Маці не зводзіла вачэй з разрумяненага твару дачкі, з цікавасцю сачыла, як расце гмах яе планаў.
— Нам не хацелася б вас адпускаць, — сказала яна. — Сям'ю разбіваць нядобра.
Эл фыркнуў:
— Гэта каб я пайшоў працаваць на Коні? Можа, Коні на мяне папрацуе? Думае, акрамя яго, такога малайца, ніхто вечарамі вучыцца не здольны.
Маці раптам зразумела, што ўсё гэта адны мары. Яна зноў перавяла позірк на дарогу, села вальней, але слабая ўсмешка ў вачах згасла не адразу.
— Каб хоць ведаць, як бабка сябе адчувае, — праз нейкі час сказала яна.
Эл мацней абхапіў абаранак руля — у маторы пачуўся слабы стук. Ён даў большую скорасць, і стук зрабіўся гучнейшы. Тады ён перавёў запальванне на больш позняе, прыслухаўся, зноў прыбавіў скорасць і зноў прыслухаўся.
Стук перайшоў у металічны ляскат. Эл націснуў на сігнал і з'ехаў на край шашы. Грузавік наперадзе спыніўся і паволі даў задні ход. Паўз іх на захад прамчаліся тры легкавыя машыны, і кожная пасігналіла, а вадзіцель апошняй крыкнуў, высунуўшыся з акенца:
— Дзе ты стаў, чорт!
Том падвёў грузавік зусім блізка, вылез і пайшоў да машыны Эла. Усе, хто сядзеў на паклажы ззаду грузавіка, павярнуўшы галовы, пазіралі ўніз. Эл зноў пераставіў запальванне і прыслухаўся да матора, які працаваў на халастых абаротах.
— Ну што там у цябе? — запытаўся Том.
Эл прыбавіў абароты.
— Вось паслухай.
Заляскатала яшчэ мацней. Том прыслухаўся.
— Дай ранняе запальванне і збаў абароты, — сказаў ён, падняў капот і ўсунуў пад яго галаву. — Цяпер дай газу. — Ён зноў прыслухаўся і апусціў капот. — Так, здаецца, твая праўда, Эл.
— Шатунны падшыпнік?
— Па гуку падобна на тое, — адказаў Том.
— Я масла не шкадаваў, — недаўменна прамовіў Эл.
— Значыць, яно не даходзіць. Перасохла ўсё к чорту! Нічога не зробіш, трэба мяняць. Я праеду крыху наперад, знайду роўнае месца для стаянкі. А ты цішэй едзь. Не гані, а то зусім кардан сапсуеш.
Уілсан запытаўся:
— Кепскія справы?
— Радасці мала, — адказаў Том, вярнуўся да грузавіка і паволі паехаў наперад.
Эл не мог супакоіцца:
— Розуму не дабяру, чаму такое здарылася. Масла я падаваў удосталь. — Але ён ведаў, што вінаваты. Сам адчуваў, што даў маху.
Маці сказала:
— Віна не твая. Ты ўсё рабіў як след. — І нясмела папыталася: — Што-небудзь сур'ёзнае?
— Туды цяжка дабрацца, і трэба дастаць недзе новы падшыпнік ці гэты заліць бабітам. — Ён глыбока ўздыхнуў. — Добра, што Том тут. Я падшыпнікаў яшчэ ніколі не рамантаваў. Адна надзея на Тома.
Наперадзе збоч дарогі стаяў вялізны чырвоны рэкламны шчыт, ад якога падаў на зямлю шырокі доўгі цень. Том звярнуў машыну з шашы, пераехаў неглыбокі кювет і спыніў грузавік у цяні. Потым вылез з кабіны і стаў чакаць Эла.
— Цішэй, цішэй! — крыкнуў яму Том. — Не гані, вядзі асцярожна, а то яшчэ і рысору зламаеш.
Эл пачырванеў ад злосці і заглушыў матор.
— Ідзі ты к чорту! — крыкнуў ён. — Я падшыпніка не расплаўляў. А ты яшчэ кажаш — «і рысору зламаеш»!
Том ашчэрыўся ўсмешкай:
— Во завёўся. Я нічога такога сказаць не хацеў. Проста каб ты цераз кювет цішэй ехаў.
Асцярожна ведучы машыну па схілах кювета, Эл бурчаў:
— Яшчэ каму-небудзь у галаву ўваб'еш, што па маёй віне падшыпнік паляцеў. — Стук у маторы перайшоў ужо ў грукат. Эл накіраваў машыну ў цень і выключыў запальванне.
Том падняў капот і замацаваў яго.
— Пакуль не астыне, пачынаць нельга, — сказаў ён.
Усе пасажыры павылазілі з машын і збіліся ў кучку каля легкавушкі.
Бацька запытаўся:
— Вельмі сур'ёзна? — і прысеў на кукішкі.
Том павярнуўся да Эла:
— Калі-небудзь шатунныя падшыпнікі мяняў?
— Не, — адказаў Эл. — Ніколі не даводзілася. Але паддон знімаў.
Том сказаў:
— Трэба зняць паддон, потым шатун, раздабыць новы падшыпнік, падкласці пракладкі і падагнаць. Працы на цэлы дзень. Па падшыпнік давядзецца з'ездзіць назад у Санта-Росу. Да Альбукерка міль семдзесят пяць, не меней… А чорт, заўтра ж нядзеля! Нідзе нічога заўтра не купіш. — Усе маўчалі. Руці праціснулася да самай машыны і пільна ўзіралася пад адкінуты капот, стараючыся ўбачыць зламаную дэталь. Том ціха гаварыў: — Заўтра нядзеля. У панядзелак купім, а рамонт скончым, відаць, не раней як у аўторак. Без патрэбнага інструменту цяжка давядзецца. Работка яшчэ тая.