Выбрать главу

І ўсё ж, сэр, можаце смяяцца, толькі я стаю за «б'юік-п'юік». Даволі добрая машына.

Дык яна ж, халера, цаной, як «зефір», а цягне слабавата.

Ну і няхай. Мне ад гэтага Генры Форда нічога не трэба. Не люблю я Форда. Ніколі не любіў. У мяне брат працаваў у яго на заводзе. Ты б толькі паслухаў, што ён расказваў.

І ўсё-такі «зефір» — сіла!

На шашы вялікія легкавыя аўтамашыны. Стомлена-пяшчотныя, разамлелыя ад гарачыні дамы, вакол іх, як вакол цэнтра прыцяжэння, круціцца безліч аб'ектаў: крэмы, ласьёны, бутэлечкі з фарбамі — чорнай, ружовай, чырвонай, белай, зялёнай, сярэбранай, з іх дапамогай мяняецца колер валасоў, вачэй, губ, пазногцяў, броваў, веек, павек. Рознае семя, алеі, пілюлі — каб добра працаваў страўнік. Сумка з бутэлечкамі, спрынцоўкамі, таблеткамі, прысыпкамі, растворамі, мазямі — каб унікнуць усякай рызыкі пры інтымных зносінах, зняць пахі, засцерагчыся ад нежаданых вынікаў. А яшчэ адзенне… Адна марока!

Маршчынкі стомы вакол вачэй, складкі раздражнення па кутках рота, грузныя грудзі ў цесных ячэйках бюстгальтараў, тугія жываты і клубы пад гумавымі гарсэтамі. Цяжка ловяць спякотнае паветра раты, у пахмурных вачах нялюбасць да сонца, ветру, да зямлі, агіда да ежы, злосць на знямогу, нянавісць да самога часу, які рэдка калі маладзіць, а старыць — заўсёды.

Побач з жанчынамі кароткія пузатыя мужчыны ў светлых касцюмах і панамах — чысценькія ружовыя мужчыны з неспакойнымі, разгубленымі вачамі, поўнымі трывогі. Ім неспакойна таму, што не працуюць прывычныя формулы: яны прагнуць бяспекі, але адчуваюць, што яна знікае з твару зямлі. На лацканах пінжакоў у іх значкі розных суполак і клубаў — тых месцаў, куды можна пайсці і ў натоўпе такіх жа занепакоеных чалавечкаў пераканаць сябе, што камерцыя — занятак высакародны, а не асвячонае рытуалам зладзейства; што яны шчодрыя і дабрачынныя, часта нават сабе ў шкоду, насуперак прынцыпам камерцыі; што жыццё ў іх паўнацэннае, а не ўбогая і стомная руціна; і што блізкі ўжо той час, калі нічога ім не будзе страшна.

Гэта сямейная пара таксама едзе ў Каліфорнію; там, у холе галівудскага гатэля «Беверлі Ўілтмар» яны з зайздрасцю будуць глядзець на людзей, будуць пазіраць на горы — вы разумееце, на горы! — і на высокія дрэвы, ён з ранейшым неспакоем у вачах, а яна — з апаскай, каб сонца не апаліла скуру. Будуць пазіраць на Ціхі акіян, і стаўлю сто тысяч супраць нічога, што ён скажа: «Я думаў, ён большы». А яна будзе кідаць зайздрослівыя позіркі на круглявыя маладыя дзявочыя целы на пляжы. Яны едуць у Каліфорнію толькі дзеля таго, каб потым, вярнуўшыся дамоў, сказаць: «Такая вось і такая сядзела ў Тракадэра побач з намі, за суседнім столікам. Ну і страшыдла! Але апранаецца з густам». А ён скажа: «Я там гутарыў з саліднымі дзелавымі людзьмі. Яны лічаць, што пакуль мы не збавімся ад гэтага тыпа ў Белым доме, дабра не чакай». І яшчэ: «Ад аднаго дасведчанага чалавека я чуў, што ў яе сіфіліс. Яна здымалася ў фільмах братоў Уорнераў. Кажуць, спала з кім папала, абы ролю атрымаць. Што ж, знайшла, чаго шукала». Але ўстрывожаныя вочы ўсё роўна не ведаюць спакою, надзьмутыя губы не ведаюць радасці. Вялікая легкавая машына імчыцца з хуткасцю шэсцьдзесят міль у гадзіну.

Я выпіла б чаго-небудзь халодненькага.

Вунь наперадзе нешта віднеецца. Спыніцца?

Думаеш, у іх чыста?

Не брудней, чым дзе ў іншым месцы ў гэтым богам забытым краі.

Ну, бутэльку содавай, я думаю, можна.

Вялікая машына скрыгоча тармазамі і спыняецца. Неспакойны таўстун дапамагае жонцы вылезці з кабіны.

Калі яны ўваходзяць, Мэй глядзіць спярша на іх, потым паўз іх. Эл на імгненне адрывае вочы ад пліты. Мэй ведае, што будзе далей. Яны вып'юць бутэльку содавай за пяць цэнтаў і бурчліва паскардзяцца, што вада цеплаватая. Жанчына скамечыць шэсць папяровых сурвэтак і кіне на падлогу. Мужчына папярхнецца і зваліць віну на Мэй. Жанчына пачне прынюхвацца, быццам пачула пах тухлага мяса, а пасля яны пойдуць і да канца сваіх дзён будуць усім гаварыць, што народ на Захадзе няветлы. А Мэй, зноў застаўшыся адна з Элам, падбярэ ім адпаведнае слоўца — абзаве іх задрыпамі.

Вадзіцелі грузавікоў — гэта людзі!

— Вось едзе вялікі грузавы фургон. Добра было б, каб яны тут спыніліся — адаб'юць пах гэтых смярдзючак. Калі я працавала ў вялікім гатэлі ў Альбукерку — як яны кралі, Эл! Бралі ўсё, што дрэнна ляжыць. І чым больш шыкоўныя ў іх машыны, тым яны болей крадуць — ручнікі, сталовае срэбра, мыльніцы. Проста розуму не дабяру — навошта.

А Эл змрочна:

— А як, па-твойму, адкуль у іх такія машыны і гэтулькі дабра? Што, можа, нарадзіліся з усім гэтым? А ў цябе ніколі нічога не будзе.