— Часам цяжка прытрымлівацца закону, — сказаў бацька. — Асабліва калі хочаш, каб усё было па сумленні. Такіх выпадкаў хапае. Калі Флойд хаваўся, як дзікі звер, закон патрабаваў, каб мы выдалі яго, але ніхто не выдаў. Іншы раз даводзіцца абыходзіць закон. Вось я і кажу: я маю права пахаваць роднага бацьку. Хто-небудзь хоча што сказаць?
Прапаведнік прыўзняўся на локці.
— Законы мяняюцца, — сказаў ён, — а людскія патрэбы застаюцца. Ты маеш права рабіць тое, што табе трэба рабіць.
Бацька павярнуўся да дзядзькі Джона:
— Гэта і тваё права, Джон. Ты маеш што-небудзь супраць?
— Нічога, — адказаў дзядзька Джон. — Толькі атрымліваецца так, быццам мы хочам хаваць яго пад сховай начной цемры. Пры жыцці дзед рабіў усё адкрыта.
Крыху прысаромлены, бацька сказаў:
— Гэтак, як ён рабіў, нам цяпер нельга. Трэба даехаць да Каліфорніі, пакуль грошы яшчэ ёсць.
І Том уставіў сваё слова:
— Бываюць выпадкі, калі дзе-небудзь капаюць зямлю, знаходзяць нябожчыка і ўзнімаюць гвалт — забілі чалавека. Нашы ўлады цікавяцца мёртвымі больш, чым жывымі. Пачнуць дазнавацца, хто ён такі і як памёр. Я вось што прапаную: давайце пакладзём у бутэльку запіску і закапаем разам з ім. Там усё будзе сказана — хто ён, як памёр і чаго яго тут пахавалі.
Бацька ў знак згоды паківаў галавой.
— Правільна. Толькі трэба прыгажэй напісаць. І дзеду не так самотна будзе, калі з ім будзе яго імя, а то закапалі — і ляжы адзін, стары, пад зямлёй. У каго-небудзь ёсць яшчэ што сказаць?
Усе маўчалі.
Бацька павярнуўся да маці:
— Ты ўбярэш яго?
— Убяру, — адказала маці. — А хто вячэру згатуе?
— Я прыгатую вячэру, — сказала Сэйры Ўілсан. — Мы з вашай старэйшай дачкой усё зробім.
— Вялікі дзякуй. Ты, Ной, пайдзі дастань з якой бачуркі свініны. Яна як след яшчэ не прасалілася, але есці можна.
— А ў нас ёсць паўмяшка бульбы, — сказала Сэйры.
— Дай мне дзве манеты па паўдаляра, — папрасіла маці ў бацькі; той пакапаўся ў кішэні і падаў ёй срэбра.
Маці адшукала таз, наліла ў яго вады і панесла ў палатку. Там было амаль зусім цёмна. Сэйры ўвайшла следам, запаліла свечку, прыткнула яе на скрынку і пакінула маці адну. Маці паглядзела на нябожчыка, і ў яе сціснулася сэрца. Яна адарвала палоску ад свайго фартуха і падвязала дзеду ніжнюю сківіцу. Выпрастала яму ногі, склала рукі на грудзях. Потым апусціла яго павекі і паклала на іх па сярэбранай манеце, зашпіліла яму кашулю і абмыла твар.
Сэйры зазірнула ў палатку:
— Можа, чым дапамагчы?
Маці паволі падняла галаву.
— Зайдзіце, — сказала яна. — Хацела б з вамі пагаварыць.
— Старэйшая дачка ў вас упраўная, — сказала Сэйры. — Колькі ўжо бульбы абабрала! Дык кажыце, што трэба рабіць?
— Я хацела абмыць яго, ды вось няма ў што пераапрануць. А коўдра ваша цяпер сапсаваная. Мёртвы дух нічым з яе не вытравіш. Памятаю, у нас сабака панюхаў матрац, на якім памерла мая маці, і аж затросся і пачаў гыркаць, хоць два гады прайшло пасля яе смерці. Мы загорнем яго ў вашу коўдру, а вам аддадзім другую, у нас ёсць.
Сэйры сказала:
— Навошта вы так гаворыце. Мы памагаем вам ад шчырага сэрца. У мяне ўжо даўно не было… так спакойна на душы. У людзей ёсць такая патрэба — памагаць адзін аднаму.
Маці кіўнула галавой.
— Ёсць, — адказала яна і доўга глядзела на зарослы шчэццю стары твар з падвязанай сківіцай і сярэбранымі вачніцамі, якія паблісквалі пры святле свечкі. — Так ён сам на сябе не падобны, — сказала яна. — Трэба закруціць яго з галавой.
— Ваша старая добра трымалася.
— Яна зусім старэнькая. Магчыма, і не разумее толкам, што здарылася. І, можа, не хутка зразумее. Акрамя таго, гонар нам не дазваляе адчайвацца. Бывала, мой бацька казаў: «Зламацца кожны можа. А каб саўладаць з сабой, трэба быць чалавекам». У любых выпадках мы не паддаёмся адчаю. — Маці акуратна захутала ногі і плечы нябожчыка, закінула адзін ражок коўдры яму на галаву, як капюшон, і насунула на твар. Сэйры падала ёй некалькі вялікіх ангельскіх шпілек, і яна старанна і акуратна зашпіліла з усіх бакоў гэты доўгі пакунак. Нарэшце паднялася з кален. — Пахаванне будзе прыстойнае, — сказала яна. — З намі едзе прапаведнік, ён адпяе яго, і сям'я ўся ў зборы. — Яна пахіснулася. Сэйры падскочыла да яе, не дала ёй упасці. — На хаду засынаю… — сумелася маці. — Не, нічога, пройдзе. Перад ад'ездам нам шмат давялося пакруціцца.
— Выйдзем на паветра, — сказала Сэйры.
— Ага, я ўсё, што трэба, зрабіла.
Сэйры задзьмула свечку, і жанчыны выйшлі з палаткі.
На дне неглыбокага яра ярка гарэла вогнішча. Том убіў у зямлю калкі, падвесіў на дроце два кацялкі, і вада цяпер у іх бурна кіпела, з-пад накрывак выбівалася пара. Ружа Сарона стаяла на каленях крыху ўбаку ад гарачага полымя з доўгай лыжкай у руцэ. Убачыўшы, што маці выйшла з палаткі, яна паднялася і падышла да яе.