— Ма, — сказала яна, — хачу ў цябе пра нешта спытацца.
— Зноў спалохалася? — запыталася маці. — Дзевяць месяцаў без гора не пражывеш, даражэнькая.
— А дзіцяці не пашкодзіць?
Маці адказала:
— Ёсць такая прымаўка: «Дзіця, што ў смутку родзіцца, у жыцці са шчасцем водзіцца». Здаецца, так, місіс Уілсан?
— Чула такую, — адказала Сэйры. — А яшчэ я ведаю і другую: «У залішняй радасці радзіцца, увесь свой век смуціцца».
— У мяне ўсё ўсярэдзіне падскочыла ад страху, — сказала Ружа Сарона.
— Ад весялосці ў нас нічога не скача, — прамовіла маці. — Ты лепш глядзі кацялкі.
Мужчыны сабраліся на краі светлага круга ад вогнішча. З прылад у іх была рыдлёўка і матыка. Бацька адмераў месца для магілы — восем футаў у даўжыню і тры футы ў шырыню. Працавалі па чарзе. Бацька ўскопваў зямлю матыкай, а дзядзька Джон адкідаў яе ўбок рыдлёўкай. Потым крышыў зямлю Эл, а выграбаў Том. Тады крышыў Ной, выграбаў Коні. Работа ішла без перапынку, і магіла рабілася ўсё глыбейшай. Рыдлёўка за рыдлёўкай вылятала адтуль зямля. Стоячы па плечы ў прамавугольнай яме, Том запытаўся:
— На якую глыбіню капаць, та?
— Глыбей. Яшчэ футы на два. Ты вылазь, Том, пайдзі напішы тую запіску.
Том вылез, і яго месца заняў Ной. Том падышоў да маці, якая падтрымлівала агонь.
— У нас, ма, ёсць папера і пяро?
Маці пакруціла галавой:
— Н-не. Што іншае, а гэтага з сабой не ўзялі. — Яна глянула на Сэйры, і маленькая жанчына паспешліва пайшла ў палатку. Вярнулася яна з Бібліяй у руках і напалову спісаным алоўкам.
— Вось, — сказала яна. — Тут, у пачатку, ёсць чыстая старонка. Напішы на ёй і вырві. — Сэйры падала Біблію і аловак Тому.
Том сеў каля вогнішча. Ён засяроджана прыплюшчыў вочы і нарэшце няспешна вывеў буйнымі выразнымі літарамі на чыстай частцы старонкі: «Тут спачывае Ўільям Джэймс Джоўд, памёр ад удару зусім старым. Радня закапала яго тут, бо не было грошай на пахаванне. Яго ніхто не забіваў. З ім здарыўся ўдар, і ён памёр». — Том адняў аловак ад паперы. — Паслухай, ма, — сказаў Том і паволі прачытаў услых напісанае.
— Што ж, гучыць нядрэнна, — ухваліла маці. — А ты яшчэ што-небудзь і набожнае падабраў бы з Пісання. Пагартай Біблію, пашукай якое выслоўе.
— Трэба, каб карацей, — сказаў Том. — А то месца амаль не засталося.
Сэйры сказала:
— А што, калі напісаць: «Супакой, госпадзі, душу яго»?
— Не, — запярэчыў Том. — Атрымліваецца, быццам ён вісельнік. Я спішу што-небудзь адсюль. — Ён гартаў старонкі Бібліі і чытаў сам сабе, бязгучна варушачы губамі. — Ну вось, і добра, і коратка, — сказаў ён уголас. — «І Лот сказаў ім: не, Уладыка».
— Ніякага сэнсу, — сказала маці. — Калі ўжо пісаць, дык каб хоць сэнс які быў.
Сэйры параіла:
— Пагартай далей, там, дзе псалмы. З іх заўсёды ёсць што выбраць.
Том хутка перагортваў старонкі і прабягаў вачамі вершы.
— Ёсць! — нарэшце сказаў ён. — І прыгожа, і так і дыхае набожнасцю: «Шчаслівы той, каму адпушчаны беззаконні і чые грахі выкупленыя». Ну як?
— Сама раз, — сказала маці. — Спішы.
Том старанна перапісаў радок на паперу. Маці спаласнула і выцерла фруктовы слоік. Том шчыльна закруціў крышку.
— Можа, лепш было прапаведніку пісаць, — сказаў ён.
— Не, прапаведнік нам не сваяк, — сказала маці, узяла ў яго слоік і пайшла ў цёмную палатку. Там яна выцягнула некалькі шпілек з шарсцяной коўдры, усунула слоік пад халодныя тонкія рукі і зноў зашпіліла. Тады вярнулася да вогнішча.
Мужчыны адышлі ад ямы, твары ў іх блішчалі ад поту.
— Гатова, — сказаў бацька і разам з дзядзькам Джонам, Ноем і Элам зайшоў у палатку. Яны вынеслі адтуль доўгі, зашпілены з усіх бакоў скрутак і панеслі да магілы. Бацька скочыў уніз, пераняў цела і асцярожна апусціў на зямлю. Дзядзька Джон памог яму вылезці.
— А як быць з бабкай? — запытаўся бацька.
— Я зараз прывяду яе, — адказала маці, пайшла да матраца і нейкі час глядзела на старую. Потым вярнулася да магілы.
— Спіць, — сказала яна. — Можа, бабка і закрыўдуе на мяне, але я не буду яе будзіць. Ёй спакой патрэбен.
Бацька запытаўся:
— А прапаведнік дзе?
Том адказаў:
— Я бачыў, ён пайшоў па дарозе. Не хоча больш маліцца.
— Не хоча маліцца?
— Не. Ён больш не прапаведуе. Кажа, навошта ашукваць людзей і выдаваць сябе за прапаведніка, калі на самай справе я не прапаведнік. Б'юся аб заклад, што ён уцёк, каб мы не прасілі яго маліцца.