама стараюся неяк жыць. Думаеш, новыя вялікія машыны тут спыняюцца? Не, сэр! Яны ідуць далей, у горад, да жоўценькіх заправачных станцый, што належаць кампаніі. Шыкоўныя машыны праязджаюць міма такіх халуп, як мая. Сюды большай часткай адна голь пад'язджае.