Жуючы на поўны рот торт, Вялікі Біл глянуў праз зацягнутае сеткай акно на шашу.
— Ну вось, прывязвай сваё дабро мацней. Здаецца, едуць сюды.
З шашы стомлена збочыў «нэш» выпуску 1926 года. Задняе сядзенне ў яго было высока завалена мяхамі, рондалямі і патэльнямі, а на самым версе, амаль упіраючыся макаўкамі ў дах, сядзелі два хлопчыкі. На даху ляжалі прывязаныя да яго матрац і палатка, слупкі ад яе былі прымацаваны да падножкі. Машына пад'ехала да бензінавых помпаў і спынілася. З кабіны вылез цёмнавалосы чалавек з вострым скуластым і насатым тварам. Абодва малыя ссунуліся з паклажы на зямлю.
Мэй абагнула стойку і стала ў дзвярах. На чалавеку былі шэрыя шарсцяныя штаны і сіняя кашуля, пацямнелая ад поту на спіне і пад пахамі. На хлопчыках — камбінезоны на голае цела, патрапаныя, залатаныя. Валасы ў малых былі светлыя, стрыжаныя «пад вожык» і тырчалі, як шчаціна. Твары ў брудных плямах. Дзеці адразу пабеглі да лужыны пад водаправодным шлангам і засунулі пальцы босых ног у гразь.
Чалавек запытаўся:
— У вас можна вады ўзяць, мэм?
Цень нездавальнення мільгануў на твары Мэй.
— Пэўна ж, налівайце, — адказала яна і ціха кінула цераз плячо: — Я пасачу за шлангам. — Яна глядзела, як чалавек няспешна адкручваў каўпачок радыятара і ўсунуў у адтуліну наканечнік шланга.
Бялявая жанчына, што сядзела ў кабіне, сказала:
— Спытайся, можа, тут дадуць.
Чалавек выняў шланг з радыятара і прыкруціў каўпачок. Хлопчыкі ўзялі з рук бацькі шланг, павярнулі яго наканечнікам угору і пачалі прагна піць. Чалавек зняў з галавы цёмны запэцканы капялюш, падышоў да драцяных дзвярэй бара і стаў перад імі з нейкім дзіўным, прыніжаным выглядам.
— Ці не прадасце нам буханку хлеба, мэм?
Мэй адказала:
— Тут не бакалейная крама. Хлеб у нас ідзе на сандвічы.
— Ведаю, мэм. — У яго прыніжанасці адчувалася ўпартасць. — Нам трэба хлеб, а да крамаў, кажуць, ехаць яшчэ і ехаць.
— Прадасі, і сама без нічога застанешся. — У голасе Мэй прагучала нотка нерашучасці.
— Мы галодныя, — сказаў чалавек.
— Дык чаму ж не купіце сандвічаў з катлетамі?
— Мы б радыя купіць гамбургеры, мэм. Ды не можам. Нам трэба абысціся дзесяццю цэнтамі на ўсіх. — І, сумеўшыся, чалавек дадаў: — Грошы зусім канчаюцца.
Мэй сказала:
— За дзесяць цэнтаў буханкі хлеба не купіш. У нас толькі па пятнаццаць.
Ззаду буркнуў Эл:
— Госпадзі, Мэй, дай ім хлеба.
— Да прывозу самім можа не хапіць.
— І няхай не хопіць, чорт з ім, — сказаў Эл і пахмурна глянуў на бульбяную салату, якую ён перамешваў.
Мэй паціснула круглявымі плячамі і азірнулася на шафёраў, нібы кажучы: бачыце, як бывае.
Яна адчыніла дзверы, і чалавек увайшоў, уносячы з сабой пах поту. Следам за ім у бар шмыгнулі хлапчукі і адразу пайшлі да прылаўка з цукеркамі — утаропіліся на іх, але ў вачах у іх не загарэлася ні прага, ні надзея, ні нават жаданне іх пакаштаваць, а было толькі здзіўленне, што ёсць такія рэчы на свеце. Хлопчыкі былі аднаго росту і на адзін твар. Адзін з іх стаяў, паскрэбваючы пальцамі нагі брудную шчыкалатку. Другі раптам нешта шапнуў яму на вуха, і абое ўсунулі рукі ў кішэні, і тонкую сінюю тканіну іх камбінезонаў адтапырылі сціснутыя ў кулакі далоні.
Мэй высунула шуфляду і выняла адтуль буханку хлеба ў васкаванай паперы.
— Вось за пятнаццаць цэнтаў.
Чалавек зноў надзеў капялюш і сказаў усё гэтак жа прыніжана:
— А ці нельга… Можа, вы адрэжаце на дзесяць цэнтаў?
Эл сярдзіта рыкнуў:
— Госпадзі, Мэй! Аддай ім усю.
Чалавек павярнуўся да Эла:
— Не, нам трэба толькі на дзесяць цэнтаў. Даводзіцца ўсё дакладна разлічваць, містэр, інакш не дабяромся да Каліфорніі.
Мэй пакорліва прамовіла:
— Бярыце ўсю за дзесяць цэнтаў.
— Гэта ж як рабаваць вас, мэм.
— Бярыце. Раз Эл сказаў, бярыце. — Яна пусціла па стойцы загорнуты ў васкаваную паперу хлеб. Чалавек дастаў з задняй кішэні скураны капшук, развязаў шнуркі і раскрыў яго. Капшук быў туга набіты сярэбранымі манетамі і залапанымі грашовымі паперкамі.
— Вам, відаць, дзіўна, што я так скуплюся, — выбачлівым тонам сказаў ён. — Але наперадзе ў нас яшчэ тысяча міль дарогі, і невядома, ці дабяромся яшчэ. — Ён пакорпаўся ўказальным пальцам у капшуку, намацаў дзесяціцэнтавую манету і выцягнуў яе. Калі паклаў на стойку, убачыў, што выпадкова прыхапіў яшчэ адзін цэнт. Ён хацеў ужо схаваць яго назад у капшук, але раптам позірк яго ўпаў на хлопчыкаў, што застылі перад прылаўкам з цукеркамі. Ён паволі падышоў да іх, паказаў пальцам на доўгія палачкі ледзянцоў пад шклом у паласатых абгортках. — Гэтыя — цэнт за штуку, мэм?