Выбрать главу

Цяпер ісці было лягчэй, і затэпалі ўсе чатыры нагі, панцыр, пагойдваючыся, папоўз наперад. Насустрач ехала адкрытая машына, за рулём сядзела жанчына гадоў сарака. Яна заўважыла чарапаху і крута збочыла ўправа, шыны віскнулі, узвіхрыўся пыл. Пярэднія колы на імгненне падскочылі ў паветра і адразу апусціліся. Шыны зноў счапіліся з палатном дарогі, і машына пайшла далей, толькі не так хутка, як раней. Чарапаха схавалася ў панцыр, але цяпер зноў высунулася з яго і пачала паспешліва перабіраць нагамі, бо бетон быў пякучы.

Наперадзе паказаўся невялічкі грузавічок, і, пад'ехаўшы, шафёр убачыў чарапаху і скіраваў проста на яе. Пярэдняя шына чыркнула па самым краі панцыра, падкінула чарапаху ўгору, як завостраны шпянёк, закруціла, як манету, і чарапаха скацілася з шашы. А грузавічок зноў вярнуўся на правы бок дарогі. Чарапаха доўга ляжала на спіне, схаваўшыся ў панцыр. Нарэшце высунуліся ногі, заварушыліся, шукаючы апоры, каб перавярнуцца. Пярэднія лапы намацалі абломак кварцу, панцыр пачаў пераварочвацца і неўзабаве плёхнуўся на траву купалам угору. Каласок аўсюка вываліўся, і тры востраканечныя зернеткі ткнуліся ў зямлю. Чарапаха папаўзла з насыпу і сваім ніжнім шчытком прысыпала іх пяском. Потым выбралася на палявую дарогу і, паторгваючыся, пасунулася па ён, выворваючы панцырам плыткі хвалісты равок у пыле. Старэчыя насмешлівыя вочы глядзелі проста наперад, арагавелая дзюба трохі разявілася, лапы з жоўтымі кіпцямі раз-пораз слізгалі па пыле.

Раздзел чацвёрты

Калі Джоўд пачуў, што грузавік зрушыў з месца і паехаў, набіраючы хуткасць, а дарога перарывіста загула пад напорам гумавых шын, ён спыніўся, павярнуўся і глядзеў яму ўслед, пакуль машына не знікла з вачэй. Ён так і застаўся стаяць, узіраючыся ў мігатлівае блакітнае марыва. У задуменні выняў з кішэні сваю пляшку, адкруціў металічны каўпачок, асцярожна пацягнуў з рыльца, правёў у ім языком і аблізаў губы, каб да канца адчуць смак віскі.

Ён паспрабаваў прыгадаць: «Там нам стрэўся афрыканец…», але далей ніяк не ішло. Тады ён адвярнуўся ад шашы і паглядзеў на дарогу, што пад прамым вуглом ішла ў поле. Шчодра прыпякала сонца, аселы пыл ляжаў, не патрывожаны ветрам. Каляіны на дарозе да краёў засыпала пылам. Джоўд зрабіў некалькі крокаў, і лёгкі, як мука, пыл заклубіўся перад яго новымі жоўтымі чаравікамі, зацерушыў іх і зрабіў шэрымі.

Ён нахіліўся, развязаў шнуркі і адзін за другім зняў абодва чаравікі. З асалодай размяў потныя ногі, пераступаючы імі ў гарачым пыле і прасейваючы яго струменьчыкамі між пальцаў, пакуль скура на ступнях, падсохшы, не сцялася. Тады зняў пінжак, закруціў у яго чаравікі і засунуў скрутак пад паху. Нарэшце ён пакрочыў па дарозе, узнімаючы перад сабой пыл, які потым слаўся нізкім воблачкам за яго спінай.