Выбрать главу

Таўстун слухаў Тома, і рука яго ўсё марудней круціла ручку помпы, пакуль зусім не замерла. Ён з трывогай пазіраў на Тома.

— Адкуль ты ведаеш? — разгублена запытаўся ён. — Адкуль табе вядома, што мы пагаворваем ужо пра гэта — хочам сабраць усе пажыткі і падацца на Захад?

Яму адказаў Кейсі:

— Так усе робяць. Я зацята змагаўся з д'яблам, бо ў д'ябле мне ўяўляўся наш агульны вораг. Але цяпер нашай краінай завалодаў яшчэ горшы вораг, і ён не адступіцца, пакуль яго не пасякуць на кавалкі. Вы бачылі, як яшчарка-ядазуб трымае здабычу, містэр? Учэпіцца, ты рассячэш яе напалам, а яна зубоў не расціскае. Адсячэш галаву, яна ўсё трымае. Даводзіцца адвёрткай расшчапляць ёй сківіцы, толькі тады адпусціць. А пакуль трымае сваю здабычу, атрута прасочваецца праз рану кропля за кропляй. — Ён змоўк і скоса глянуў на Тома.

Таўстун збянтэжана ўтаропіў позірк некуды ўдалячынь. Рука яго пачала паволі круціць каленчаты рычаг помпы.

— Проста не ведаю, куды мы ідзём, — ціха прамовіў ён.

Коні і Ружа Сарона стаялі каля вадзянога шланга і па-змоўніцку перамаўляліся. Коні спаласнуў алавяную конаўку і, перш чым наліць у яе вады, паспрабаваў струмень пальцам. Ружа Сарона глядзела на машыны, што праносіліся па шашы. Коні паднёс ёй конаўку.

— Хоць і цеплаватая, ды ўсё ж вада, — сказаў ён.

Ружа Сарона глянула на яго і таямніча ўсміхнулася. З тае пары, як яна зацяжарала, таямнічасць ахінула ўсю яе істоту, тайны і недамоўкі, здавалася, мелі для іх абаіх нейкі асаблівы сэнс. Яна была вельмі задаволеная сабой і пераборлівая ў самых малаважных дробязях. Яна вымагала ад Коні безліч непатрэбных паслуг, і абое ведалі, што і без іх можна абысціся. Коні таксама быў задаволены Ружай Сарона і ніяк не мог нацешыцца з яе цяжарнасці. Яго радавала, што ён падзяляў з ёю ўсе яе таямніцы. Калі яна хітра ўсміхалася, ён адказваў ёй такою самаю хітрай усмешкаю, і яны перашэптваліся між сабой. Свет самкнуўся вакол іх у цеснае кола, і яны былі яго цэнтрам, праўдзівей — Ружа Сарона была яго цэнтрам, а Коні круціўся вакол яе на маленькай арбіце. Усё, пра што яны гаварылі, было ахутана таямніцай.

Ружа Сарона адвяла вочы ад шашы.

— Мне піць не дужа хочацца, — сказала яна манерна. — Але, магчыма, мне трэба піць.

Коні сцвярджальна кіўнуў галавой, бо зразумеў, што яна мела на ўвазе. Яна ўзяла ў яго з рук конаўку, прапаласкала рот, сплюнула і выпіла цеплаватую ваду да дна.

— Яшчэ адну? — запытаўся Коні.

— Палову. — І ён наліў паўконаўкі і падаў ёй. Па шашы прашугаў «лінкольн» мадэлі «зефір» — серабрысты, нізкай пасадкі. Ружа Сарона азірнулася, ці далёка астатнія члены сям'і, і, убачыўшы, што яны стаяць усе каля грузавіка, ціха сказала: — Ты хацеў бы раз'язджаць на такой машыне?

Коні ўздыхнуў:

— Чаму не… але гэта потым. — І яны абое зразумелі, што мелася на ўвазе. — Калі будзем добра зарабляць у Каліфорніі, займеем машыну. Але вось такія, — ён паказаў рукой на «зефір», які знікаў удалечыні, — такія каштуюць не менш за вялікі дом.

— А мне хацелася б мець і дом, і такую машыну, — сказала Ружа Сарона. — Толькі, вядома, спярша дом, бо… — І абое зразумелі, што яна хацела сказаць. Іх увесь час хвалявала яе цяжарнасць.

— Як ты сябе адчуваеш — добра? — запытаўся Коні.

— Стамілася. Цяжка ехаць пад такім сонцам.

— Нічога не зробіш. Іначай мы ніколі не дабяромся да Каліфорніі.

— Ведаю, — сказала Ружа Сарона.

Сабака, прынюхваючыся, абмінуў грузавік, падбег да лужыны пад вадзяным шлангам і пачаў хлябтаць мутную ваду. Потым адышоў убок, апусціў нос да зямлі і звесіў вушы. Абнюхваючы пыльную траву, ён дайшоў да самага краю дарогі, падняў галаву, паглядзеў на шашу і пайшоў упоперак яе. Раптам Ружа Сарона пранізліва закрычала. Міма, віскочучы шынамі, імкліва імчалася вялікая машына. Сабака бездапаможна шарахнуўся назад і, ледзь паспеўшы скавытнуць, апынуўся пад коламі. У акенцах з'явіліся твары, павярнуліся назад, машына на імгненне сцішыла ход, потым зноў набрала хуткасць і знікла з вачэй. А сабака з вываленымі вантробамі ляжаў акрываўленым камяком на зямлі, слаба падрыгваючы нагамі.