Кейсі, прыходу якога яны не заўважылі, чуў словы Тома.
— Нікуды я не ўцёк, — сказаў ён. — Я памагу вам, людзі, але ашукваць вас не буду.
Бацька сказаў:
— Можа, усё-ткі скажаш некалькі слоў? У нас у сям'і нікога яшчэ не хавалі без малітвы.
— Добра, скажу, — згадзіўся прапаведнік.
Коні вёў да дзедавай магілы Ружу Сарона, тая ішла неахвотна.
— Трэба, — угаворваў яе Коні. — Іначай непрыстойна. Гэта ж нядоўга.
Святло ад вогнішча падала на людзей, што акружылі магілу, азарала іх твары і вочы і меркла на цёмным адзенні. Мужчыны стаялі, зняўшы капелюшы. Языкі полымя ў вогнішчы скакалі, кідаючы трапятлівыя блікі на людзей.
Кейсі сказаў:
— Гаварыць буду коратка. — Ён схіліў галаву, і астатнія таксама схілілі галовы. Кейсі ўрачыста сказаў: — Стары, які тут ляжыць, пражыў жыццё і памёр. Я не ведаю, які ён быў чалавек, — добры ці дрэнны, але гэта няважна. Важна тое, што ён быў жывы. А цяпер памёр, і цяпер гэта таксама няважна. Я раз чуў, як адзін чытаў вершы, і там было сказана: «Усё жывое — святое». Я задумаўся і неўзабаве зразумеў, што ў словах у гэтых сэнсу больш, чым на першы погляд здаецца. І я не буду маліцца за гэтага старога, якога ўжо няма сярод жывых. З ім усё як мае быць. У яго ёсць адна мэта, і яна стаіць перад ім, да яе вядзе толькі адзін шлях. У нас таксама ёсць свая мэта, але ў нас сотні шляхоў да яе, і мы не ведаем, па якім пайсці. І калі б мне выпала памаліцца, я памаліўся б за тых, хто не ведае, на які шлях ступіць. У дзеда дарога прамая. А цяпер укрыйце яго зямлёй, і няхай ён робіць сваю справу. — Кейсі падняў галаву.
Бацька сказаў:
— Аман.
І астатнія прамармыталі хорам:
— Аман.
Бацька ўзяў рыдлёўку, набраў паўштыха зямлі і асцярожна скінуў у чорную яму. Тады перадаў рыдлёўку дзядзьку Джону, і той кінуў зямлі поўны штых. Рыдлёўка пераходзіла з рук у рукі, пакуль не абышла ўсіх мужчын. Калі ўсе яны выканалі свой абавязак і зрабілі тое, што ім належала зрабіць па праву, бацька накінуўся на кучу зямлі, што ляжала з краю, і пачаў таропка засыпаць магілу. Жанчыны адышлі да вогнішча гатаваць вячэру. Руці і Ўінфілд, як зачараваныя, стаялі каля магілы. Руці ўрачыста прамовіла:
— Цяпер дзед там, унізе, ляжыць.
Уінфілд спалохана вытрашчыў на яе вочы і пабег да вогнішча, там сеў на зямлю і заплакаў.
Бацька засыпаў магілу да паловы і спыніўся, цяжка пераводзячы дух, а рэшту зямлі скінуў дзядзька Джон. Калі Джон пачаў рабіць насып, Том затрымаў яго руку.
— Паслухай, — сказаў ён. — Калі магілка будзе з насыпам, яе як бачыш знойдуць. Трэба, каб не было прыкметна. Зраўняй з зямлёй, а зверху мы накідаем травы. Што зробіш, інакш нельга.
Бацька сказаў:
— Я пра гэта і не падумаў. Але без насыпу няможна.
— Нічога не зробіш, — сказаў Том. — Яго адразу адкапаюць, і нас абвінавацяць у парушэнні закону. Ты ведаеш, што мне будзе, калі я пераступлю закон.
— Правільна, — пагадзіўся бацька. — Я зусім забыўся. — Ён узяў у Джона рыдлёўку і зраўняў магілу. — Ледзь зіма, і праваліцца, — сказаў ён.
— Нічога не зробіш, — сказаў Том. — Да зімы мы будзем далёка. Утапчы добра, а зверху мы чаго-небудзь накідаем.
Калі свініна і бульба зварыліся, абедзве сям'і селі вячэраць вакол вогнішча. Усе елі моўчкі, пазіраючы на агонь. Уілсан запусціў зубы ў кавалак мяса і задаволена ўздыхнуў.
— Цудоўная свініна, — сказаў ён.
— У нас былі дзве свінкі, — паясніў бацька, — і мы вырашылі іх з'есці. За іх нічога не давалі. Вось крыху асвоімся з дарогай, маці спячэ хлеба, тады адно задавальненне — едзеш сабе, пазіраеш па баках, а ў грузавіку ў цябе яшчэ і дзве бачуркі свініны. Колькі часу вы ўжо ў дарозе?
Уілсан прачысціў языком зубы і глынуў.
— Нам не пашчасціла, — адказаў ён. — Трэці ўжо тыдзень, як мы паехалі з дому.
— Божа літасцівы! А мы мяркуем за дзесяць дзён дабрацца да Каліфорніі, а то і хутчэй.
У гутарку ўмяшаўся Эл:
— Не, та, наўрад ці. З такім грузам мы, можа, і ніколі не дабяромся. Асабліва калі давядзецца ехаць праз горы.
Вакол вогнішча запанавала цішыня. Галовы ва ўсіх апусціліся, і агонь асвятляў ім толькі валасы і лоб. Над невысокім купалам святла скупа паблісквалі летнія зоркі, дзённая спёка памалу спадала. На сваім матрацы, убаку ад вогнішча, ціха захныкала бабка, нібы шчанюк заскавытаў. Твары ўсіх павярнуліся ў той бок.
Маці сказала:
— Разашарна, будзь разумненькай, ідзі паляжы з бабкай. Яе цяпер нельга пакідаць адну. Яна ўжо ўсё зразумела.
Ружа Сарона паднялася на ногі, пайшла да матраца і лягла побач са старой, і да вогнішча данесліся няясныя гукі іх галасоў. Ружа Сарона і бабка перашэптваліся, лежачы на матрацы.