Выбрать главу

Мэй нахілілася і глянула пад шкло.

— Якія?

— Вось гэтыя, паласатыя.

Малыя паднялі на яе вочы і перасталі дыхаць — замерлі, крыху раскрыўшы раты і напружыўшы паўголыя цельцы.

— Гэтыя? Не. Яны на цэнт пара.

— Дык дайце дзве штучкі, мэм. — Чалавек беражліва паклаў медную манетку на прылавак. Хлопчыкі ледзь чутна перавялі дух. Мэй дастала два мятныя ледзянцы.

— Бярыце, — сказаў бацька дзецям.

Хлопчыкі нясмела працягнулі рукі, узялі па адной ледзянцовай палачцы і апусцілі ўніз, не кінуўшы на іх позірку. Але зірнулі адзін на аднаго, куточкі іх губ ледзь варухнуліся ад бянтэжлівай усмешкі.

— Дзякуй вам, мэм. — Чалавек узяў бохан і выйшаў за дзверы; хлопчыкі неяк ненатуральна чынна пайшлі следам, і кожны прыціскаў да нагі доўгую цукерку ў абгортцы з чырвонымі палоскамі. А ў машыне яны, як бурундукі, скокнулі з пярэдняга сядзення на самы верх паклажы і зашыліся, як у норку, сярод клункаў.

Чалавек сеў у машыну, завёў матор, і лядашчы «нэш», равучы і выпусціўшы клуб масляністага дыму, уз'ехаў на шашу і пакіраваў на захад.

З бара глядзелі яму ўслед абодва шафёры, Мэй і Эл.

Вялікі Біл павярнуўся да Мэй.

— Такія ледзянцы каштуюць не цэнт за пару, — сказаў ён.

— А табе што? — агрызнулася Мэй.

— Ім цана кожнаму пяць цэнтаў.

— Ну паехалі, — сказаў другі вадзіцель. — А то час трацім.

Абодва палезлі ў кішэню. Біл кінуў на стойку манету, другі шафёр, глянуўшы на яе, зноў палез у кішэню і паклаў сваю манету побач. Потым яны павярнуліся і пайшлі да дзвярэй.

— Бывай, — сказаў Біл.

Мэй аклікнула іх:

— Гэй! Пачакайце! Рэшту вазьміце.

— Ідзі ты к чорту, — сказаў Біл, і сеткаватыя дзверы бразнулі за ім.

Мэй глядзела, як вадзіцелі садзіліся ў вялікую грузавую машыну, як яна з грукатам цяжка кранулася з месца, потым, заскрыгатаўшы перадачамі і набраўшы газ, пайшла сваёй звычайнай рэйсавай хуткасцю.

— Эл… — ціха паклікала Мэй.

Повар адвёў вочы ад катлеты, якую ён спляскваў лапаткай, збіраючыся абкласці яе васкаванымі паперкамі.

— Што там у цябе?

— Зірні сюды, — яна паказала на грошы, што ляжалі каля кубкаў, — дзве манеты па паўдаляра.

Эл падышоў да стойкі, глянуў на іх і вярнуўся да сваіх гамбургераў.

— Вадзіцелі грузавікоў, — паважліва прамовіла Мэй, — гэта вам не задрыпы.

Мухі раз-пораз натыкаліся на драцяныя сеткі і з гудзеннем адляталі прэч. Кампрэсар халадзільніка павуркатаў і сціх. Па шашы № 66 міма бара са зласлівым віскам праляталі машыны — і грузавыя, і зграбныя абцякальныя легкавыя, і нехлямяжыя драндулеты; і ўсе пранізліва вішчалі. Мэй сабрала талеркі і счысціла з іх у вядро крошкі ад торта. Потым узяла мокрую анучу і пачала кругамі выціраць стойку. А вочы яе былі прыкаваныя да шашы, па якой віхрам праносілася міма жыццё.

Эл выцер рукі аб фартух і паглядзеў на паперку, прышпіленую да сцяны над плітой. На ёй былі нейкія кропкі — радкамі ў тры слупкі. Эл падлічыў самы доўгі радок. Тады пайшоў уздоўж стойкі да касы, націснуў на кнопку «Выкл.» і ўзяў з высунутай шуфлядкі жменю манет па пяць цэнтаў.

— Што ты там робіш? — запыталася Мэй.

— Трэці павінен ужо хутка выплаціць, — сказаў Эл. Ён падышоў да трэцяга гульнёвага аўтамата і пачаў апускаць у яго проразь манеты; пасля таго як у машыне пяты раз закруціліся нейкія колцы, у акенцы паявіліся тры палоскі, і ў коўшык высыпаўся галоўны выйгрыш. Эл згроб манеты жменяй і вярнуўся да стойкі, кінуў грошы ў шуфлядку касы і замкнуў яе. Потым вярнуўся да пліты і закрэсліў на паперцы самы доўгі радок. — Да трэцяга часцей за ўсё падыходзяць, — сказаў ён. — Можа, іх месцамі памяняць? — Ён падняў накрыўку і пачаў памешваць у рондалі, дзе тушылася мяса.

— І што яны будуць рабіць у Каліфорніі? — сказала Мэй.

— Хто?

— Ды гэтыя, ну што толькі што да нас заязджалі.

— Аднаму богу вядома, — адказаў Эл.

— Думаеш, знойдуць там працу?

— Я адкуль ведаю?

Мэй паглядзела на шашу.

— Едзе грузавік з прычэпам. Ці спыніцца тут? Няхай бы спыніўся.

І калі грузавік цяжка з'ехаў з шашы і стаў каля бара, Мэй зноў схапілася за сваю анучку і працерла з канца ў канец усю стойку. Хуценька правяла ёю разы два па бліскучай кававарцы і крыху больш адкруціла вентыль газавага балона. Эл паклаў перад сабой некалькі невялікіх рэпак і пачаў іх абіраць. Мэй адразу павесялела, калі адчыніліся дзверы і ў бар увайшлі два шафёры ў аднолькавым форменным адзенні.

— Хэло, сястрычка!