Выбрать главу

Эл адкруціў каўпачок радыятара, і струмень пары падкінуў каўпачок угору, а ў радыятары пачулася ціхае бульканне. На версе грузавіка змардаваны сабака падпоўз да самага краю паклажы і заскавытаў, пазіраючы ўніз на ваду. Дзядзька Джон палез на борт і зняў яго адтуль за загрывак. Спачатку сабака няўпэўнена пераступіў здранцвелымі нагамі, потым падышоў да лужыны пад водаправодным кранам і пачаў хлябтаць з яе. Па шашы, пабліскваючы на яркім сонцы, з шумам праносіліся аўтамашыны, і падняты імі гарачы вецер далятаў да двара заправачнай станцыі. Эл наліў са шланга вады ў радыятар.

— Не тое каб я стараўся зарабіць на багатых кліентах, — гаварыў сваё таўстун. — Я проста хачу, каб справа ішла. Але тыя, што заязджаюць, альбо клянчаць бензін, альбо выменьваюць яго на што-небудзь. Хочаце, гляньце там, у заднім пакоі, колькі ў мяне назбіралася непатрэбшчыны, якую мне ўпёрлі за бензін і масла, — ложкі, дзіцячыя каляскі, рондалі, патэльні… Адна сям'я дык ляльку дала за галон бензіну — у дачкі забралі. А што мне з усім гэтым хламам рабіць? Старызнікам стаць? Адзін чалавек за галон бензіну чаравікі з сябе гатовы быў зняць. І каб я быў, як некаторыя, дык мог бы… — Ён зірнуў на маці і не дагаварыў.

Джым Кейсі змачыў сабе валасы, і па яго высокім ілбе ўсё яшчэ беглі кропелькі вады, жылістая яго шыя была мокрая, кашуля мокрая. Ён падышоў і стаў каля Тома.

— Людзі не вінаватыя, — сказаў ён. — Табе самому было б прыемна абмяняць ложак, на якім ты спіш, на бензін?

— Ведаю, што не вінаватыя. З кім ні пагаворыш, без дай прычыны з месца ніхто не знімаецца. Але ж куды ідзе краіна? Вось што я хачу ведаць. Куды яна ідзе? Цяпер чалавек не можа сябе пракарміць. Зямля людзей таксама не корміць. І я ў вас пытаюся: куды мы ўсе ідзём? Нічога не разумею! І ў каго ні спытайся, ніхто нічога не разумее. Чалавек гатовы чаравікі з ног зняць, абы праехаць лішнюю сотню міль. Розуму не дабяру! — Ён зняў свой серабрысты трапічны шлем і выцер лоб далонню. Том таксама зняў з галавы кепку і выцер ёю лоб. Тады падышоў да шланга, намачыў кепку, адціснуў яе і зноў надзеў. Маці прасунула руку між планак борта, дастала алавяную конаўку, наліла ў яе вады і панесла да грузавіка. Напаіла бабку ў кабіне і пайшла да дзеда, які ляжаў на грузавіку. Стаўшы на ніжнюю планку, яна падала конаўку старому, той толькі змачыў губы і пакруціў галавой — не захацеў піць. Ён недаўменна паглядзеў на нявестку тужлівымі старэчымі вачамі і праз момант зноў упаў у забыццё.

Эл запусціў матор і заднім ходам пад'ехаў да бензакалонкі.

— Налівай, — сказаў ён. — Наогул у яе ідзе каля сямі галонаў, але больш як шэсць не трэба, а то выплюхвацца будзе.

Таўстун уставіў бензінавы шланг у адтуліну бака.

— Не, сэр, — сказаў ён. — Проста не ведаю, куды ідзе краіна. Дапамога па беспрацоўю і ўсё такое іншае.

Кейсі сказаў:

— Я шмат пахадзіў па краіне. Усе задаюць такое пытанне. Куды мы ідзём? Куды коцімся, спыніцца не можам? Чаму б людзям сур'ёзна не падумаць пра гэта? Усё ў руху. Людзі едуць і едуць. Мы ведаем, чаму яны едуць і як едуць. Едуць, бо інакш нельга. Даводзіцца ехаць. Так заўсёды бывае, калі людзі шукаюць лепшага. Седзячы на месцы, нічога не даб'ешся. Людзі цягнуцца да лепшага жыцця, шукаюць яго і знойдуць. Крыўда прымушае людзей змагацца за свае правы. Я многа пахадзіў па краіне, мне часта даводзілася чуць тое, што вы гаварылі.

Таўстун пампаваў бензін, стрэлка на лічыльніку круцілася.

— Дык усё ж такі, куды мы ідзём? Вось што я хачу ведаць.

Том сярдзіта перабіў яго:

— Ну і ніколі не даведаешся. Кейсі стараецца табе растлумачыць, а ты дзяўбеш адно і тое. Я такіх не першы раз сустракаю. Нічога цябе не цікавіць. Заладзіў адну і тую песеньку. «Куды мы ідзём?» А ты і ведаць не жадаеш. Уся краіна на колах, людзі едуць кудысьці. А колькі іх памірае навокал? Можа, і ты хутка канцы аддасі, а нічога толкам не дазнаешся. Шмат мне такіх траплялася. Нічога і ведаць не хочуць. Закалыхваеце сябе песенькай «Куды мы ідзём?». — Том паглядзеў на бензінавую помпу, старую, іржавую, і на халупу, збітую з ужываных дошак з дзіркамі ад старых цвікоў, што праступалі праз фарбу, — некалі бадзёрую жоўтую фарбу, якая храбра намагалася падрабіць сваю заправачную пад выгляд вялікіх фірменных заправачных станцый у горадзе. Але фарба не змагла схаваць ні старых дзірак ад цвікоў, ні трэшчын у дошках, а зноў фарбаваць халупу гаспадару ўжо не давядзецца. Падробка не ўдалася, і гаспадар гэта добра ведаў. Праз расчыненыя дзверы халупы Том убачыў бляшанкі са змазачным маслам — усяго дзве — і прылавак з заляжалымі цукеркамі, пацямнелымі ад часу лакрычнымі ледзянцамі і пачкамі цыгарэт. Убачыў зламанае крэсла і сетку ад мух з дзіркай пасярэдзіне, абведзенай іржой. Ён паглядзеў на гразкі дворык, які трэба было б пасыпаць жвірам, на кукурузнае поле ззаду яго, якое высыхала і памірала пад сонцам. Каля хаціны — горка езджаных і падноўленых шын. І толькі цяпер ён заўважыў на таўстуну старыя, замытыя штаны, танную спартовую кашулю і кардонны шлем. Том сказаў: — Я не хацеў вас пакрыўдзіць, містэр. Гэта ўсё ад спёкі. У вас таксама небагата. Хутка і вы апыняцеся на дарозе. Толькі выганяць вас не трактары. Вас выганяць жоўценькія станцыі ў горадзе. Людзі здымаюцца з месцаў, —ціха дадаў ён, — і вы таксама, містэр, падасцеся ўслед за імі.