— Вунь нехта спыніўся. Бадай што, нядрэннае месца.
Ён збавіў газ і затармазіў на абочыне. Капот старэнькай легкавушкі быў падняты, чалавек сярэдняга веку разглядаў матор. На ім былі таннае саламянае самбрэра, сіняя кашуля, чорная, у крапінку, камізэлька і зашмальцаваныя, злубянелыя джынсы. Глыбокія і доўгія маршчыны на худых шчоках рабілі больш кідкімі яго вострыя скулы і падбародак. Ён падняў галаву і паглядзеў на грузавік Джоўдаў, і ў яго позірку адлюстраваліся заклапочанасць і раздражненне.
Том высунуўся з акенца:
— Тут спыняцца нанач не забаронена?
Дагэтуль чалавек бачыў толькі грузавік. Цяпер яго позірк перабег на Тома.
— Не ведаю, — адказаў ён. — Мы спыніліся тут толькі таму, што далей ехаць не можам.
— А вада тут паблізу ёсць?
Чалавек паказаў на хібарку заправачнай, што віднелася мо за чвэрць мілі наперадзе.
— Вада вунь дзе — вядро наліць дадуць.
Том быў у нерашучасці.
— А нічога, калі мы таксама тут спынімся?
Хударлявы чалавек крыху замяшаўся.
— Я тут не гаспадар, — адказаў ён. — Мы толькі таму тут сталі, што вось гэтая старая скрыня далей ехаць не захацела.
Том не здаваўся:
— Усё ж такі вы ўжо тут, а мы толькі прыехалі. Ваша права вырашаць — перашкодзяць вам суседзі ці не.
Заклік да гасціннасці падзейнічаў імгненна.
— Ну як жа, вядома, з'язджайце з дарогі. Вельмі будзем радыя. — І паклікаў: — Сэйры, тут людзі спыніцца каля нас хочуць. Выйдзі паздароўкайся. Сэйры ў мяне хварэе, — паведаміў ён Тому.
Полкі палаткі расхінуліся, і з яе выйшла худая, ссохлая жанчына. Твар у яе быў зморшчаны, як завялы ліст, і на ім гарэлі вочы — чорныя вочы, у глыбіні якіх затаіўся страх. Маленькую жанчыну калаціла. Яна трымалася за адкінутую полку палаткі, і рука яе нагадвала руку шкілета, абцягнутую сухой скурай.
Яна загаварыла нізкім, прыгожым, мяккім пявучым голасам, у якім прабіваліся звінючыя ноткі.
— Скажы ім: з добрым прыбыццём, — прамовіла яна. — Скажы: сардэчна запрашаем.
Том з'ехаў з шашы і паставіў машыну ў полі побач з легкавой. Пасажыры выплюхнуліся з грузавіка, як кіпень з гаршка. Руці і Ўінфілд так паспешліва саскочылі, што ў іх ледзь не падкасіліся замлелыя ногі, і ўзнялі віск, калі ў лытках пачало паколваць, як іголкамі. Маці адразу ўзялася за справу. Адвязала вялікае вядро, што было прывязана ззаду грузавіка, і падышла з ім да дзяцей, якія ўсё яшчэ вішчалі.
— Ідзіце па ваду — вунь туды. Папрасіце далікатна. Скажыце: «Будзьце ласкавыя, ці нельга нам наліць вядро вады?» І не забудзьцеся, скажыце: «Вялікі дзякуй». Назад панесяце ўдваіх, толькі не расплюхайце па дарозе. А трапіцца на вочы сухое голле, захапіце з сабой — касцёр распалім.
Дзеці патупалі да хаціны.
А каля палаткі адбылася маленькая замінка, гутарка завязалася не адразу. Першы пачаў бацька:
— Вы не з Аклахомы?
Эл, які стаяў каля легкавушкі, паглядзеў на нумарны знак.
— Канзас, — сказаў ён.
Хударлявы чалавек растлумачыў:
— Мы з Галены, з яе наваколля. Уілсан, Айві Ўілсан.
— А мы Джоўды. З-пад самага Саліса.
— Што ж, мы вельмі радыя пазнаёміцца, — сказаў Айві Ўілсан. — Сэйры, гэта Джоўды.
— Я адразу здагадаўся, што вы не аклахомцы. У вас гаворка нейкая дзіўная, я гэта не ў крыўду вам, разумееце.
— Гавораць усе па-рознаму, — сказаў Айві. — Арканзасцы па-свойму, аклахомцы па-свойму. А неяк раз нам стрэлася жанчына з Масачусетса, дык яна ўжо зусім дзіўна гаварыла. Ледзь разумелі яе.
Ной, дзядзька Джон і прапаведнік узяліся разгружаць машыну. Спачатку памаглі дзеду злезці і пасадзілі яго на траву. Стары сядзеў млявы, уставіўшы вочы проста перад сабой.
— Табе што, дзед, нядобра? — запытаўся Ной.
— Вельмі, — слабым голасам адказаў стары. — Страх як дрэнна.
Паволі і асцярожна ступаючы, да яго падышла Сэйры Ўілсан.
— Можа, вам лепш зайсці ў палатку? — запыталася яна. — Паляжыце там на матрацы, адпачніце.
Пачуўшы яе мяккі голас, дзед падняў галаву.
— Хадзем, — сказала Сэйры. — Вам трэба адпачыць. Мы вас давядзём.
Стары раптам расплакаўся. Падбародак у яго дрыжэў, губы шчыльна сцяліся, ён хрыпла ўсхліпваў. Маці кінулася да яго і абняла за плечы. Памагла яму падняцца, напружыўшы сваю шырокую спіну, і павяла, пацягнула яго ў палатку.
Дзядзька Джон сказаў:
— Відаць, сапраўды дзед наш расхварэўся. Раней з ім гэтага не бывала. У жыцці не бачыў, каб ён слязу пусціў. — Джон хуценька залез на грузавік і скінуў уніз матрац.