Выбрать главу

Ной сказаў:

— Дзіўна неяк — дзеда няма, а быццам нічога не здарылася. Смутку мне не прыбавілася.

— Гэта ўсё адно, — сказаў Кейсі. — Зямля ваша і дзед — адно непадзельнае.

Эл сказаў:

— Вельмі крыўдна за яго. Памятаеце, ён гаварыў, што там будзе рабіць, як ён вінаградныя гронкі аб галаву будзе расціскаць, каб усю бараду сокам заліло, і ўсякае такое.

Кейсі сказаў:

— Гэта ён так, дурыўся. Думаю, ён усё разумеў. Дзед ваш памёр не сёння. Ён памёр, як толькі вы яго з месца знялі.

— Ты гэта напэўна ведаеш? — усклікнуў бацька.

— Ну, не зусім так. Дыхаць ён дыхаў, але жыцця ў ім ужо не было. Дзед і зямля ваша — адно цэлае, і ён гэта разумеў.

Дзядзька Джон запытаўся:

— А ты ведаў, што ён памірае?

— Так, — адказаў Кейсі. — Ведаў.

Джон утаропіўся на прапаведніка, і ў вачах у яго рос жах.

— І нікому не сказаў?

— А якая карысць?

— Мы… мы зрабілі б што-небудзь.

— Што?

— Ну што-небудзь, але…

— Не, — сказаў Кейсі, — зрабіць вы не змаглі б нічога. Ваш шлях быў вызначаны, а дзеду з вамі было не па дарозе. Ён і не мучыўся. Хіба, можа, толькі раніцай, у першыя хвіліны. Ён астаўся з зямлёй. Не мог яе кінуць.

Дзядзька Джон глыбока ўздыхнуў.

Уілсан сказаў:

— А нам прыйшлося майго брата кінуць. — Усе павярнуліся да яго. — У нас з ім былі ўчасткі-саракоўкі побач. Ён старэйшы за мяне. Машыны ніхто з нас ніколі не вадзіў. І вось мы прадалі ўсё, што ў нас было. Уіл купіў сабе машыну, і да яго прыставілі нейкага падлетка — вучыць кіраваць. За дзень перад ад'ездам Уіл з цёткай Міні паехалі папрактыкавацца. Раптам перад Уілам калдобіна, ён як гаркне: «Тпру!» — і як дасць задні ход. Урэзаўся ў агароджу. Зноў крыкнуў: «Тпру, каб на цябе!» — тупнуў нагой па педалі газу і перакуліўся ў канаву. І застаўся ён ні з чым: ні на продаж нічога, ні машыны. Але ж, дзякуй богу, сам вінаваты. І так узлаваўся, з сябе аж выходзіць, з намі ехаць не захацеў — сядзіць, лаецца апошнімі словамі.

— Што ж ён будзе рабіць?

— Каб я ведаў. Чалавек зусім крануўся ад злосці. А нам чакаць няможна. У нас толькі восемдзесят даляраў на ўсю дарогу. Не сядзець жа нам і чакаць, пакуль і тыя разыдуцца. Але дарога ўжо амаль усе іх з'ела. Не праехалі і сотні міль, зуб у заднім мосце паляцеў, а рамонт абышоўся трыццаць даляраў. А там спатрэбілася пакрышка, і запальная свечка трэснула, а яшчэ Сэйры занядужала. Давялося прыпыніцца, вось ужо дзесяць дзён стаім. А цяпер машына, няхай яна спрахне, зноў паламалася, а грошай ужо — кот наплакаў. Проста не ведаю, калі мы дабяромся да гэтай Каліфорніі. Трэба рамантаваць, а я ў гэтым нічога не кемлю.

Эл дзелавіта запытаўся:

— Што з машынай?

— Ды проста ісці не хоча. Завядзецца, чхне разок — і заглухне. Праз момант зноў завядзецца, і перш чым паспееш тармазы адпусціць, зноў як мёртвая.

— Матор працуе хвіліну і глухне?

— Ага, так. Прыбаўлю газу, усё роўна не ідзе. Чым далей, тым усё горш, а вось цяпер зусім ужо не запускаецца.

Выгляд у Эла зрабіўся горды, па-даросламу салідны.

— Відаць, у яе бензаправод забіўся, — прамовіў ён. — Я прадзьму яго.

І бацька таксама заганарыўся:

— Эл у гэтых справах разбіраецца.

— Вось за дапамогу я скажу вам дзякуй. Вялікі дзякуй. Не ўмееш паправіць, проста дзіцём сябе адчуваеш. Калі дабяромся да Каліфорніі, куплю добрую машыну. Яна, можа, псавацца не будзе.

Бацька сказаў:

— Калі дабяромся… Не так і лёгка дабрацца туды.

— Затое Каліфорнія! — сказаў Уілсан. — Я бачыў лісткі — там патрэбны людзі на збор фруктаў, і заробкі добрыя. Толькі падумаць! Фрукты збіраеш у цяні дрэў, прыхваткамі ў рот пакладзеш што-небудзь. Ды там, чорт вазьмі, столькі гэтага дабра — хоць аб'ядайся, ніхто табе слова не скажа. А плаціць будуць добра, купім невялікі ўчастак і яшчэ падрабляць будзем на старане. Я ў заклад, чорт вазьмі, іду, што і двух гадоў не міне, як мы прыдбаем свой участак.

Бацька сказаў:

— Мы бачылі гэтыя лісткі. У мяне адзін нават з сабой ёсць. — Ён выняў кашалёк і дастаў з яго складзены папалам аранжавы рэкламны лісток. Чорныя літары гаварылі: «У Каліфорніі Патрабуюцца Зборшчыкі Гароху. Добрая Плата Круглы Год. Патрэбна 800 Чалавек».

Уілсан з цікавасцю паглядзеў на лісток.

— Ага, ага! Я бачыў такі самы. Акурат як той. А як вы думаеце… васемсот чалавек ужо, можа, набралася?

Бацька сказаў:

— Гэта ж толькі ў адной невялікай частцы Каліфорніі. А Каліфорнія ў нас другі па велічыні штат. Дапусцім, у адным месцы васемсот чалавек і набралася. А там шмат такіх месцаў. Мне ўсё роўна дзе фрукты збіраць. Вы ж самі сказалі, працаваць будзем у цяні дрэў. На такую работу і малыя з ахвотай пойдуць.