Раптам Эл падняўся і падышоў да легкавой машыны.
— Сёння ўжо не адрамантуеш, — сказаў Уілсан.
— Вядома. Заўтра з раніцы вазьмуся.
Том ва ўпор паглядзеў на свайго малодшага брата.
— Я таксама пра гэта падумаў, — сказаў ён.
— Пра што вы там, хлопцы? — запытаўся Ной.
Том з Элам маўчалі, чакаючы, што скажа другі.
— Кажы ты, — нарэшце прамовіў Эл.
— Ну, можа, з гэтага нічога не выйдзе, можа, Эл зусім пра іншае думае. А справа вось якая. У нас перагрузка, а містэр і місіс Уілсан едуць без цяжкага грузу. Калі хто-небудзь з нашых перасядзе да іх, а іхнія лягчэйшыя рэчы мы перакладзём на грузавік, тады ў нас і рысоры будуць цэлыя, і пад'ёмы нам не страшныя. Машынай мы з Элам абодва ўмеем кіраваць, значыць, хто-небудзь з нас павядзе легкавую. На дарозе будзем разам трымацца, і ад гэтага нам усім лепш будзе.
Уілсан ускочыў на ногі.
— Вядома, вядома! Мы будзем толькі радыя. Так і зробім. Ты чула, Сэйры?
— Проста цудоўна, — адказала Сэйры. — А мы не наробім вам лішніх турбот?
— Ну што вы, далібог! — сказаў бацька. — Якія турботы? Наадварот, вы нас выручыце.
Уілсан зноў сеў на зямлю, крыху сумеўшыся.
— Не ведаю, як быць.
— Што, раздумалі?
— Разумееце… У мяне ўсяго даляраў трыццаць засталося, і я не хацеў бы быць вам цяжарам.
Маці сказала:
— Вы і не будзеце нам цяжарам. Будзем дапамагаць адзін аднаму, і разам даедзем да Каліфорніі. Сэйры Ўілсан дапамагла мне прыбраць дзеда… — яна раптам змоўкла. Сувязь паміж тым і другім была ўсім зразумелая.
Загаварыў Эл:
— У легкавую свабодна сядзе шэсць чалавек. Скажам, так: я за рулём, місіс і містэр Уілсаны, Разашарна з Коні і бабка. Вялікія рэчы, лягчэйшыя, перакладзём на грузавік. У дарозе будзем мяняцца месцамі. — Ён гаварыў голасна, радуючыся, што з плячэй зваліўся такі клопат.
Астатнія бянтэжліва ўсміхаліся, апусціўшы вочы долу. Бацька правёў кончыкамі пальцаў па пыле. Сказаў:
— Маці наша марыць пра беленькі домік сярод апельсінавых дрэў. Яна бачыла вялікі такі малюнак у календары.
Сэйры сказала:
— Калі я зноў расхварэюся, вы нас не чакайце, едзьце адны. Мы не хочам быць вам цяжарам.
Маці пільна паглядзела на яе і быццам упершыню ўбачыла яе пакутніцкія вочы і змарнелы, змучаны болем твар. І сказала:
— Нічога, даедзеце, мы пра вас паклапоцімся. Вы ж самі сказалі: ад дапамогі нельга адмаўляцца.
Сэйры глянула на свае маршчыністыя рукі, асветленыя агнём вогнішча.
— Трэба класціся спаць. — Яна ўстала.
— А дзед… як быццам ужо год, як ён памёр, — прамовіла маці.
Абедзве сям'і няспешна разышліся класціся спаць, смачна пазяхаючы. Маці спаласнула талеркі і сцерла з іх тлушч мяшком з-пад мукі. Агонь у вогнішчы патух, зоркі нібы апусціліся ніжэй. Легкавыя аўтамашыны толькі зрэдку прабягалі цяпер па шашы, але грузавікі час ад часу з грукатам праносіліся міма, ажно дрыжэла зямля. Абедзве машыны, якія стаялі ў лагчынцы каля дарогі, ледзь віднеліся пры святле зорак. Каля заправачнай станцыі выў прывязаны нанач сабака. Людзі ўгаманіліся і ціха спалі, і асмялелыя палявыя мышы снавалі каля матрацаў. Адна Сэйры Ўілсан не спала. Яна глядзела ў неба і стойка змагалася з болем.
Раздзел чатырнаццаты
Заходнюю тэрыторыю апанаваў неспакой — набліжаюцца перамены. Заходнія штаты затрывожыліся, як коні перад навальніцай. Буйныя ўласнікі занепакоіліся, чуюць: будуць перамены, толькі не ведаюць — якія. Буйныя ўласнікі б'юць па непасрэднай пагрозе: па пашыраным складзе ўрада, па ўсё мацнейшым адзінстве рабочага руху; б'юць па новых падатках, па новых эканамічных планах — не разумеюць, што ўсё гэта вынікі, а не прычыны. Вынікі, а не прычыны. Не прычыны, а вынікі. А прычыны караняцца глыбока, хоць яны і зусім простыя. Прычыны — гэта фізічны голад, памножаны ў мільён разоў; гэта духоўны голад — імкненне да шчасця, да пачуцця ўпэўненасці ў заўтрашнім дні, памножанае ў мільён разоў; гэта імкненне мускулаў і мозгу да росту, да працы, да творчасці, памножанае ў мільён разоў. Канчатковая, ясная функцыя чалавека — працаваць сваімі мускуламі, ствараць сваім мозгам, і не толькі на карысць аднаму сабе — гэта і ёсць чалавек. Пабудаваць сцяну, пабудаваць дом, пабудаваць плаціну, укласці часцінку свайго чалавечага «я» ў гэту сцяну, у гэты дом, у гэту плаціну і ўзяць і сабе што-небудзь ад іх — ад гэтай сцяны, ад гэтага дома, ад гэтай плаціны; умацаваць мускулы цяжкай працай, прылучыцца да яснасці ліній і форм сваіх здзейсненых задум. Бо чалавек — адзінае стварэнне ва ўсім арганічным і неарганічным жыцці прыроды, адзіны аб'ект у сусвеце, які перасягае створанае ім, узнімаецца па прыступках сваіх задум, вырываецца наперад, пакідаючы ззаду ўжо дасягнутае. І вось што трэба сказаць пра чалавека: калі тэорыі мяняюцца ці рушацца, калі філасофскія школы і вучэнні, вузкія завулкі думкі — нацыянальныя, рэлігійныя, эканамічныя — узнікаюць, а потым рассыпаюцца прахам, чалавек, хоць і спатыкаючыся, атрымліваючы жорсткія ўдары, памыляючыся, ідзе наперад і нечага дасягае. Зрабіўшы крок наперад, ён можа адступіць, але толькі на паўкроку і ніколі не зробіць поўнага кроку назад. Вось што можна сказаць, і гэта трэба добра разумець. Гэта трэба разумець, калі з чорных самалётаў падаюць бомбы на людныя рынкі, калі палонных забіваюць, як свіней, калі скалечаныя целы сплываюць крывёю ў гразі і пыле. І вось яшчэ што: калі спыніцца, калі б памерла вострае да болю жаданне ісці наперад, што б там ні было, бомбы не падалі б, глоткі не рэзалі б. Пакуль будуць жывыя ўладальнікі бомбаў, гэты смертаносны груз будзе падаць на моцных духам, і бойся таго часу, калі дух гэты памрэ; пакуль жывуць буйныя ўласнікі, удары будуць сыпацца на тых, хто робіць крок наперад — бойся таго часу, калі памрэ імкненне ісці наперад. Бойся таго часу, калі чалавечае «я» не будзе гатова ісці на пакуты і смерць за ідэю, бо гатоўнасць гэтая — асновы чалавечага «я», адзінае, што робіць чалавека чалавекам.