— А мне што рабіць?
— Пакуль што нічога. Сцячэ масла, я выкручу балты, і ты паможаш мне апусціць паддон. — Том зусім запоўз пад машыну, аслабляючы балты развадным ключом і выкручваючы іх пальцамі. Бакавыя балты ён адкруціў не да канца, каб паддон не зваліўся. — Зямля тут, пад машынай, яшчэ гарачая, — зазначыў Том і запытаўся: — Што гэта ты, Кейсі, апошнія дні такі маўклівы стаў? Чаму? Калі мы з табой першы раз стрэліся, ты ледзь не кожныя паўгадзіны прамовы гаварыў. А за гэтыя два дні і дзесяці слоў не вымавіў. Што з табой — занудзіўся?
Кейсі ляжаў на жываце, зазіраючы пад машыну. Зарослы рэдкай шчэццю падбародак апіраўся на тыльны бок рукі. Капялюш ссунуўся на патыліцу, прыкрыўшы ззаду шыю.
— Я на ўсё жыццё нагаварыўся, як быў прапаведнікам, — сказаў ён.
— Ну так, але ж часам ты слушна гаварыў.
— Я ўвесь растрывожаны, — сказаў Кейсі. — Калі быў прапаведнікам, я надта не задумваўся, а цяпер вось дайшло: здорава распуснічаў я тады. А цяпер, раз я не буду больш прапаведаваць, мне трэба ажаніцца. Ведаеш, Томі, вельмі ўжо кроў зайграла.
— У мяне таксама, — сказаў Том. — У той дзень, як я выйшаў з Макалестара, я проста дыміўся. Падчапіў нейкую дзеўку, шлюху. Што потым было, табе не скажу. Гэтага я нікому сказаць не магу.
Кейсі засмяяўся:
— Што было потым, я ведаю. Неяк раз я адышоў у пустыню папасціцца, а калі выйшаў, са мной тое самае было.
— Чорт ведае што! — сказаў Том. — Грошай я не патраціў ні цэнта, але дзеўцы той здорава дасталося. Відаць, падумала, я чокнуты. Трэба было, безумоўна, заплаціць. Толькі ў мяне за душой нічога не было, акрамя пяці зялёненькіх. Яна сказала, што грошай ёй не трэба. Ну, залазь сюды, трымай. Зараз я яго выслабаню. Ты адкруці вось гэты болт, а я той, што з майго боку, тады пойдзе лёгка. Асцеражней з пракладкай. Цяпер увесь цалкам і выйдзе. Стары «додж» — усяго чатыры цыліндры. Ужо раз неяк такі разбіраў. Карэнныя падшыпнікі вялізныя, як мускатныя дыні. Ну апускай… мацней трымай. Прасунь руку, там пракладка задзёрлася… лягчэй. Ну вось! — Замаслены паддон ляжаў між імі на зямлі, і ў карытцах яго яшчэ заставалася крыху масла. Том выняў з аднаго карытца кавалак бабіту. — Вось, — сказаў ён і пакруціў абломак пальцамі. — Вал стаіць каленам угору. Там, ззаду, у машыне завадная ручка, вазьмі яе. Пакруці, пакуль я не крыкну.
Кейсі падняўся, знайшоў завадную ручку і прыладзіў да матора.
— Ну, можна?
— Давай крутні… цішэй… яшчэ трохі… яшчэ крышачку, ага, вось… Хопіць.
Кейсі апусціўся на калені і зазірнуў пад машыну. Том пабразгаў шатунным падшыпнікам па каленчатым вале.
— Так яно і ёсць.
— А чаму, па-твойму, гэта здарылася? — пацікавіўся Кейсі.
— Чорт яго ведае. Драндулет гэты гадоў ужо трынаццаць па дарогах бегае. На спідометры шэсцьдзесят тысяч міль накручана. Значыць, на самай справе тысяч сто шэсцьдзесят — колькі разоў лічбы назад пераводзілі, аднаму богу вядома. Моцны перагрэў — можа, хто з маслам недагледзеў ці яго проста не хапіла. — Том выцягнуў шплінты і захапіў ключом адзін з балтоў, што трымалі падшыпнік. Рэзка павярнуў ключ, і ён сарваўся з галоўкі балта. На тыльным баку рукі з'явіўся доўгі і глыбокі парэз. Том глянуў на ранку — з яе выступіла кроў і, змешваючыся з маслам, закапала ў паддон.
— Дрэнь справа, — сказаў Кейсі. — Дай я буду адкручваць балты, а ты чым-небудзь рану завяжы.
— А, дробязь! Яшчэ ніколі не бывала, каб я разок не параніўся, калі з машынай важдаюся. Цяпер ужо больш няма чаго баяцца. — Том зноў прыладзіў ключ. — Шкада, тарцовага няма, — сказаў ён і, пастукваючы асновай далоні па дзяржанні ключа, адзін за адным аслабіў усе балты на падшыпніку, выцягнуў іх і паклаў у паддон разам са шплінтамі і балтамі ад паддона. Зняў шатун з поршнем і таксама паклаў у паддон. — Ну, дзякуй богу! — Том вылез з-пад машыны, абцёр руку аб мешкавіну і агледзеў рану. — Свішча, сволач! — сказаў ён. — Зараз спынім. — Ён памачыўся, згроб з зямлі жменю мокрага пяску і прыклаў да раны. Неўзабаве кроў спынілася. — Лепшага сродку спыніць кроў няма, — сказаў Том.